Гэтай думцы ўжо некалькі тысяч гадоў і яна паспела набіць у свядомасці пакаленняў добрую аскому. Мо, паўтораная мільён разоў, таму яна і мае такі мізэрны ўплыў, нягледзячы на сваю вартасць? Ці прычыны глухаты больш глыбокія і палягаюць у чалавечай прыродзе?
Сучасныя навуковыя доследы дазваляюць па-новаму зірнуць на гэты аспект чалавечых паводзінаў. Як выявілася, тэма аўтарытэту і нашага, чалавечага, да яго стаўлення амаль бяздонная. Яна пралівае святло на шмат якія гістарычныя падзеі, даючы адказ на пытанне «як такое магло здарыцца». Верагодна, карысці было б нашмат больш, калі б замест «Злачынства і пакарання» праходзілі «Падначаленне аўтарытэту» Стэнлі Мілгрэма. Але, падобна, у школы іншыя задачы (або метады), таму (да)адукоўвацца кожнаму даводзіцца сваімі сіламі. Дзякуючы некаторым унікумам (у самым лепшым сэнсе гэтага слова) працэс самаадукацыі спрашчаецца ў разы. Валянцін Конан, аўтар каналу Smash, — адзін з такіх талентаў. Вельмі каротка, канструктыўна і цікава ён асвятляе вельмі складаныя пытанні. За што яму вялізны дзякуй.