Мастацтва абражаць. Найлепшы спосаб пачаць мысліць.

                       


Мастацтва абражаць. Найлепшы спосаб пачаць мысліць.

Калі ў цябе ёсць улюбёная, дарагая ідэя, яе трэба штурмаваць, здзеквацца з яе, прыпякаць яе. Чым ідэя даражэй і бліжэй, тым бязлітасней з ёй трэба быць.


Авалодай мастацтвам абражаць.

Абражаць у першую чаргу самога сябе.

Пра якое мастацтва можа ісці гаворка? Гэта даволі тонкая тэма і табе варта засяродзіцца, каб зразумець ейную сутнасць. Але вынік табе спадабаецца. 

Сярэдняга абываталя абразіць даволі проста. Большасцю homo гэты ўмоўны рэфлекс засвоены на выдатна. Задай элементарнае пытанне ў дыскусіі «адкуль ты гэта ведаеш» і большасць суразмоўцаў успрымуць гэта як пераход на асобы. І абразяцца. НатурШто ёсць для большасці натуральнай абарончай рэакцыяй ў абарону сваёй некампетэнтнасці.

 

У кожнай сацыяльнай групе ёсць свае ідэі-трыгеры, чырвоныя анучы, на якія людзі рэагуюць экспрэсіўна, агрэсіўна і, што самае дрэннае, бяздумна (стэрэатыпна). Пытанні рэлігіі, нацыянальнай годнасці і памяці, класавай прыналежнасці — любая ідэалагічная сістэма існуе толькі дзякуючы нашай несвядомай адмове асэнсоўваць ейныя дагматы крытычна.

 

Зрэшты, часта людзі абражаюцца проста па завядзёнцы, у сілу сацыяльнага канфармізму. Калектыўна чым-небудзь абразіцца (тэорыяй эвалюцыі, роўнасцю правоў неграў ці проста кругласцю Зямлі) даўняя забава мас.

Але для чалавека мыслячага абраза гэта цудоўна!

Гэта найлепшы сродак для выяўлення слабых месцаў. Як у чужой карціне свету так і ва ўласнай. Але ня варта лішні раз выпрабоўваць чужую вытрымку, у рэшце гэта можа спрычыніцца да траўм і нявецтваў (хаця часам гэта ўсё ж такі абавязкова трэба рабіць). Пачні з сябе. У прыватнасці, з уласных ідэй.

Назірай за сабой. Выпрабоўвай свае ідэі і перакананні любымі пытаннямі, без абмежаванняў. Будзь бязлітасны. Усе хібы ў тваім светапоглядзе будуць адгукацца непрыемным пачуццем абразы: «Не... не! Так нельга казаць! Так нельга думаць! Святатацтва! Блюзнерства! Гэта ж святое!..».

 

Пачуцце абразы — гэта звычайны дынамічны стэрэатып

 

Абражаючыся, ты рэагуеш, навешваючы на словы, думкі ці ідэі пэўны маральна-этычны ярлык — «дрэнна!» або «так нельга!» — і гэта дае адчуванне свядомай рэакцыі. Але гэта толькі адчуванне. Ніякага акту думання не было, ты не прымаў рашэння так зрабіць. Проста спрацаваў рэфлекс — дынамічны стэрэатып.

Асуджэнне замяняе разуменне.

Імкненне судзіць не замяняе мысленне.

Павесіць маральны ярлык ня значыць выпрацаваць меркаванне.

 

Калі хочаш навучыцца бачыць свет як ёсць, пазбаўляйся звычкі абражацца. Дазваляй сабе задавацца любымі пытаннямі з любой нагоды, дазваляй сабе думаць і дапускаць што заўгодна.

 

Абраза ўзнікае тады, калі нехта наважваецца назваць рэчы сваімі імёнамі.
Будзь гэтым чалавекам.

Вельмі добра па гэтай тэме выказваецца расійскі публіцыст Аляксандар Няўзораў. Тэрмін «мастацтва абражаць» запазычаны менавіта ў яго (калі цікава, пагуглі). Ён жа дае рэкамендацыю, калі абражаць іншага ня толькі можна, але і карысна: «...ніколі ня трэба ўпускаць магчымасць паздзеквацца з улады. Для гэтага можна выкарыстоўваць любую нагоду, а калі яе няма, то яе трэба стварыць. А ўжо выціранне ног аб розныя святыні — гэта самая важная частка прафесіі публіцыста. Зрэшты, разнастайнасць святынь абавязвае і да разнастайнасці падэшваў. Большасць святынь ядавітыя і патрабуюць трывалага пратэктара на чаравіках.» 

Падобныя матэрыялы