Мыслі крытычна перад тым як мысліць крытычна

                       


Мыслі крытычна перад тым як мысліць крытычна

Празмернасць інфармацыі ў Інтэрнэце прывяла да «інфармацыйнага смогу». Палітыкі, настаўнікі і бацькі заклікаюць надаць больш увагі развіццю крытычнага мыслення ў школьнай адукацыі. Але што такое крытычнае мысленне, і ці можам мы сапраўды чакаць, што людзі будуць паслядоўна і паспяхова займацца гэткім мысленнем, маючы мноства іншых тэм кожны дзень, над якімі трэба падумаць? Кароткі адказ — не.


 

Адзінага ўніверсальнага азначэння, што такое крытычнае мысленне няма. Зрэшты, гэта і ня важна. Так ці іначай гэта: адкрытасць новаму, інтэлектуальная гнуткасць і навыкаў думаць пра ўласныя ідэі і кагнітыўныя скажэнні. Але незалежна ад азначэння, даследчыкі кажуць, што людзям вельмі складана вучыцца мысліць крытычна, асабліва калі яны спрабуюць гэтаму вучыцца па-за акадэмічным сістэматызаваным падыходам.

Дык чаму мысліць крытычна такая складаная задача?

Магчыма таму, што крытычная ацэнка інфармацыі патрабуе вялізнай колькасці ведаў, якімі ўжо павінен валодаць чалавек, і звычкі ставіць пытанні да дадзеных і самога сябе. Нават ва ўласнай сферы кампетэнцыі чалавеку можа быць вельмі цяжка мысліць крытычна (медык пра лекаванне, інжынер пра канструкарскія рашэнні),

бо гэта асобны навык, які трэба рупліва напрацоўваць штодня.

Такім чынам, проста бессэнсоўна чакаць, што чалавек будзе думаць крытычна над пытаннем, якое ляжыць па-за межамі ягонай кампетэнцыі. Думаць крытычна над медычнымі, тэхнічнымі або навуковымі пытаннямі, ня будучы ў гэтых сферах экспертам, — нерэальная задача, бо няма ні адпаведных навыкаў, ні вялікай колькасці спецыфічных ведаў. Але сучасны свет патрабуе крытычнага асэнсавання вялікай колькасці розных тэм, ад біялогіі да палітычных навук.

Сёння цяжка стаць экспертам нават у якой-небудзь адной вобласці, што ўжо казаць пра некалькі.

То як дапамагчы людзям даць рады ўсёй той інфармацыі, з якой ім даводзіцца сутыкацца па жыцці?

Адказ ляжыць у перавызначэнні крытычнага мыслення.
Прычым, незалежна ад таго, якое з мностваў азначэнняў мы возмем, галоўнае — практычная сутнасць гэтай задачы. 

Па-першае, добры крытычны мысляр ведае, ці хапае яму ведаў у канкрэтным пытанні для прадметнай ацэнкі довадаў і доказаў. Назавем гэта «разважанні першага парадку».

Па-другое, добры крытычны мысляр валодае навыкамі самапазнання і метакагнітыўнага мыслення (мысленне пра тое, як ты мысліш), каб магчы дакладна вызначыць, калі ведаў і ўменняў дастаткова для самастойнага фармавання меркавання, а калі трэба звярнуцца да экспертаў у дадзенай тэме і кампетэнтных крыніц. Назавем гэта «разважанні другога парадку».

Такім чынам,
часам якаснае крытычнае мысленне патрабуе толькі разважанняў першага парадку. Калі вы сапраўды эксперт у прадмеце. Але часцей патрабуюцца метакагнітыўныя навыкі, каб зразумець, што ў дадзеным выпадку ўласных ведаў яўна недастаткова і трэба пераключыцца на разважанні другога парадку — вызначыць кампетэнтных экспертаў і крыніцы.

То, калі чалавек мае экспертызу (тэарэтычныя веды, досвед і навыкі), каб кампетэнтна ацэньваць інфармацыю і доказы ў канкрэтным пытанні, то ён можа абмежавацца разважаннямі першага парадку, то бок задзейнічаць уласныя кагнітыўныя навыкі.
Разам з тым, калі чалавек НЕ валодае дастатковай экспертызай, што тычыцца кожнага з нас у большасці выпадкаў, якаснае крытычнае мысленне патрабуе ўсведамлення, што трэба пераключыцца на разважанні другога парадку:

супастаўляць і ацэньваць КРЫНІЦЫ інфармацыі з выкарыстаннем сваіх кагнітыўных навыкаў.

Выснова вельмі простая, але разам з тым людзі робяць так вельмі рэдка: мы павінны думаць крытычна пра тое, ЯК менавіта мы мыслім крытычна. Гэта значыць, што часта трэба ацэньваць крыніцы, а не інфармацыю саму па сабе.

 

Jeffrey A. Greene and Brian M. Cartiff of the University of North Carolina at Chapel Hill.
Крыніца: psychologytoday.com

Падобныя матэрыялы