A — arguments. Або якія вашыя доказы?

                       


A — arguments. Або якія вашыя доказы?

Пільная ўвага да аргументацыі — гэта другі слой SAVE-фільтру. Усё проста: ёсць тэкст, а ў ім асноўны пасыл — тэза. Аргументы — гэта тое, што пацвярджае тэзу. Больш за тое: аргумент гэта маленькая ісціна для АБОДВУХ БАКОЎ — тое, з чым згодны і аўтар тэксту, і ты. Прыводзячы аргументы, аўтар тэксту разлічвае на тваю згоду з імі./p>

Калі пытанне крыніцы мае большае значэнне пры ацэнцы навінасных паведамленняў, то пытанне аргументацыі паўстае пры аналізе аналітыкі і публіцыстыкі.

Такім чынам, ключавое пытанне пры аналізе аргументацыі:


З ЧЫМ ХОЧУЦЬ КАБ ТЫ ПАГАДЗІЎСЯ?


Якія аргументы хочуць, каб ты прыняў? І тут трэба быць вельмі ўважлівым, бо:
а) ты можаш прыняць хібныя аргументы з прычыны банальнай няўважлівасці;
б) ты можаш прыняць хібныя аргументы з прычыны недастатковай кампетэнцыі;
в) ты можаш паставіцца да аргументаў эмацыйна заангажавана.

З двума першымі пунктамі ўсё зразумела – проста трэба захоўваць пільнасць і памятаць, што ты сам ня ў стане ведаць усё. Часам трэба кансультацыя спеца ці хацябы пагугліць пытанне.

З апошнім пунктам – эмацыйнай заангажаванасцю – усё складаней. Праблема ў тым, што вельмі цяжка не пагадзіцца з тым, што пацвярджае твае ўласныя думкі. Мы з радасцю праглытваем падобныя аргументы, бо яны ёсць тым, што мы хацелі пачуць – нам гэта падабаецца чуць. Нават калі яны абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці.

Ёсць рэчы, якія нам прыемна чуць проста ў сілу таго, што яны адпавядаюць нашаму светапогляду. Якім бы недарэчным гэты светапогляд ні быў. Іначай гэта можна назваць эмацыйным мысленнем, то бок мы не думаем, мы – адчуваем. А дзе пануюць эмоцыі розум, як вядома, спіць.

 

Напрыклад, перад табой артыкул “Усе бабы – дуры”. Загаловак у дадзеным выпадку – тэза. Усё, пра што вядзецца ў тэксце, гэта – аргументы на карысць тэзы. Задача аўтара – прывесці такія аргументы, з якімі пагодзіцца патэнцыйны чытач, то бок ты. Твая задача – ацаніць аргументы і на гэтай падставе зрабіць выснову пра тэзу: згодны або не.

Пры ўсім, што напісана вышэй, трэба памятаць, што і сам аўтар тэксту можа быць нязгодны з уласнай аргументацыяй. У гэтым выпадку мы маем справу з маніпуляцыяй, а дзе ёсць маніпуляцыя, даверу месца няма.