S — source. Адкуль я гэта ведаю?

                       


S — source. Адкуль я гэта ведаю?

Крыніца — гэта ключавы крытэр пры ацэнцы інфармацыі. Рэпутацыя крыніцы і капметэнтнасць — вось тое, што надае фактам вагу. У рэшце рэшт, ты мусіш разумець, што кампетэнцыя любога чалавека ў большасці пытанняў набліжаецца да нуля. Таму у спрэчцы кожны даказвае ня столькі вартасць сваіх довадаў, каштоўнасцяў, меркаванняў, колькі вартасць крыніц, з якіх ён чэрпае факты.


 «Адкуль гэта вядома?» — гэта першае пытанне, якім трэба сустракаць любую новую інфармацыю. Гэта залатое пытанне, універсальнае. Запомні яго! Паўтары сто разоў. Напішы вялікімі літарамі на люстэрку і месяц не змывай. Авалодаць крытычным мысленнем, насамрэч, вельмі проста — навучыся задаваць гэтае пытанне:

 

АДКУЛЬ ГЭТА ВЯДОМА?

 

Часта, адказаўшы на гэтае пытанне, больш нічога рабіць ня трэба — усё становіцца відавочна. 

Насамрэч, пытанне «адкуль я гэта ведаю» значна глыбейшае, чым можа падацца на першы погляд.  Бо гэта пытанне пра тое, як мы мыслім. Пра метадалогію і кагнітыўныя інструменты. Цэлы раздзел філасофіі — эпістэмалогія — займаецца ім. Мысленне пра мысленне, так гэта каротка фармулююць філосафы. А яшчэ кагнітывістыка, як міждысцыплінарны накірунак. 

Акрамя таго, названае пытанне — магутны рытарычны прыём. Калі апанент робіць нейкае сцверджанне, запытай у яго — адкуль ён гэта ведае. Іншым разам гэта як сярпом па тэстыкулах. 

Але ёсць адзін важны момант. Галоўная істота ў тваім жыцці, якая можа паверыць у што заўгода, пераканаць цябе ў чым заўгодна ці папросту падмануць — ты сам. Прапусці свой светапогляд праз фільтр пытання крыніцы. Перш як нешта сцвярджаць, задумайся — адкуль табе гэта вядома?

Пляваць на астатніх. Ратуй сябе.

То, перш як некаму задаваць гэтае пытанне, — задай яго самому сабе.

 

АДКУЛЬ Я ГЭТА ВЕДАЮ?

 

Ці часта ты пытаеш у сябе гэта? Наўрадці. Але толькі пасля таго, як больш-менш адчуеш упэўненасць, што адказваеш за свае словы, думкі, меркаванні, бо яны абгрунтаваныя вартымі даверу крыніцамі, можаш пачынаць выкарыстоўваць гэтае пытаньне як зброю ў дыскусіі.

Зрэшты, рабіць гэта надта часта ня варта — не пладзі сабе ворагаў. Людзі ня любяць выглядаць дурнямі. Заўсёды пакідай апанентам шлях адступлення, каб ён мог захаваць твар. Гэта важна. 

Запомні гэтыя пытанні. У іх сутнасць крытычнага мыслення:

Адкуль Я гэта ведаю? 
Адкуль ты гэта ведаеш? 
Адкуль ён/яна/яны гэта ведаюць?

 

Чаму гэтае пытанне мае такі эфект? Справа ў тым, што чалавечая памяць далёкая ад дасканаласці. Мы памятаем менш, чым хочацца і нашмат меней, чым нам здаецца. Крыніца асноўнай часткі нашых ведаў пра свет — культура. Сям’я, школа, вуліца, СМІ… Абсалютную большасць фактаў, якімі ты валодаеш, табе нехта паведаміў, у шырокім сэнсе. Табе кажуць — ты верыш. І запамінаеш.

Напрыклад, яшчэ ў раннім дзяцінстве кожнаму з нас паведамілі, што Зямля круглая. І кожны з нас паверыў, хаця для дзіцяці такі факт можа падацца дзіўнаватым (бо ўзнікае пытанне: чаму мы з яго ня падаем?). Але ўжо будучы ў першым класе пытанне кругласці Зямлі не ўзнікае, бо мы гэты факт: 
а) пачулі; 
б) асэнсавалі; 
в) зрабілі часткай сваёй карціны свету; 
г) спраўдзілі – усе, з кім мы стасуемся, ведаюць пра форму Зямлі тое самае.

Усё! Гэты факт стаў аксіёмай — ён не патрабуе доказаў. Больш за тое, пачынае здавацца, што мы ведалі гэты факт заўсёды. Што з гэтай ведай мы папросту нарадзіліся. І падобным чынам мы схільныя ставіцца да любой інфармацыі, што захоўвае нашая памяць. Але ж гэта ня так. Веды не перадаюцца генетычна. Усё (99,9%), што мы ведаем, нам нехта сказаў. Доля ведаў, атрыманых эмпірычным шляхам, вельмі малая. 

І што з таго? Здавалася б, ну, так: мне сказалі, я пачуў — што ня так? Праблема ў тым, што ня ўсе факты, што нам паведамляюць, адпавядаюць рэчаіснасці. Некаторыя факты недакладныя, некаторыя памылковыя, а некаторыя проста ілжывыя. Але ўсё, што трапляе ў памяць праз давер, станоўчае эмацыйнае стаўленне, набывае статус ісціны і становіцца часткай Я. Ад гэтай інфармацыі ўжо нельга проста так адмовіцца. Бо прызнаваць памылкі цяжка… Прызнаць жа памылкай тое, на аснове чаго гадамі жывеш, плануеш будучыню і робіш учынкі — яшчэ ў тысячу разоў цяжэй. Гэта як адарваць ад сябе кавалак свайго Я. Балюча. Часам настолькі балюча, што чалавек вырашае нічога не мяняць і жыць далей паводле сваёй персанальнай ісціны.

 

Не шкадуй сябе. Задавай сабе самыя няёмкія пытанні. Няма пытанняў амаральных ці недарэчных — усё павінна быць навідавоку. Усё павінна быць асэнсавана. Выкрывай свае хібы. Радуйся, калі заўважаеш памылку. І пільнуй свае крыніцы. Адбірай іх, ацэньвай. Заўсёды будзь уважлівы і скептычны. 

 

Такім чынам, мы рэдка памятаем крыніцы нашых ведаў. Чаму гэта важна? Глядзі: калі крыніца — кніга Х, то гэта значыць, што ёсць канкрэтны аўтар, у аўтара ёсць рэпутацыя, пацверджаная ягонай прафесійнай супольнасцю — медалі, граматы, сертыфікаты водгукі і ўсё такое. Калі ж крыніца — ты сам, то… гэта называецца песпадстаўнае сцверджанне. Галаслоўнае выказванне. І гэта справядліва, бо кожны з нас спэцыяліст у сваёй вузкай вобласці. Калі ты настаўнік літаратуры, то што ты можаш ведаць пра ГМА, калі ты хімік — што ты ведаеш пра геапалітыку, калі ты палітык, то… Усё гэта становіцца проста рытарычнымі пытаньнямі.

Ведай і старана адбірай свае крыніцы.