Што ты ведаеш насамрэч?

                       


Што ты ведаеш насамрэч?

Пра паняцце «ведаць» напісаны цэнтнеры філасофскіх трактатаў. Ня будзем заглыбляцца ў гэтыя інтэлектуальныя дзебры, а проста прымем, што «ведаць» — значыць умець патлумачыць.


Цудоўная рэч — унітаз, ты карыстаешся ім шмат разоў на дзень. Як ён устроены? Ты ўпэўнены, што ведаеш? Зможаш падрабязна распісаць па пунктах?

Прыклад яшчэ прасцей: не адрываючы вачэй ад манітора, апішы, што знаходзіцца справа ад цябе. У дэталях. 

Звычайна гэтыя простыя з выгляду заданні стаюцца невыканальнымі. А гэта ж элементарныя рэчы. Калі браць вышэй: аўтамабіль, электрычнасць, эканоміка — усё становіцца ў сотні разоў складаней. Але, калі не ўдавацца ў дэталі, і пра ўстройства ўнітаза, і пра эканоміку мы схільныя казаць «я ведаю», то бок «для мяне ясна, як гэта працуе».

Але ці так гэта?

 

У нас заўсёды ёсць адчуванне «Я ВЕДАЮ, пра што кажу», але што за гэтым веданнем стаіць насамрэч?

 

У першую чаргу трэба засвоіць той контрінтуітыўны факт, што мы мыслім ідэямі, канцэпцыямі і абстрактнымі катэгорыямі: прышчэпкі, радыёхвалі, эканоміка, сонечная энэргія, інтэрнэт — усё гэта проста ярлыкі. Назвы канструктараў. Дэталі гэтых канструктараў — удзел вузкіх спецыялістаў, якія аддалі гады, каб разабрацца ў тэме, здабыць кампетэнцыю. 

А на засваенне чаго ахвяраваў час ты і колькі? 
Што б гэта не было — гэта і ёсць твая супер-сіла, твая кампетэнцыя. Ва ўсім астатнім ты максімум дылетант (у добрым сэнсе слова).

Уяві, што ты трапіў у мінулае, у 1439 год. У наступным годзе Гутэнберг запусціць свой першы ў Еўропе друкарскі станок. Але ў цябе ёсць неверагодная перавага — ты ЎЖО валодаеш гэтай ідэяй — «друкаваць тэксты»! Ці зможаш яго сабраць? А зрабіць усё той жа ўнітаз? А запусціць па трубах гарачую ваду ў кран? Зрабіць электрычную лямпачку, радыё, тэлефон, інтэрнэт? Па сутнасці, усё, што ты ведаеш — гэта назвы катэгорый, якімі ты жанглюеш. Гарылы таксама так умеюць, толькі ня так спрытна. 

Дык што ж ты насамрэч ведаеш?

Прыгадаем самыя папулярныя тэмы бытавых дэбатаў: палітыка ды эканоміка. Рэчы яўна не са сферы кампетэнцыі сярэдняга абываталя. Шкада, што ўсе талковыя аналітыкі сышлі працаваць у таксі...

Усё, што сярэдні абываталь можа ведаць па гэтых прадметах — інфармацыя вынесеная з СМІ. Гэта не такі благі варыянт, як некаторыя лічаць, проста трэба ўмець ім карыстацца. Тут можна вылучыць два варыянты працы з інфармацыяй.

У найлепшым выпадку гэта будуць тэксты з РОЗНЫХ аўтарытэтных крыніц (тых, што адказваюць за свае словы і падлягаюць угалоўнаму пераследу за дэзінфармацыю). Тэксты, якія даюць адказ на сфармуляваныя ТАБОЙ самім пытанні. Тэксты часта ў многабукаф, нудныя, на якія трэба час і натхненне. 

У горшым выпадку (і найбольш распаўсюджаным) гэта квазіпалітычныя трэш-ток-шоў ды тэксты, якімі з табой дзеляцца твае аднадумцы, або якія ты сам вычэпліваеш з інфармацыйнай прасторы, аддаючы даніну таленту складальнікаў загалоўкаў. Веруны ў плоскую зямлю дзеляцца тэкстамі пра плоскую зямлю, а нелюбіцелі Абамкі тэкстамі пра агіднага падступнага Абамку. Хаця пра Абамку ўжо ўсё, неактуальна.

Першы варыянт, канечне, куды больш пажаданы. Ён дазваляе стаць дылетантам у самым лепшым сэнсе слова. Але адкажы сабе шчыра, ці робіш ты так? Калі не, гэта ня значыць, што ты дрэнны. Так жывуць мільёны, у каго няма часу на пошук і чытанне сур'ёзных тэкстаў. Калі твой вольны час адно ў прыбіральні, як ты яго там бавіш? Чытаеш хоць дробнымі перабежкамі хоць якога-небудзь кшталту аналітыку ці гартаеш інстаграм? Ізноў жа, у тым няма нічога дрэннага, калі сіл застаецца толькі на гэта. Гэта лёс мільёнаў. Колькі аналітычных тэкстаў ты прачытаў за апошні месяц?

 

Колькі часу за апошні месяц ты аддаў на пошук адказаў на свае пытанні? Колькі пытанняў ты задаў сам?

 

І пра што тады ўсе гэтыя спрэчкі за палітыку, калі нават вызнаючы першы варыянт падыходу да працы з інфармацыяй, усё, што ты можаш, гэта намацаць тэндэнцыі? Зрэшты, калі ты гэтак робіш, гэта вельмі крута, праўда. 

Што ты ведаеш насамрэч?

Сурагаты ведаў

Нам звыкла давяраць сваім суб'ектыўным адчуванням. Многія называюць інтуіцыю ледзве не крыніцай сваіх ведаў. Калі нешта знаёма, ў мозгу яно адгукаецца прыемнай дапамінавай хваляй, што дазваляе з палёгкай сказаць «так, я гэта ведаю». А ўлічваючы, што тое, што вядома нам ня можа быць няпраўдай (так нам здаецца), мы схільныя спыніць усякія пошукі і скіраваць сваю ўвагу на нешта больш прыемнае, чым пераправерка ўласных перакананняў. Напрыклад, на пошук пацверджанняў свайго пункту гледжання. Або на інстаграм. 

Гэткая канфігурацыя нервовай сістэмы спараджае ілюзію глыбокіх ведаў. Нам здаецца, што мы ведаем вельмі шмат, у той час як кожны з нас у лепшым выпадку з'яўляецца вузкім спецыялістам. Часам нават у некалькіх абласцях. 

 

Як часта ты задаешся пытаннем «адкуль я гэта ведаю»?

 

Фантазія — яшчэ адна праблема.

Сама па сабе фантазія рэч цудоўная. Праблемай яна становіцца, калі яе блытаюць з аналітыкай. Пошук сувязяў між з'явамі — працэс творчы, мы вымушаны высоўваць гіпотэзы і лёгка гэта робім. Ці не ўяўляеш ты адразу самае горшае, калі твой блізкі чалавек недзе затрымліваецца? Аварыя, крушэнне самалёта, сышоў да каханкі... Панікапанікапаніка! Мы высоўваем гіпотэзы, гэты працэс адбываецца бы сам сабой, але ня схільныя іх правяраць. Пайсці за эмоцыямі вельмі проста — гэта ў нашых генах зафіксаваў эвалюцыйны працэс. А вось узважыць усе за і супраць...

Рацыянальны аналіз — гэта цяжка. Гэта навык, які трэба засвойваць, і практыкаваць, каб не згубіць. Як чытанне або пісьмо. Гэтая опцыя ў нашай прыродзе не закладзена. Трэба шмат ўсяго ведаць пра кагнітыўныя касякі чалавека і ўмець выяўляць іх ва ўласным мысліўным працэсе. У школе, дарэчы, гэтаму ня вучаць, у ВНУ таксама. Шукаючы адказ на пытанне «чаму?», мы звязваем кропкі — шукаем заканамернасці, робячы гэта як умеем. Дамалёўваем карціну сыходзячы з таго, што ведаем, а ведаем мы часта меней, чым трэба. У выніку прагалы запаўняюць нашыя фантазіі-гіпотэзы, якія неўзабаве ператвараюцца ў факты. У скрайніх выпадках фактам становіцца клінічнае трызненне
Вельмі падобныя працэсы характэрныя і для нашай памяці. 

Ёсць людзі, якія вераць, што ўмеюць чытаць між радкоў. Яны не прапускаюць ніводнага выпуску навінаў і старана слухаюць іх. Між радкоў, вядома. Так яны вераць. Здольнасць сумніўная, хаця занятак такі сапраўды ёсць і ён вельмі цікавы. Але скілы, патрэбныя для паспяховага чытання навінаў між радкоў, простаму абываталю ізноў жа недаступныя. Прымі гэта як факт. 

 

Выпускі навінаў на дзяржаўных каналах — гэта таксін, устойлівасць да якога выпрацоўваецца гадамі працы ў структурах СМІ.

 

Яшчэ адзін сурагат ведаў — маральна-этычная ацэнка.
Павесіць ярлык «добра» або «дрэнна» — гэта так проста... Чорнае і белае, дабро і зло, свае і чужыя — чорна-белы свет вельмі зручны для аналізу. Праблема ў тым, што свет — гэта бясконцыя градацыі шэрага. Карціна часта бляклая і нудная. І ўсё на нюансах. І ніякай прасторы для подзвігаў.

Што значыць «ведаць»

Дзе ж мяжа між веданнем і няведаннем? Наколькі глыбокія веды павінны быць? Якая дэталізацыя ведаў дае права сказаць «я Ведаю»?
Складанае пытанне. Бо калі з устройствам унітаза ўсё ясна, то як быць з эканомікай, дзе самыя аўтарытэтныя аўтарытэты часта з'яўляюцца гадалкамі ў дарагіх гарнітурах? 

Падобна, што ступень глыбіні ведаў некаторых абстрактных з'яў (а ўсё, што тычыцца сацыяльнага, чалавечых адносінаў, або на іх грунтуецца, такім і ёсць) можа быць бясконцай. Гэта значыць, што ў любы момант часу можна канстатаваць «я ня ведаю». І калі ты можаш дазволіць сабе так зрабіць — ты малайчына.

Ня ведаць нашмат лепей, чым перабываць у аблудзе або фантазаваць пра рэальнасць. Калі ты ведаеш ды ня тое, месца для сапраўдных ведаў ужо не застаецца.

Дакладнай мяжы між веданнем і няведаннем часта няма. Але крытэры для самадыягностыкі ўсё ж такі ёсць:

 

• Колькі часу ты патраціў на тое, каб гэта даведацца?
• Ці можаш ты гэта патлумачыць іншаму?
• Ці можна на падставе тваіх ведаў зрабіць карэктны прагноз?

 

Мы ўсе ведаем нашмат меней, чым нам здаецца. І гэта нармальна. Улічваючы аб'ёмы інфармацыі, назапашаныя на сённяшні дзень, ведаць усё няма ніякай магчымасці. Навуковы працэс сёння — выключна калектыўная праца. Сілай сучаснага чалавека ўсё больш становіцца не багаж фактычных ведаў, а ўменне гэтыя веды знаходзіць. Задаваць канструктыўныя пытанні і граматна шукаць на іх адказы. Гэта нармальна. Ненармальна падмяняць разуменне верай, фантазіямі, догмамі, ацэнкамі, традыцыямі, духоўнымі скрэпамі ды іншага кшталту сурагатамі ведаў. 

Видео

Ещё видео
Watch the video

Медиа-карантин

Показать ещё

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...