by

ru

SAVE

Сістэма хуткага аналізу медыйнай інфармацыі

Барані сваю свядомасць

Твая адэкватнасць — твой клопат

S

A

V

E

Source

Arguments

Verification

Emotions

Кожны можа стаць ахвярай хібнай інфармацыі.

Не істотна, будзе гэта цынічны падман ці чыясь шчырая аблуда, — хібная інфармацыя стане асновай тваіх рэальных учынкаў. Калі ты лічыш, што гэта не пра цябе — ўжо цябе-та не правядуць! — значыць ты ў групе рызыкі.

Калі ты не вучыўся мысліць крытычна, значыць ты не ўмееш гэта рабіць. Нельга ўмець тое, чаму ты не вучыўся.

Крытычнае мысленне — гэта не талент і не магія інтуіцыі, а звычайны навык. Скіл, які трэба напрацоўваць і практыкаваць штодня, што абсалютна не ўваходзіць у інтарэсы сярэдняга абываталя. У выніку дарослыя дзядзі і цёці з разумным выглядам робяць рэйтынгі «Бітвам экстрасэнсаў» і рознага кшталту ток-шоў "на першым". Інфармацыйны інфантылізм руліць...

Але пара станавіцца дарослымі і несці адказнасць за тое, што мы ведаем. Бо тое, што мы ведаем, у выніку становіцца тым, што мы робім.

Больш за тое, мы самі ёсць тым, што мы ведаем.

Кожны з нас.

S

Source/Крыніца

Хто гэта сказаў?

Ці памятаеш ты крыніцу?

Якая рэпутацыя ў крыніцы?

Імя аўтара і кампетэнцыя?

Першае, што павінна выклікаць самыя сур'ёзныя падазрэнні: інфармацыя занадта добрая, каб быць праўдай. Калі гэта не праверанае выданне, нават не марнуй час на чытанне.

 

А далей па спісе: што за крыніца? якая рэпутацыя ў крыніцы? ці названы аўтар? Справа ў тым, што аўтарства і рэпутацыя — два бакі аднаго медаля. Калі аўтарства прыхоўваецца, стаўся да інфармацыі максімальна скептычна, бо АБС (адна бабка сказала) — ненадзейная крыніца.

 

Часта падказкай пра якасць крыніцы выступаюць фармальныя прыкметы: дызайн, загалоўкі, якасць рэкламы або ейная адсутнасць. Пэўна, ня трэба тлумачыць, што тэкст пад крыклівым эмацыйным загалоўкам з прэтэнзіяй на сэнсацыйнасць, змешчаны на сайце з даменным імём трэцяга парадку сярод нагрувашчэння кантэкстнай рэкламы самай нізкай якасці, без аўтарства і якіх-колечы кантактаў рэдакцыі павінен выклікаць самыя вялікія сумнівы ў сваёй вартасці нават без прачытання.

 

Інвестуй свой час у нешта сапраўды вартае — у цябе яго мала.

 

Асобна трэба сказаць пра наяўнасць рэкламы на інфармацыйным рэсурсе. Любому рэсурсу трэба жыць, а для гэтага трэба грошы. Рэклама дазваляе іх зарабляць, а імя рэкламадаўцы ў пэўнай ступені выступае паручальнікам вартасці крыніцы. Але не забывай, калі табе нешта прапануюць бясплатна, значыць тавар — ты. Калі рэкламы няма, значыць могуць быць спонсары. У такім разе трэба зразумець, каму гэта выгадна, чые інтарэсы ды ідэі абараняе рэсурс. І надалей рабіць на гэта папраўку.

A

Arguments/Аргументы

Што хочуць каб ты
прыняў на веру?

Што падаецца як «бясспрэчны» факт?

Што трэба прыняць бяз доказаў?

Ці ёсць беспадстаўныя сцверджанні?

Ня вер!

 

У рыторыцы сцверджанне, справядлівасць якога трэба давесці, называецца «тэза». Тэза даводзіцца аргументамі — іншымі сцверджаннямі, з якімі аўдыторыя згодная і якія не з'яўляюцца спрэчнымі. Што ў тэксце ты прымаеш як бясспрэчнае?

 

Ці згодны ты з прапанаванай аргумэнтацыяй? Ты не абавязаны з усім пагаджацца.

 

Ці ёсць яна, аргументацыя, ўвогуле?  Неаргументаваная тэза — гэта беспадстаўнае сцверджанне. Вартасць такога сцверджання роўная нулю. Крык ды іншыя эмоцыі не з'яўляюцца аргументамі, апеляцыя да аўтарытэта аргумент слабы. Выбіральная факталогія, адсутнасць альтэрнатыўнага пункту гледжання, прыніжэнне і знявага каго б там ні было — усё гэта яўныя прыкметы маніпуляцыі інфармацыяй і тваімі эмоцыямі. Гэта пазбаўляе іх статусу аргументаў, нават калі «нешта ў гэтам ёсць».

 

Шукай якаснай аргументацыі.

V

Verification/Верыфікацыя

Ці можна спраўдзіць
дэталі?

Аўтарства? Кантакты рэдакцыі? Сапраўднасць фактаў: назвы ўстаноў, імёны, пасады, званні, дакументы, лічбы? Ці пацвярджаюць інфармацыю іншыя сур'ёзныя крыніцы?

Верыфікацыя патрабуе часу, але яно вартае таго.

 

Спраўджвай:
• рэпутацыю і інфармацыйны асартымент выдання — не марнуй свой час на падваротную жаўцізну і прапагандысцкія агіткі;
• імя аўтара матэрыялу, ягоныя кампетэнцыі і рэпутацыю — добрае імя каштуе дорага, ніхто ня стане яго мараць або хаваць без прычыны;
• кантакты рэдакцыі — любая рэдакцыя дае зваротную сувязь, ейная адсутнасць вельмі сур'ёзны знак насцярожыцца;
• цытаты, лічбы, назвы ўстаноў, імёны, пасады, званні, дакументы і любую іншую дакладную інфармацыю — перадусім першакрыніцы і наколькі яны вартыя даверу;

• ці пацвярджаюць інфармацыю іншыя крыніцы — іх мае быць як мінімум дзве, гэта называецца парвілам трох крыніц (твая+дзве іншыя).

 

Усвядомь сувязь:
• спачатку ты прымаеш інфу і тым самым убудоўваеш яе ў свой светапогляд;
• пасля на гэтай базе ты фармуеш меркаванні, плануеш дзеянні і прагназуеш іхнія наступствы;
• і ў выніку ты робіш канкрэтныя ўчынкі.

 

Калі інфармацыя была хібнай, хібнымі будуць меркаванні і, што самае непрыемнае, ўчынкі. Але вінаваты ў гэтым будзеш ты сам. Бо не захацеў падумаць сваёй галавой. Зразумей, нікому няма справы да адэкватнасці тваёй карціны свету. Гэта толькі твой клопат.

E

Emotions/Эмоцыі

Ці ёсць ў інфармацыі
апеляцыя да эмоцый?

Апеляцыі да патрыятызму, духоўнасці і традыцый?

Заклікі да гонару нацыяй ды подзвігамі дзядоў?

Шчымлівыя здымкі заплаканых дзяцей?

Дзе пануюць эмоцыі, розум — спіць.

 

Замена аргументаў эмоцыямі недапушчальная — гэта першая прыкмета маніпуляцыі.

 

Насцярожвайся кожны раз, калі цябе заклікаюць нешта адчуць. Не прыняць да ўвагі, не падумаць, а менавіта адчуць. Эмоцыі, нават самыя шчырыя і справядлівыя — не аргумент.

 

Эмоцыя аўтара — гэта крык. А на крык чалавек пераходзіць або калі яго ня чуюць, або калі ў яго сканчаецца аргументацыя. І сам не падвышай голас, а ўдасканальвай аргументы.

 

Калі табе прапануюць нечым ганарыцца, ня важна чым: рэлігійнай, нацыянальнай або любой іншай прыналежнасцю, маркай аўто ці памерам геніталій — на цябе ўздзейнічаюць дыструктыўнай ідэяй. Гэта звычайная практыка ўздзеянняна на дэградуючага імпульсіўнага чалавека. Пакінь і не карыстайся больш гэтай крыніцай, не забівай сабе галаву глупствам.

 

Ня трэба станавіцца безэмацыйным. Зрэшты, гэта і не атрымаецца. Эмоцыі важныя. Калі крытычная праца з інфармацыяй стане для цябе звыклай справай, менавіта яны пачнуць падказваць, што нешта ня так.

 

Пакуль такіх навыкаў няма трэба старана сачыць за лагічнасцю, паслядоўнасцю і канструктыўнасцю ўласных развагаў. Заўсёды адзначаць і асэнсоўваць свой эмацыйны водгук на атрыманую інфармацыю (дзеці ў слязах, наматаныя на вусені танка кішкі, руіны...). А таксама сачыць за рытарычнымі прыёмамі ды эмацыйнымі акцэнтамі аўтараў.

 

Натуральна, бываюць эмацыйныя публіцыстычныя тэксты, але трэба разумець, што гэта публіцыстыка — аўтарскі, у пэўнай ступені мастацкі, твор. І тут ты сам вырашаеш, каму дазволіць звяртацца да цябе ў падобнай манеры. Але якасны журналісцкі матэрыял, тым болей навінасны, эмоцый утрымліваць не павінен.

Яшчэ тры рэкамендацыі

Твой давер мае каштаваць вельмі дорага. Ён павінен грунтавацца на жалезных аргументах і правераных фактах.

«Адкуль я гэта ведаю?»

«Ці не памыляюся я?»

«Адкуль ты гэта ведаеш?»

 

Фільтраваць інфармацыю — значыць актыўна працаваць з ёй: аналізаваць, разбіраючы на складовыя, і крытычна
асэнсоўваць кожную з іх.

SAVE-фільтр — не панацэя. Гэта проста інстумент, якім варта навучыцца карыстацца.

 

Прагані праз фільтр пару дзесяткаў навінасных паведамленняў. Чым больш разоў ты гэта паўторыш, тым прасцей табе будзе праводзіць аналітычную працу «на аўтамаце».

 

Увядзі прапусканне інфармацыі праз гэты фільтр у звычку і ў хуткім часе зразумееш, наколькі табе гэтага не хапала.

Крытычнае мысленне —
гэта інструмент, скальпіль,
якім можна прэпараваць
любую інфармацыю.

© sceptic.club 2018