SAVE
Сістэма хуткага аналізу медыйнай інфармацыі
БАРАНІ СВАЮ СВЯДОМАСЦЬ
Твая адэкватнасць — гэта толькі твой клопат
Спачатку тры правілы
Правіла №1 - Хопіць верыць
Ты заўсёды знойдзеш крыніцу, якой захочаш верыць. Праблема ў тым, што чалавек схільны звяртацца толькі да тых крыніц, якія пацвярджаюць ягоныя перакананні. І гэта адсякае ўсякую магчымасць як развіцця, так і ўдасканалення сваёй карціны свету. Толькі на аснове праўдзівай інфармацыі можна мець адэкватнае ўяўленне пра наяўны стан рэчаў. Праўдзівай, а не прыемнай.
Правіла №2 - Задавай пытанні
Правіла №3 - Хопіць верыць
{spoiler spoilerID,Падрабязней пра крытычнае мысленне - разгарнуць,Пра крытычнае мысленне - згарнуць}крытычнае мысленне{/spoiler}
Мы распрацавалі адмысловы SAVE-фільтр. Гэта інструмент, які дапаможа абараніць свядомасць ад маны, прапаганды, фэйкаў і ненаўмысных журналісцкіх памылак, якіх стала надта шмат у медыяпрасторы. Гэта не панацэя, але вельмі добрая база для першаснай крытычнай ацэнкі інфармацыі любога кшталту.
SAVE – гэта абрывіятура.
S
Sourse/Крыніца
Адкуль інфармацыя? Ці можна ёй давяраць?
A
Arguments/Аргументы
Што хочуць каб ты прыняў на веру? Якія доказы і аргументы?
V
Verification/Верыфікацыя
Ці можна спраўдзіць якасць крыніц і аргумэнтаў?
E
Emotions/Эмоцыі
Ці няма ў інфармацыі апеляцыі да эмоцый?
Ніжэй пра кожную са складовых SAVE-фільтру падрабязней.
S – source – крыніца. Хто гэта сказаў?
Ці памятаеш ты крыніцу? Калі памятаеш, якая рэпутацыя ў крыніцы? Ці быў названы аўтар? Часта падказкай пра якасць крыніцы выступаюць фармальныя прыкметы: дызайн, загалоўкі, якасць рэкламы або ейная адсутнасць. Пэўна, ня трэба тлумачыць, што тэкст пад крыклівым эмацыйным загалоўкам, які прэтэндуе на сэнсацыйнасць, змешчаны на сайце з даменным імём трэцяга парадку сярод нагрувашчэння кантэкстнай рэкламы самай нізкай якасці, без аўтарства і якіх-колечы кантактаў рэдакцыі павінен выклікаць самыя вялікія сумнівы ў сваёй вартасці нават без прачытання.
А – arguments. Што хочуць каб ты прыняў на веру?
У рыторыцы сцверджанне, справядлівасць якога трэба давесці, называецца “тэза”. Тэза даводзіцца аргументамі — іншымі сцверджаннямі, з якімі аўдыторыя згодная і якія не з'яўляюцца спрэчнымі. Ці згодны ты з прапанаванай аргумэнтацыяй? Ці ёсць яна — аргументацыя — ўвогуле? Ты не абавязаны з усім пагаджацца. Неаргументаваная тэза — гэта беспадстаўнае сцверджанне. Вартасць такога сцверджання роўная нулю.
V – verification – верыфікацыя. Ці можна спраўдзіць:
імя аўтара матэрыялу, выходныя дадзеныя выдання, кантакты рэдакцыі, статыстыку ды іншыя лічбы, прыведзеныя ў матэрыяле, назвы зазначаных інстытутаў і ўстаноў, імёны, пасады, званні, дакументы?.. Ці пацвярджаюць інфармацыю іншыя крыніцы?
Верыфікацыя патрабуе часу, але яно вартае таго.
Спачатку ты прымаеш інфу і тым самым убудоўваеш яе ў свой светапогляд. Пасля на гэтай базе ты плануеш свае дзеянні і прагназуеш іхнія наступствы. Затым робіш канкрэтныя ўчынкі. Калі інфармацыя была хібнай, хібнымі будуць і ўчынкі. Але вінаваты ў гэтым будзеш ты сам. Бо не захацеў падумаць сваёй галавой. Зразумей, нікому няма справы да адэкватнасці тваёй карціны свету. Гэта толькі твой клопат.
Е – emotions – эмоцыі. Ці не штурхае аўтар да эмацыйнай рэакцыі на пададзеную інфармацыю?
Дзе пануюць эмоцыі розум — спіць.
Ёсць такая рэч, як эмацыйнае мысленне. Гэта значыць кіравацца не рацыянальнымі развагамі, а эмоцыямі.
Натуральна, нельга стаць цалкам безэмацыйным — гэта супярэчыць прыродзе чалавека. Але сачыць за лагічнасьцю, паслядоўнасцю і канструктыўнасцю ўласных развагаў у стане кожны. Нават у крытычных сітуацыях. Калі ж аўтар матэрыялу правакуе эмацыйную рэакцыю — гэта першая прыкмета маніпуляцыі. Так, бываюць эмацыйныя публіцыстычныя тэксты, але трэба разумець, што гэта аўтарскі, у пэўнай ступені мастацкі твор. Якасны журналісцкі матэрыял, тым болей навінасны, эмоцый утрымліваць не павінен.
—
SAVE — гэта база, аснова крытычнага падыходу да аналізу інфармацыі. Чатыры словы: крыніца, аргументы, верыфікацыя, эмоцыі.
—
Надрукуй іх вялікімі літарамі і павесь на бачным месцы. Прагані праз фільтр дзесяць-пятнаццаць спрэчных навінасных паведамленняў са сваёй сацыяльнай сеткі (а лепей з тэлевізара). Чым больш разоў ты гэта паўторыш, тым лепей. Гэта трэба для таго, каб ты засвоіў алгарытм, запомніў паслядоўнасць базавых пытанняў.
Увядзі прапусканне інфармацыі праз гэты фільтр у звычку і ў хуткім часе ты зразумееш наколькі табе гэтага не хапала.