Верыфікацыя — гэта ўжо некалькі больш глыбокі ўзровень аналізу інфармацыі. Верыфікацыя крыніц і аргументаў дазваляе атрымаць куды больш поўную карціну, чым ёсць тэкст, які ты аналізуеш. Разам з тым верыфікацыя патрабуе значна больш часу і натхнення. Але час, патрачаны на верыфікацыю, варты таго. Будзеш ты кіравацца адэкватнай інфармацыяй пра свет або выдумкамі якіх-небудзь невукаў, прапагандыстаў ці казачнікаў — цалкам залежыць ад цябе. Але ад інфармацыі, што захоўвае твая памяць, ад ейнай якасці, а гэта значыць праўдзівасці, наўпрост залежаць твае ацэнкі, каштоўнасці і ўчынкі.
Першае пытанне пры верыфікацыі:
ЦІ МОЖНА СПРАЎДЗІЦЬ КРЫНІЦЫ?
На этапе S-source — аналізу крыніц — мы задаемся агульным пытаннем : “адкуль гэта вядома”, і часта нам дастаткова проста даведацца пра назву крыніцы. Калі яна на слыху, то і ейная рэпутацыя стаецца відавочнай . Рэпутацыя ж іншых крыніц можа быць неадназначнай, у гэтым разе лепей-такі патраціць час, каб скласці для сябе ўяўленне пра ейны характар. А часам здараецца так, што спраўдзіць рэпутацыю немажліва — проста ў тваёй інфармацыйнай прасторы гэтая крыніца новая. У гэтым разе верыфікацыя вельмі пажаданая.
Другое ключавое пытанне пры верыфікацыі тэксту:
ЦІ МОЖНА СПРАЎДЗІЦЬ АРГУМЕНТЫ?
Ёсць простыя аргументы, якія або не патрабуюць доказу ўвогуле — аксіёмы, або гэта рэчы, зразумелыя большасці ў сілу сваёй лагічнасці. Але часта мы маем справу з аргументамі, якія немажліва ацаніць ані з пазіцыі досведу, ані з гледзішча здаровага сэнсу.
Напрыклад, вядомыя ўсім брытанскія навукоўцы. У Брытаніі сапраўды працуе шмат таленавітых навукоўцаў, якія і праўда рухаюць навуку наперад. Але ў гэтых навукоўцаў ёсць імёны, а ўстановы, дзе яны працуюць, маюць назвы і рэпутацыю. Акрамя таго, публікацыю іхніх доследаў заўсёды можна знайсці (хоць у нейкім выглядзе) у навуковых рэцэнзаваных выданнях. Калі ж у тэксце ад імя брытанскіх навукоўцаў падаецца нейкая інфармацыя, але пры гэтым не падаецца ні імёнаў, ні устаноў, ні спасылак на арыгінальную публікацыю, то гэта або вельмі непрафесійны навінасны тэкст, або фэйк.
Брытанскія навукоўцы, аўстралійскія медыкі, расійскія фізікі, ізраільскія астраномы, французскія вінаробы… Адсылка пры аргументацыі да падобных няпэўных крыніц мае адну агульную фармулёўку: АБС — адна бабка сказала.
Акрамя таго, у навукі няма нацыянальнасці. Любое навуковае дасягненне базуецца на дасягненнях навукоўцаў-папярэднікаў з самых розных краін.
Асобна трэба сказаць пра патрэбу валодання некаторымі тэхнічнымі навыкамі пры верыфікацыі інфармацыі. Складанага тут нічога няма — варта толькі некалькі разоў імі скарыстацца, каб запомніць і заўжды мець на ўзбраенні. Падрабязна пра гэта чытай ТУТ.
Яшчэ раз: у любой інфармацыі ёсць крыніца — яе можна спраўдзіць. У крыніцы, як правіла, ёсць:
а) рэпутацыя: гісторыя дзейнасці, рэцэнзаванне, меркаванне адмыслоўцаў ці проста водгукі карыстальнікаў;
б) рэквізіты: сайт, юрыдычны адрас, кантактная інфармацыя…
Акрамя таго, у любой інфармацыі ёсць аўтар, які мае:
а) імя;
б) прафесійную кампетэнцыю;
в) рэпутацыю.
Неадназначная, дыскутыўная складаная інфармацыя заўсёды мае патрэбу ў аргументах. Кожны з іх — можна праверыць. І спадзявацца на інтуіцыю тут нельга. У аснове інтуіцыі — эмацыйнае мысленне. Інтуіцыя цудоўная штука і часам проста незамяняльная, але толькі не ў выпадку аналізу аргументацыі.
Будзь скептычны, будзь строгі, будзь прыдзірлівы, задавай пытанні і правярай усё, што можаш праверыць — верыфікуй. Толькі так ты зможаш абараніць сваю свядомасць ад смецця і фэйкаў.