Научное мышление. Главный инструмент критического подхода

Веды не існуюць бяз практыкі высоўвання гіпотэз, іхняга абгрунтавання або абвяржэння. Пытанне крыніцы тут увогуле ня мае значэння: важны менавіта метад і стаўленне да сыходных дадзеных.


Гіпотэза + праверка.

У прынцыпу, гэта ўсё, што трэба ведаць пра навуковы метад. Але за ўяўнай простасцю гэтага алгарытму стаіць тытанічны даробак многіх пакаленняў людзей.

 

Мала хто з нас сапраўды ўмее думаць

 

Навуковы метад, заснаваны на фармуляванні гіпотэзы і эксперыменце, з'явіўся ўсяго некалькі соцень год таму, а эвалюцыя, якая вызначыла магчымасці нашага мозгу і прывучыла вырашаць і думаць хутка, цягнулася шмат мільёнаў гадоў. Мысліць аналітычна цяжка, доўга і ненатуральна, мы вельмі слаба прыстасаваныя да гэтага.

Людзям звыкла ганарыцца інтэлектуальнымі здольнасцямі, якімі надзелены наш від, і называць саміх сябе вянцом прыроды. У пэўным сэнсе тут ёсць доля праўды, але толькі доля. Невялікая. Бо:
па-першае, сапраўды інтэлектуальнай працай, стварэннем новых ведаў і тэхналогій, займаюцца адзінкі, астатнія 99,9% насельніцтва — проста статысты, у тым ліку, мяркую, і мы з табой, шаноўны чытач;
па-другое, нават гэты ўмоўны 0,1% работнікаў навукова-інтэлектуальнай індустрыі далёка не такі ўсемагутны ў плане кагнітыўных здольнасцяў, як прынята думаць.

Галоўная праблема ў тым, што мы ня любім памыляцца. У сваім скрайнім праяўленні пазбяганне памылак выліваецца ў дагматызм, які спараджае культы самага рознага кшталту — ад рэлігійных да навуковых. 

 

Дагматы — гэта гатовыя да ўжывання ісціны, якія ня толькі не патрабуюць (пера)асэнсавання, але і забараняюць гэта рабіць, пагражаючы рознымі карнымі санкцыямі

 

Памылка — настолькі балючая з'ява для чалавека, што эвалюцыя забяспечыла нашую псіхіку адмысловымі механізмамі, якія дазваляюць апраўдваць, не заўважаць або ігнараваць уласныя памылакі. Гэтыя механізмы называюцца кагнітыўнымі скажэннямі. Давер аўтарытэту, эфект Барнума, перадузятасць пацверджання і яшчэ пара дзесяткаў іншых скажэнняў — пераадолець заганы ўласнага кагнітыўнага апарату надзвычай цяжка. І гэта ўласціва ўсім нам, ад смеццяра да астрафізіка.

Тое, што мы, як нам здаецца, бачым, разумеем, ведаем, не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. А часам увогуле супярэчыць ёй.

Але чалавецтва знайшло рашэнне — навуковы метад.

 

Поная формула навуковага падыходу выглядае так:

   факты
+
   гіпотэза
+
   праверка

 

Менавіта такі падыход да выказвання і праверкі ідэй даў нам практычна ўсё, што атачае нас — ад агня да інтэрнэту.

На першы погляд, подобны падыход нельга ўжыць у надзённым жыцці. Але гэта не так: калі любое сваё меркаванне разглядаць як гіпотэзу (не ісціну, не догму, а менавіта гіпотэзу) мысленне становіцца ня толькі прадуктыўнейшым, але і цікавейшым. Толькі на побытавым узроўні формула спрашчаецца да: гіпотэза + праверка.

Напрыклад:
1. Ёсць сцвержанне: «усе мужыкі — казлы». Калі ўспрымаць гэтае меркаванне менавіта як гіпотэзу, то яе трэба праверыць. Для гэтага, па-першае, трэба даць дакладнае азначэнне тэрміну «казёл», а па другое правесці статыстычнае даследванне, ці адпавядаюць усе мужыкі гэтаму тэрміну.

2. Іншае сцверджанне: «усе бабы — дуры». Робім тое самае: спачатку вызначаем дакладна, што значыць «дура», пасля — ці характарызуе гэты тэрмін усіх баб.

Безумоўна гэта камічныя прыклады, і падобныя выказванні ўвогуле няма сэнсу аспрэчваць. Але гэтая простая методыка — збор фактаў → фармаванне гіпотэзы → праверка — дазваляе ўзняцца па-над уласным мысленнем, і тымі памылкамі ды скажэннямі, да якіх яно схільнае.

 

Сапраўднае мысленне пачынаецца толькі пасьля таго, як ты пачынаеш задумвацца пра тое, ЯК ты мысліш.

 

У дадатак да навуковага метаду яшчэ некалькі навуковых падыходаў, якія дазваляюць зрабіць мысленне яшчэ больш чыстым і бесстароннім:

1. Брытва Акама

Ня варта множыць сутнасці без патрэбы. Іншымі словамі, калі нешта можа быць патлумачана двума спосабамі — простым і складаным, трэба выбіраць першы. (Падрабязней)

2. Прадказальная сіла

Любая гіпотэза тым больш вартая, чым больш дакладныя яна дазваляе зрабіць прагнозы. Мала проста патлумачыць нешта заднім днём. Гэта звычайна даволі проста і часта называецца словам «рацыяналізацыя». Трэба, каб гіпотэза дазваляла прадказваць, чаго чакаць у будучыні.

3. Паўтаральнасць

Гэта значыць, што гіпотэза павінна даць дэклараваны вынік у любога, хто захоча яе праверыць. Заявіць можна што заўгодна, пытанне ў тым — як гэта спраўдзіць?
У навуковай дзейнасці гэта называецца эксперыментам. У побыце — звычайнай праверкай.

4. Верагоднасць

Дапусціць можна што заўгодна, але ня варта губляць час на гіпотэзы, верагоднасць праўдзівасці якіх занадта малая. Да прыкладу тыя самыя ружовыя поні: ну, гіпотэза ж таксама! Мо раптам такі існуюць тыя ружовыя поні?..

Няхай падобнымі рэчамі займаюцца тыя, каму больш няма чым заняцца, адэкватны чалавек знойдзе лепшы спосаб распарадзіцца сваім часам.

Экстраардынарныя сцверджанні патрабуюць экстраардынарных доказаў, падказвае нам Карл Саган.

5. Фальсіфікаванасць (або абвяргальнасць)

Гіпотэза, якую прынцыпова немагчыма абвергнуць, не з'яўляецца навуковай.

Названая вышэй праверка, або эксперымент, павінна даць магчымасць абвергнуць гіпотэзу. Менавіта абвергнуць, а не пацвердзіць.

Ці можна абвергнуць гіпотэзу, што макаронны монстр існуе, або што ружовыя поні пукаюць бабачкамі? Гэта прынцыпова немагчыма, таму і стаўленне да падобных сцверджанняў павінна быць адпаведнае: падобная неабвяргальнасць азначае, што гіпотэза як мінімум ня вартая даверу, а як максімум — увагі.

Фальсіфікаванасць — гэта крытэр ацэнкі навуковасці гіпотэз. У надзённым жыцці ён патрабуецца рэдка, але ведаць яго варта, бо гэта дазваляе з лёгкасцю адсякаць любую квазінавуковую ерась, якая звычайна прысутнічае ў інфармацыйным полі.

 

Штурмуй і спрабуй на трываласць свае ідэі-гіпотэзы. Не шкадуй, хай застануцца толькі самыя вартыя з іх.