Чаму шкодна глядзець палітычныя ток-шоў

Кожнаму трэба адказы на пытанні. Арыентыровачны рэфлекс патрабуе, каб мы разумелі, што адбываецца. Гэтая прыродная цікаўнасць — аснова папулярнасці ў тым ліку і палітычных ток-шоў. З прычыны татальнай адсутнасці часу мы ня можам сур'ёзна займацца сацыяльна-палітычнымі пытаннямі, але мы нязменна імі цікавімся, застаючыся неад'емнай часткай як соцыюму, так і палітыкі. Мы ня можам сабе дазволіць ня ведаць, што адбываецца.


Сярэдні жыхар вялікага гораду і праўда вельмі заняты: 8 гадзін ён працуе, 2 гадзіны траціць на дарогу, 1 гадзіну стаіць у чэргах, 4-6 гадзін аддае тэлевізару, дзецям ды іншым хатнім клопатам, рэшта — на сон. Часу параскінуць мазгамі над лёсамі свету практычна не застаецца. Горш за тое, у звычайнага абываталя адсутнічае і сам навык аналітычнай працы. У школе ж гэтаму ня вучаць... Невысокі IQ і праца, не звязаная з напружаннем мозгу, яшчэ больш пагаршае сітуацыю. Такім чынам, ісціны, што кладуцца на вушы тэлегледачоў тлустымі локшынамі, настоеныя на сацыяльным канфармізме, прасякнутыя таксічным але салодкім парахіяльным альтруізмам ды аздобленыя вобразам ворага, успрымаюцца на «ура».

 

Патрабуецца доўгі шлях асэнсавання ўласнай прынцыповай інтэлектуальнай недасканаласці перш як пачнеш разумець, што чэрпаў адказы на пытанні ня там

 

Шкода ад скрыні

Для пачатку пару слоў пра тое, чаму ўвогуле трэба быць скептычна настроеным у дачыненні тэлевізара.

Па-першае, тэлевізар марнуе час. Куча рэкламы і кантэнт, зроблены па прынцыпе «піпл хавае», на выбар якога можна паўплываць толькі пераключэннем каналу, — гэта не тое, што робіць цябе разумнейшым.

Па-другое, тэлевізар вядзе да інфармацыйнай перадазіроўкі. Безупыннае спажыванне інфармацыі ніяк не спрыяе ейнаму крытычнаму асэнсаванню. Калі ж гэтая інфармацыя паходзіць з такой аўтарытэтнай крыніцы як дзяржаўны тэлеканал, то і казаць няма пра што. Размовы пра інфармацыйную дыету вядуцца ўжо даўно, бо інтэлектуальнае атлусценне — гэта наўпростае наступства злоўжывання тэлевізійным фастфудам.

Па-трэцяе, тэлевізар атупляе. Менавіта няздольнасць да аналітычнага мыслення ператварае абываталя ў мэтавую аўдыторыю нашых палітычных ток-шоў. Механіка простая: чым больш часу ты нешта робіш, тым лепш ты гэта ўмееш. Адзінае, што ад цябе патрабуе тэлевізар — глядзець і слухаць. Усё. У выніку 2-3 гадзіны ў дзень ты трэнуешся ўспрымаць інфармацыю. То бок да 21 гадзіны на тыдзень ты можаш проста сядзець і глядзець, Карл! Калі б гэты час быў патрачаны на самастойнае фармуляванне пытанняў, пошук на іх адказаў, працу з крыніцамі ды іхнюю ацэнку, крытычны разгляд гіпотэз і ўласных высноў... мы бы жылі ў іншай краіне.

 

У ідэале ўвогуле ня мець гэтага прадмета, тэлевізара, ў гаспадарцы

 

Шкода ад палітычных ток-шоў

Каб зразумець, што з сябе ўяўляе палітычнае ток-шоў, дастаткова разок на ім пабываць. Ці хаця бы пачытаць, як гэты медыякантэнт ствараецца.
Магчымасць пабачыць усё на ўласныя вочы даступная рэдкім «лёсікам», таму разгледзім пытанне тэарэтычна. Зрэшты, калі «лёсік» ужо ідэалагічна падрыхтаваны, то ніякага дысанансу ён і не адчуе.

Дзяржзамова

На постсавецкай прасторы, за невялікім выключэннем, СМІ знаходзяцца пад сур'ёзным кантролем структур, якія сціпла мянуюць сябе «усенароднаабраная легітымная ўлада». Гэтыя структуры імкнуцца манапалізаваць тэлевізійны кантэнт кшталту палітычных ток-шоў ды іншых квазі інтэлектуальных праектаў сацыяльнай скіраванасці, бо ў вачах гледачоў усё гэта выглядае вельмі салідна і выклікае давер. Асабліва калі відовішча зроблена якасна. Такім чынам, фактычным замоўцам тэм на падобных ток-шоў выступае не рэальны запыт аўдыторыі, а дзяржава, тыя самыя «ўсенароднаабраныя». Прынцыповыя мэты гэтых людзей заўсёды адны: легітымнасць іхняй улады і палітыкі, ва ўсіх магчымых праявах.

Хібны парадак дня

Манапалізаваўшы навіны і фарматы тэлекантэнту кшалту ток-шоў, «усенароднаабраныя» манапалізуюць парадак дня. Такім чынам, дапусціўшы адну інфармацыю і не дапусціўшы іншую, закцэнтаваўшы ўвагу на адной падзеі і праігнараваўшы іншую, аказваецца магутны ўплыў на карціну свету абываталя: што зараз важна, якія пытанні трэба задаваць, а якія лічыць недарэчнымі, хто сябар, а хто вораг, чаму адбылося тое, што адбылося, хто вінаваты і што з гэтым рабіць. Усё гэта, паўтаруся, служыць адной мэце — легітымізацыі ўлады.

Хібныя нормы і каштоўнасці

Хто мы, адкуль пайшлі і кім павінны быць? На што маем права, а пра што нават ня трэба і думаць? Што павінна зрабіць нас шаслівымі?.. Гэтыя складнікі «карціны свету» ўтвараюць сабой нормы. Прылічыўшы сябе да пэўнай сацыяльнай групы, чалавек нязменна пераймае і тое, што ў ёй лічыцца нармальным. Як вядома, чым дурнейшая асоба, чым меншы маштаб феноменаў здольная асэнсавць, тым больш вялікую і агрэсіўную зграю яна імкнецца абраць, адпаведна і нормы, якія асоба мае зрабіць часткай свайго Я, часам вельмі далёкія ад адэкватнасці. Пасля, ў рамках гэтых новых норм, абываталь рацыяналізуе свае каштоўнасці. І ўсё, справа зроблена! Яшчэ адзін абаронца «усенароднаабраных і легітымных» гатовы супрацьстаяць ворагам нацыі.

Інфармацыйны шум

Палітычныя ток-шоў вельмі добра развіваюць тэзісы, агучаныя ў выпусках навінаў. У здаровым інфармацыйным асяроддзі гэта добра, але ў нашых рэаліях гэты тандэм — першакрыніца інфармацыйнага шуму. Некаторая доля шуму заўжды прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы. Але ў дадзеным выпадку гаворка пра шум іншага кшталту: рэальныя факты ўперамешку з фэйкамі, вырванымі з кантэксту фразамі, дэмагогіяй, мноствам фактоідаў (падзей, якія ня маюць ніякага значэння), умаўчаннямі і простай маной — гэта таксічная інфармацыйная каламеса, у якой межы між праўдай і маной, верагодным і неверагодным размываюцца дашчэнту. Прысутнасць у медыяполі самых розных, хай сабе зусім неверагодных, версій або прычын з'явы, дае вынік. Абываталь кажа: «Ну, халера яго ведае... насамрэч, ё розныя дадзеныя...» Такім немудрагелістым чынам фэйк становіцца фактам, а факт — нібыта фэйкам.

Прапаганда

Яна нагадвае радыяцыю: усе яе баяцца, але ніхто яе ня бачыць. Больш за тое, кожны перакананы, што з ім усё ў парадку. Кожны жыве ва ўпэўненасці, што ўжо яго-та прапаганда ня возьме. Але яна, курва, працавала, працуе і будзе працаваць. У тым ліку і аўтар гэтых радкоў, на жаль, не застрахаваны ад таго, каб аднойчы не стаць карысным ідыётам у руках сацыяльных інжынераў. 

 

Хібны парадак дня, нормы ды каштоўнасці, інфармацыйны шум — усё, згаданае вышэй, гэта складовыя прапаганды. На цябе гэта не ўплывае? Ты ўпэўнены?

 

Чаму гэта працуе

Што прымушае нас глядзець гэта? Што змушае ўспрымаць сур'ёзна любы самы неверагодны маразм, пададзены як асабістае меркаванне? Чаму падобныя шоў нязменна прыцягваюць ўвагу і маюць такі эмацыйны водгук? У тым моцным уплыве, што здольныя аказваць масмедыя і палітычныя ток-шоў у прыватнасці, ляжаць чыннікі абумоўленыя чалавечай прыродай.

Сацыяльны канфармізм

Чым больш людзей трымаюцца нейкага меркавання, тым цяжэй лічыць гэтае меркаванне хібным. У гэтым палягае аснова сацыяльнага канфармізму (часам яго называюць групавым падмацаваннем).

Мы — сацыяльны від. Без соцыюму мы нішто. Без прыналежнасці да пэўнай групы мы існаваць ня можам. У гэтым ёсць сур'ёзныя эвалюцыйныя перавагі, бо гэта той выпадак, калі цэлае большае за суму сваіх складнікаў. Але за гэта даводзіцца плаціць сваёй індывідуальнасцю. Групе ня трэба індывід, які не трымаецца ейных правілаў, не шануе аўтарытэтаў і мае свае каштоўнасці. Уніфікацыя гэтых параметраў адбываецца несвядома. Свядома мы можам толькі рацыяналізоўваць сваё імкненне быць як усе. Як сябры групы, мы міжволі бярэм ўдзел у захаванні тых ейных рысаў, якія сталіся асновай еднасці.

Такім чынам, калі ты ня можаш дазволіць сабе аказацца белай варонай, ты будзеш імкнуцца трымацца агульнай плыні. Тэлевізар стварае магутную ілюзію масавасці, а відэашэраг — дае адчуць сябе «відавочцам». Вельмі цяжка ўспрымаць масоўку і абмежаванасць меркаванняў, што ты назіраеш на экране, як спектакль. І мы схільныя верыць, што так яно і ёсць, знаходзіць сэнс там, дзе яго няма. І праўду там, дзе яе запланавалі стваральнікі шоў.

Парахіяльны альтруізм

Мудрагелісты тэрмін, які мае простую сутнасць: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Сваім — усё, чужым — нічога. Патрыятызм і ксенафобія з'яўляюцца непасрэднымі праявамі парахіяльнага альтруізму ў чалавечых паводзінах. Хаця падобны агрэсіўны настрой супраць чужакоў можна назіраць ва ўсіх статкавых жывёлаў. Цудоўна тэма раскрытая ў роліку «Звярыны вышчар патрыятызму», лепей і ня скажаш: нашая падтрымка тых, каго мы лічым сваімі, паводле агульнасці генаў, тэрыторыі або вызнаваных ідэй, — рэч вельмі прадказальная і практычна непадкантрольная. На тым і стаім.

Давер аўтарытэту

Нават малпа, апранутая ў белы халат, пачынае выклікаць павагу, што ўжо казаць пра чалавека, асабліва калі ён надзене акуляры. А калі і званнем якім салідным назавецца і пару-тройку слоў разумных скажа — усё, перад намі эксперт. Гэта толькі адзін прыватны выпадак, калі мы схільныя выдаць крэдыт даверу таму, хто зусім ня факт, што яго заслугоўвае. Падначаленне аўтарытэту тэма надзвычай сур'ёзная. Найлепшым чынам яе раскрыў Стэнлі Мілгрэм у шэрагу сваіх эксперыментаў. Давер і падначаленне аўтарытэту — гэта таксама вытачаная эвалюцыяй псыхічная опцыя, якая зашытая ў нас. З'яўляючыся асновай іерархічнай структуры грамадства, яна стаецца асновай нашага соцыюму. Мы амаль ня ў сілах пайсці супраць яе, і стваральнікі палітычных ток-шоў гэта ведаюць. І карыстаюцца. Усё, што мы можам, гэта проста памятаць пра гэтую сваю асаблівасць і старацца ставіцца да сябе крытычна.

Паўтарэнне

«Карфаген мае быць разбураны!»
Чым часьцей паўтараецца нейкая інфармацыя, тым лепей мы яе запамінаем. Але гэта не ўсё: тое, што мы памятаем, здаецца нам праўдай. Такім чынам, чым часцей нейкая ідэя агучваецца з экрану тэлевізара, тым лепш яна запамінаецца, і, адпаведна, тым больш праўдападобнай яна нам здаецца. Не зусім відавочная на першы погляд выснова, якая, тым ня менш, вельмі грунтоўна пацверджана шматгадовымі доследамі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Даніэля Канэмана. Падрабязна з аргументамі можна азнаёміцца ў бэстсэлеры «Думай павольна, вырашай хутка».

Эмоцыі

Куды ж без эмоцый?.. Крыкі, лямант, слёзы — усё гэта проста гвалціць нашую лімбічную сістэму і патрабуе самай глыбокай эмпатыі. У выніку мы ня можам захоўваць раўнавагу, заставацца ў баку. Мы рэагуем і тым самым уключаемся ў сцэнар. Што зрабіць, каб не ўключацца? Выключыць тэлевізар. І скурпулёзна, крок за крокам, адпрацаваць тэму самастойна. Праблема не ў эмоцыях, як такіх, а ў тым, наколькі яны нам навязаныя і з якой мэтай.

Як павінна выглядаць якаснае ток-шоў

Аўтар топіць за тое, каб ты не глядзеў гэтых трыклятых ток-шоў, але праблема не ў жанры, а ў нашых, айчынных, умовах. Насамрэч, палітычныя ток-шоў, які і любыя іншыя ток-шоў, патрэбныя. Зробленыя, як мае быць, пабудаваныя па канструктыўных усім даступных правілах, скіраваныя на адэкватныя, карысныя грамадству, мэты, яны прыносяць карысць і, так ці іначай, з'яўляюцца праўдзівай прэзентацыяй актуальных сацыяльных працэсаў. Але праблема ў тым, што наш глядач ня ведае, як мае быць — яму проста няма з чым параўнаць. Таму трызненне ён прымае за меркаванне, а базарную перабранку — за палітычную палеміку.

Палітычнае ток-шоў здаровага чалавека будуецца паводле наступных правілаў:

  1. чоткая тэма - любое адхіленне ад яе агучваецца і выпраўляецца вядоўцам;
  2. чоткія правілы - дакладныя і празрыстыя, агучаныя, вядомыя ўдзельнікам і тэлегледачам;
  3. правілы строга выконваюцца.

Правілы гэтыя, у першую чаргу вызначаюць часавы рэгламент выступаў, парадак і характар палемікі, паўнавартаснае агучванне меркаванняў усіх зацікаўленых бакоў, прадстаўленых аднолькавымі ці блізкімі па «вазе» спікерамі. 

 

Тое, што можам бачыць мы: скандал, лямант, бязлітаснае мачылава ўсёй аўдыторыяй якога-небудзь «адшчапенца», фізічны гвалт, абразы ды высмейванне апанента — усё гэта ні разу не ток-шоў, а здзек, нясмешная пародыя на гэты жанр.

 

Усе мы хочам жыць лепей. Але ў нашых шыротах, дзе СМІ падкантрольныя дзяржаве, а дзяржава мае аўтарытарны выгляд, любыя ток-шоў скіраваныя на захаванне статусу кво. Больш за тое, яны скіраваныя на тое, каб ты, як глядач, гэты статус кво падтрымліваў. І гэта працуе: з аднаго боку мы хочам перамен, але з другога самі іх не дапускаем, бо баронім той уклад, у якім існуем. Палітычныя ток-шоў акрэсліваюць і маніпулююць рамкамі маралі, нормамі, мэтамі і каштоўнасцямі. Па-просту кажучы, палітычныя ток-шоў у постсавецкіх краінах вучаць аднаму — любіць уладу і ўсё, што яна робіць. У выніку вечарамі на кухнях за палітыку спрачаемся не мы, не плады нашай інтэлектуальнай працы, а мемы (паводле Р. Докінза), пачэрпнутыя з гэтых квазі дыспутаў, меркаванні, якія часта нават не з'яўляюцца шчырымі, а іхняя адпаведнасць рэчаіснасці ўвогуле не вытрымлівае ніякай крытыкі. І мы стаемся проста пераносчыкамі гэтых мемаў — не сваіх ідэй пра не свае ідэалы.