У наш час кожны павінен быць трохі журналістам. Некаторых гэта здзіўляе, але ж мы кіруем аўтамабілямі, не будучы прафесійнымі кіроўцамі, гатуем ежу, не будучы кухарамі. З журналістыкай сёння тая ж самая гісторыя.
Быць крыху журналістам — гэта значыць:
А. Умець самому напісаць тэкст: умець выкладаць уласную думку зразумела, лагічна і абгрунтавана.
Б. Разумець, як павінен выглядаць якасны тэкст: умець адрозніць добры тэкст ад дрэннага паводле фармальных крытэраў.
Уласна кажучы, гэта і ёсць медыяпісьменнасць.
Калі хоць неяк пісаць умеюць усе, хоць і ня ўсе робяць гэта зразумела, лагічна і абгрунтавана, то ведамі пра тое, як павінен стварацца медыятэкст і якім крытэрам ён мае адпавядаць, задумвляюцца адзінкі. «Мне падабаецца, значыць, добры» — прыкладна так разважае абывацель. Відавочна, што гэта хібны падыход.
Гэты прагал (пункт «Б») абавязкова трэба запоўніць. Давайце разгледзем гэта на прыкладзе «як павінен выглядаць якасны тэкст пра медыцыну»?
Каб ацаніць сябе, наколькі вы дасведчаныя ў тым, як павінен выглядаць добры тэкст пра медыцыну, можаце прайсці ТЭСТ.
Гэты тэст зроблены на аснове рэкамендацый сайту healthnewsreview.org (на жаль, праект спыніў існаванне ў 2022), які ацэньваў артыкулы на медычныя тэмы паводле 10 крытэраў. Хоць гэта і рэкамендацыі для журналістаў, ніхто не замінае звычайным чытачам узяць іх на ўзбраенне як чэк-ліст для ўласнай ацэнкі тэкстаў:
1. Кошт
Этычна пісаць як ёсць — што тэрапія лейкозу каштуе 475 000 даляраў. Не давайце людзям марных надзей.
2. Рызыкі і пабочкі
Калі лекі паніжаюць рызыку развіцця хваробы ў два разы, важна ўдакладніць, якая рызыка была першапачаткова ў вашых чытачоў. Магчыма, яна і без таго была мінімальнай.
Пішыце пра сур'ёзныя пабочкі. Напрыклад, як лекаванне паўплывае на верагоднасць інфаркту або смерці. Лепш паглядзець, што будзе з вагой пацыента праз год пасля лекавання, чым на змены ў аналізах крыві. Часам лабараторныя паказнікі могуць указваць на верагоднасць развіцця захворванняў, але часта гэтымі дадзенымі маніпулююць навукоўцы і фармацэўтычныя кампаніі.
3. Шкода
Калі вы пішаце пра скрынінг або новыя суперлекі, кажыце і пра адваротны бок медаля — пра тое, як яны могуць нашкодзіць, асабліва калі шкода не відавочная.
4. Абмежаванні даследаванняў
Калі даследаванні праводзіліся на пацуках, выносьце гэта ў загаловак.
Пішыце пра карэляцыі. Пётр Талантаў прыводзіць такі прыклад у сваёй кнізе «0,05. Доказная медыцына ад магіі да пошукаў бессмяроцця»: людзі, якія носяць запальнічкі, часцей паміраюць ад раку лёгкіх. Выснова: запальнічкі выклікаюць рак лёгкіх. Але гэта гаворка пра карэляцыю, а не пра прычынна-наступнасную сувязь, якая ў дадзеным выпадку ёсць з іншымі чыннікамі.
Не забывайце пра канфлікт інтарэсаў. Звычайна напрыканцы даследавання ўказваюць, ці быў ён у аўтараў.
Паказвайце доўгатэрміновы вынік. Напрыклад, на любой дыеце ўсе худзеюць у першы месяц, а праз год набіраюць вагу.
Памятайце, што маленькія выбаркі часцей даюць выпадковыя вынікі.
5. Запалохванне
Гэта частая праблема глянцавых часопісаў, але часам гэтым грэшаць і сур’ёзныя выданні. Прыдумляецца нейкая праблема: калі вы ня будзеце наносіць 10 слаёў крэму кожны дзень, то памрэце, бо вашая скура ператворыцца ў Сахару.
Якая павінна быць выбарка даследавання? Звяртайце ўвагу на нюансы. Напрыклад, калі даследуюць рэдкае генетычнае захворванне, зразумела, што людзей у выбарцы будзе мала. Калі праблема шырока вывучана — напрыклад, выкарыстанне аспірыну для прафілактыкі каларэктальнага раку ці вакцынацыі, — у выбарцы ня можа быць усяго некалькі дзясяткаў або сотняў людзей. Для прэпаратаў ад ВРВІ выбарка павінна складаць некалькі тысяч чалавек. Чым менш людзей у выбарцы, тым менш надзейнае даследаванне.
6. Незалежная крыніца (і канфлікт інтарэсаў)
Праверце, хто спансараваў даследаванне. Калі вы бачыце тэксты пра тое, што горкі шакалад лякуе інфаркт, інсульт і спрыяе іхняй прафілактыцы, ведайце, што большасць гэтых даследаванняў праведзена за грошы кампаніі Mars.
Прыцягвайце незалежных экспертаў.
7. Альтэрнатывы
Калі на рынак выходзіць прэпарат, які паніжае рызыку развіцця меланомы ў два разы і каштуе 100 000 даляраў, нагадайце пра бюджэтныя сродкі для прафілактыкі меланомы — капялюш, акуляры ад сонца і крэм.
8. Даступнасць
Удакладняйце, калі прэпарат не зарэгістраваны ў вашай краіне, а, напрыклад, толькі ў ЗША ці Вялікабрытаніі.
9. Навізна
Калі ў прэпарата доўгая гісторыя, напішыце пра гэта. У ЗША лічаць, што бактэрыафагі — гэта новая і выдатная распрацоўка. Але ж гэта яшчэ савецкая распрацоўка, эфектыўнасць якой не даказаная.
10. Крыніца
Нават калі ў вас мала часу, не бярыце прэс-рэлізы — яны заўсёды хлусяць.
Унікнуць памылковага балансу меркаванняў
Гэта агульная рэкамендацыя для любога тэксту пра навуку. Калі для артыкулу пра вакцыны вы пытаеце педыятра або інфекцыяніста, а потым вірусолага, які лічыць, што вакцыны — гэта згуба імуннай сістэмы, гэта памылковы баланс. Ігнаруйце меркаванні, якія не адпавядаюць навуцы.
© пераклад t.me/sceptic_club