SAVE-фільтр

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна зразумець вартасць. 

 

Мысліць крытычна гэта значыць умець працаваць з інфармацыяй. Банальшчына! Умець адрозніць праўду ад маны, умець дакладна вызначыць, каму верыць, у чым і на колькі... Кожны перакананы ў сваіх аналітычных здольнасцях. Але мы не нараджаемся з гэтым. 

Мысліць крытычна, заўсёды захоўваць здаровы скептыцызм, не баяцца задаваць любыя пытанні (у першую чаргу сабе) гэта навык, якому трэба вучыцца, як хадзіць або размаўляць. І як любы кагнітыўны навык яго трэба штодзённа адточваць дзеля дасканалай тэхнікі. 

Штодзённа.
Іначай ён знікае. 

 

Калі ты не вучыўся мысліць крытычна, значыць ты не ўмееш гэта рабіць.
Нельга ўмець тое, чаму ты не вучыўся.

 

Мы распрацавалі адмысловы SAVE-фільтр. Гэта інструмент, які дапаможа абараніць свядомасць ад маны, прапаганды, фэйкаў і ненаўмысных журналісцкіх памылак, якіх стала надта шмат у медыяпрасторы. Гэта не панацэя, але вельмі добрая база для першаснай крытычнай ацэнкі інфармацыі любога кшталту. 

 


SAVE – гэта абрывіятура.

S

Sourse/Крыніца

Адкуль інфармацыя? Ці можна ёй давяраць?

A

Arguments/Аргументы

Што хочуць каб ты прыняў на веру? Якія доказы і аргументы?

V

Verification/Верыфікацыя 

Ці можна спраўдзіць якасць крыніц і аргумэнтаў?

 

E

Emotions/Эмоцыі 

Ці няма ў інфармацыі апеляцыі да эмоцый?

 

Ніжэй пра кожную са складовых SAVE-фільтру падрабязней.

 

S – source – крыніца. Хто гэта сказаў? 

Ці памятаеш ты крыніцу? Калі памятаеш, якая рэпутацыя ў крыніцы? Ці быў названы аўтар? Часта падказкай пра якасць крыніцы выступаюць фармальныя прыкметы: дызайн, загалоўкі, якасць рэкламы або ейная адсутнасць. Пэўна, ня трэба тлумачыць, што тэкст пад крыклівым эмацыйным загалоўкам, які прэтэндуе на сэнсацыйнасць, змешчаны на сайце з даменным імём трэцяга парадку сярод нагрувашчэння кантэкстнай рэкламы самай нізкай якасці, без аўтарства і якіх-колечы кантактаў рэдакцыі павінен выклікаць самыя вялікія сумнівы ў сваёй вартасці нават без прачытання. 

 

А – arguments. Што хочуць каб ты прыняў на веру? 

У рыторыцы сцверджанне, справядлівасць якога трэба давесці, называецца “тэза”. Тэза даводзіцца аргументамі — іншымі сцверджаннямі, з якімі аўдыторыя згодная і якія не з'яўляюцца спрэчнымі. Ці згодны ты з прапанаванай аргумэнтацыяй? Ці ёсць яна — аргументацыя — ўвогуле? Ты не абавязаны з усім пагаджацца. Неаргументаваная тэза — гэта беспадстаўнае сцверджанне. Вартасць такога сцверджання роўная нулю.

V – verification – верыфікацыя. Ці можна спраўдзіць: 

імя аўтара матэрыялу, выходныя дадзеныя выдання, кантакты рэдакцыі, статыстыку ды іншыя лічбы, прыведзеныя ў матэрыяле, назвы зазначаных інстытутаў і ўстаноў, імёны, пасады, званні, дакументы?.. Ці пацвярджаюць інфармацыю іншыя крыніцы? 

Верыфікацыя патрабуе часу, але яно вартае таго. 

Спачатку ты прымаеш інфу і тым самым убудоўваеш яе ў свой светапогляд. Пасля на гэтай базе ты плануеш свае дзеянні і прагназуеш іхнія наступствы. Затым робіш канкрэтныя ўчынкі. Калі інфармацыя была хібнай, хібнымі будуць і ўчынкі. Але вінаваты ў гэтым будзеш ты сам. Бо не захацеў падумаць сваёй галавой. Зразумей, нікому няма справы да адэкватнасці тваёй карціны свету. Гэта толькі твой клопат. 

Е – emotions – эмоцыі. Ці не штурхае аўтар да эмацыйнай рэакцыі на пададзеную інфармацыю? 

Дзе пануюць эмоцыі розум — спіць. 

Ёсць такая рэч, як эмацыйнае мысленне. Гэта значыць кіравацца не рацыянальнымі развагамі, а эмоцыямі. 

Натуральна, нельга стаць цалкам безэмацыйным — гэта супярэчыць прыродзе чалавека. Але сачыць за лагічнасьцю, паслядоўнасцю і канструктыўнасцю ўласных развагаў у стане кожны. Нават у крытычных сітуацыях. Калі ж аўтар матэрыялу правакуе эмацыйную рэакцыю — гэта першая прыкмета маніпуляцыі. Так, бываюць эмацыйныя публіцыстычныя тэксты, але трэба разумець, што гэта аўтарскі, у пэўнай ступені мастацкі твор. Якасны журналісцкі матэрыял, тым болей навінасны, эмоцый утрымліваць не павінен.



SAVE — гэта база, аснова крытычнага падыходу да аналізу інфармацыі. Чатыры словы: крыніца, аргументы, верыфікацыя, эмоцыі. 

 


Надрукуй іх вялікімі літарамі і павесь на бачным месцы. Прагані праз фільтр дзесяць-пятнаццаць спрэчных навінасных паведамленняў са сваёй сацыяльнай сеткі (а лепей з тэлевізара). Чым больш разоў ты гэта паўторыш, тым лепей. Гэта трэба для таго, каб ты засвоіў алгарытм, запомніў паслядоўнасць базавых пытанняў. 

Увядзі прапусканне інфармацыі праз гэты фільтр у звычку і ў хуткім часе ты зразумееш наколькі табе гэтага не хапала.