Маральная ацэнка як сурагат мыслення

Часам можа здавацца, што ты мысліш. Але гэта не так. У цябе будзе поўнае адчуванне, што акт напружвання мазгоў меў месца, і ўсё ж гэта будзе ілюзіяй. 



Ярлыкі «добра» і «дрэнна» выглядаюць як сапраўднае меркаванне.
Такое дарослае і ўзважанае. Што заканамерна дае адчуванне разумення: «вось я падумаў, і прыйшоў да высновы, што...». У сілу сваёй простасці, падобны «аналітычны» метад карыстаецца шырокай папулярнасцю. Але гэта толькі ілюзія. Ілюзія мысліўнага працэсу. У аснове якой простая рэфлекторная рэакцыя (прывітанне ад прафесара Паўлава). Дынамічны стэрэатып, сфармаваны папярэднім досведам. Актуалізаваныя шаблоны, перакананні і каштоўнасці, якія ў імгненне вока даюць адчуванне паўнаты інфармацыі аб прадмеце. Карацей, проста ТВАЕ эмоцыі і тваё ж стаўленне да іх.

Ацэнваючы нешта, дапусцім чужы ўчынак, як добры або дрэнны, ты несвядома адказваеш на стандартны набор пытанняў:
Наколькі моцна ён мяне крануў?
Наколькі супярэчыць маім перакананням?
Што зрабіў бы я?
Канечне, лічыць сябе кропкай адліку вельмі зручна і прыемна. Такі сабе маральны ананізм. Толькі гэта ніколькі не дапамагае табе лепш разумець свет людзей.

 

Мы судзім замест таго, каб думаць.

 

Ацаніць уласныя эмоцыі з нагоды сітуацыі і разабрацца ў сітуацыі — гэта зусім не тое самае.
Спрабаваць разабрацца ва ўчынку іншага чалавека, разглядаючы сябе, тое самае, што пашыць касцюмчык для пікенэса паводле сваіх мерак.

Усе людзі розныя. Вельмі проста зрабіць учынак чалавека арганічнай часткай ягонай натуры і патлумачыць усё тым, што ён мудак. Але зусім не абавязкова быць мудаком, каб зрабіць мудацкі ўчынак. Бессэнсоўна ацэнваць учынак чалавека, разглядаючы яго па-за кантэкстам, у якім ён дзейнічаў. Кожны з нас — гэта нервовая сістэма, прыстасаваная да існавання ў пэўным асяроддзі. Прыродным і, што для нас асабліва важна, сацыяльным асяроддзі.

 

Учынак = Досвед + Кантэкст

 

Такая вось простая формула.
Можна сцвярджаць: чалавек=асяроддзе. Але ніяк не: учынак=чалавек.

Кожны з нас — прадукт свайго лёсу. Сума ўмоўных рэфлексаў, назапашаных за гады жыцця. Фактычна, любы ўчынак чалавека — вынік усяго ягонага папярэдняга досведу.
Таму фраза «можна было зрабіць іначай» — яшчэ адзін спосаб увесці сябе ў зман. Насамрэч, ня мог. Чаму? Адказаць на гэтае пытанне і значыць Падумаць.

У любы момант часу чалавек робіць тое, што можа зрабіць. І ніяк іначай. Гэта складана ўсвядоміць, але ўсвядоміўшы пачынаеш бачыць ЛЮДЗЕЙ, а не свае эмоцыі з нагоды іхніх учынкаў. І патрэба судзіць адпадае сама сабой.

Якой бы відавочнай ні здавалася сітуацыя выбару, усё гэта толькі развагі заднім розумам, якім, як вядома, усе мы вельмі дужыя. Лёгка быць памяркоўным, азіраючыся назад.
Акрамя таго «Зрабіць іначай» азначае сітуацыю выбару, якую ты сабе ўявіў. Але наколькі твая ўява — твая мадэль сітуацыі чужога выбару — адпавядае рэчаіснасці? Колькі часу ты патраціў, каб даведацца пра дэталі? Якія крыніцы ты скарыстаў?

 

Калі ты абмежаваўся маральным меркаваннем, значыць ты не падумаў.

 

У канцэнтраваным выглядзе гэты кагнітыўны лайфхак практыкуюць адэпты рэлігійных культаў. Думаць, разважаць і задаваць пытанні ім забараняе само рэлігійнае вучэнне, «дабы не ўпасці ў ерась». Усё, што трэба верніку, гэта — Кніга, у якой змешчаны адказы на ўсе пытанні, надыктаваная самім іхнім баством. І ёсць дагматы, выведзеныя з гэтай кнігі, якія лёгка фарбуюць свет у чорнае і белае. Без адценняў. Развешваць ярлыкі паводле гэткай немудрагелістай інструкцыі лёгка, што выглядае надзвычай прывабна.

Спробы па-сапраўднаму разабрацца прыводзяць да цікавага эфекту — маральная ацэнка губляе сэнс. У лепшым выпадку, яна не дае ніякай новай інфармацыі. У горшым ты пачынаеш памыляцца, прымаючы за веды развешаныя маральныя ярлыкі. Падобны падыход да ўспрымання людзей узвышае цябе, як носьбіта багатага нутранога свету, чалавека ўдумлівага і вартага ўвагі. І спрашчае астатніх, часам да ўзроўню клінічных ідыётаў.
Але што калі ўсё наадварот?..

 

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...