Не глядзі навінаў

                       


Не глядзі навінаў

Ня гледзячы на распаўсюджанае меркаванне «трэба ведаць, што адбываецца ў свеце», падобны падыход — штодзённы прагляд навінаў — страціў сваю актуальнасць з надыходам эры лічбавых тэхналогій.


Звычка «быць у курсе» паходзіць з далічбавых часоў, калі распаўсюд інфармацыі быў вельмі абмежаваны тэхналогіямі. Глядзець навіны ў той час было сапраўды карысна, каб як мінімум дакладна ведаць, пра што цяперака хлусяць.

 

Раней людзі шукалі навінаў, сёння навіны самі шукаюць людзей.

 

Цяпер усё іначай. Медыя змагаюцца за нашую ўвагу любымі сродкамі. Праз фонавае тэле- і радыёвяшчанне, загалоўкі, посты ў сацсетках ці проста інтэрнэт-мемы навіны знаходзяць нас незалежна ад нашага жадання. Цяпер мы часта ведаем тое, што нам абсалютна ня трэба, пра што мы не пыталі. І што самае непрыемнае — мы ня можам узгадаць, адкуль мы гэта ведаем.

Для таго, каб ведаць, што адбываецца ў краіне і свеце, цяпер ня трэба кожны дзень марнаваць час на навіны. Выпуск навінаў гэта шэраг сюжэтаў, агучаных скарагаворкай і не звязаных паміж сабой. Такі фармат практычна не пакідае часу на самую элементарную аналітыку. Таму ўсё, што застаецца, — спадзявацца на прафесіяналізм і дабрасумленнасць крыніцы, абраных СМІ тэм і пазіцыі.

Штодня ўзнікаюць дзесяткі інфармацыйных нагодаў, сапраўдных і фэйкавых, але толькі адзінкі з іх сапраўды маюць значэнне. І толькі час ад часу, калі ты можаш сам для сябе сфармуляваць дакладнае пытанне, ёсць сэнс капнуць інфармацыйны грунт, каб абдумана і рацыянальна расставіць некаторыя аспекты рэальнасці па сваіх месцах.

Праблема сённяшняга дня ў тым, што медыя сталі зброяй у руках дурняў. Гэтыя людзі добра засвоілі тэхналогіі ўплыву на масы, але няздольныя пралічыць наступствы сваіх ідыёцкіх планаў. Інфармацыйныя войны гэта не жарт і далёка не бяскрыўдны занятак. Падчас інфармацыйнай вайны медыя імкнуцца прышчапіць нам пэўны светапогляд і, як паказвае практыка, у іх гэта няблага атрымліваецца.

 

«Страўнік разумнейшы за мозг, бо ўмее ванітаваць. Мозг жа глытае любую дрэнь.»

Чынгіз Айтматаў

 

Ёсць вялікі арсенал сродкаў уздзеяння на масы. Апусцім такія банальныя (але ад таго ня менш дзейныя) праўду, паўпраўду і ману — тут усё ясна. Але вось, скажам, засмечванне інфармацыйнай прасторы, замаскаванае пад плюралізм думак. Накінутыя на вентылятар 5-10 розных версій не пакідаюць магчымасці простаму абываталю адрозніць фэйк ад праўды. Гэта адзін з самых брудных прыёмаў — ён пазбаўляе адчування рэальнасці. І мы пачынаем забывацца, што калі нешта гучыць надта добра, каб быць праўдай, хутчэй за ўсё гэта мана. Кожны перакананы, што ўжо яго-та не правядзеш, але час ад часу ўведзеным у аблуду становіцца кожны. У тым ліку і аўтар гэтых слоў.

Прапаганда ўжо даўно набіла ўсім аскому, але лекалы пана Гебельса па-ранейшаму працуюць і далёка ня кожны здольны іх выявіць.

 

Інфармацыйнае асяроддзе вызначае свядомасць. Але ўся інфармацыя, якую ўспрымаюць твае вочы і вушы штодня, загадзя некім адабраная і аплочаная.

 

Традыцыйныя медыя сёння настолькі сябе скампраментавалі, што часта ў кватэры няма ні тэлевізара, ні радыё, ні газет. І гэта добры падыход, бо ў названых медыя ўсё, што мы можам — гэта выбіраць між тым, што нам прапанавалі. Толькі інтэрнэт дазваляе ў пэўнай ступені адказваць за свой медыярацыён.

Навіны, як жанр, фармуюць парадак дня. Пачуўшы сотню разоў фразу, што Карфаген мае быць разбураны, мы перастаем у гэтым сумнявацца. Перастаем задавацца пытаннямі «чаму», «навошта», «хто гэта сказаў» і «чаму я павінен у гэта верыць» і становімся карыснымі ідыётамі ў якой-небудзь геапалітычнай гульні.

 

У выніку фраза «як я магу табе нешта патлумачыць, калі ты нават тэлевізар не глядзіш?!» перастае быць анекдотам, а твая рэальнасць становіцца спараджэннем нечыяй фантазіі.

 

Як быць?

Пазбаўляйся эмоцый. Уяві сябе навукоўцам, што назірае за мурашамі ў акварыюму. Ты ня можаш на ніх злавацца і крыўдаваць. Для цябе там няма сваіх і чужых. Ты проста назіраеш. 

Перастань судзіць і лічыць актам думання выказванне этычных ацэнак «добра/дрэнна». Гэта толькі ярлыкі, якія ніяк не раскрываюць сутнасць з'явы: кантэкст, прычыны, наступствы. 

Адбірай крыніцы. Падпішыся ў сацсетцы на старонкі салідных выданняў, рэпутацыя якіх пацверджаная, а аўтары маюць імёны. Таксама карысна падпісацца на некалькі старонак вядомых аўтарытэтных журналістаў. Навіны — гэта іхняя праца, але баронячы сваё добрае імя, яны тысячу разоў падумаюць, якую інфармацыю змяшчаць ад свайго імя. Гэтых крыніц цалкам хопіць, каб задаволіць патрэбу ў актуальнай інфармацыі. 

Пачынай заўважаць трэнды. Толькі аналіз агульных тэндэнцый дае сапраўдную карціну, усё астатняе — шум. Каб мысліць аналітычна ня трэба назапашваць у памяці мільён дэталяў. Бесперапыннае спажыванне інфармацыі не пакідае часу падумаць. Будучы безупынна ўцягнутымі ў спажыванне інфармацыі, ты губляеш здольнасць да рэфлексіі. Становіцца вельмі цяжка засяродзіцца на змесце сваіх думак, якія ў большасці выпадкаў уяўляюць сабой інфармацыйны шум, прапушнаны праз уласную суб'ектыўнасць. Калі ўжо вырашыш ахвяраваць свой час — чытай аналітыку. 

Не глядзі навінаў. Вялікія розумы абмяркоўваюць ідэі, сярэднія — падзеі, а дробныя — людзей.

Падобныя матэрыялы