Чалавек — глыбока эмацыйная істота. Мы створаны, каб адказваць пачуццямі на пачуцці. Мы будзем адказваць эмоцыямі на эмоцыі як звычайнаму суразмоўцу, так і медыйнаму тэксту. Менавіта гэтая ўласцівасць нашай псіхікі найчасцей становіцца слабым месцам, калі мы сутыкаемся з маніпулятарам.
Аналізуючы любы медыйны тэкст абавязкова трэба задацца пытаннем:
ЦІ НЕ ШТУРХАЮЦЬ ЦЯБЕ ДА ЭМОЦЫЙ?
Эмацыйныя словы і вобразы гэта добры мастацкі прыём. Але гэтаму прыёму месца ў рамане або меладраме. Журналісцкі тэкст не павінен утрымліваць апеляцый да эмоцый. Увогуле, наяўнасць эмоцый — не злачынства, нават у журналісцкім тэксце. Часам гэта апраўдана. Але якасны навінасны або аналітычны матэрыял не павінен утрымліваць яўных апеляцый да эмоцый. У журналістыцы эмацыйнасць часта выконвае ролю аргумента, калі аргументаў няма ці яны скончыліся. Эмоцыя як аргумент, як табе?
ЭМОЦЫЯ — НЕ АРГУМЕНТ
Ніколі. Ні пры якіх умовах эмоцыі не павінны ўплываць на агульную ацэнку аргументацыі. Нават калі яны справядлівыя. Нават калі ты цалкам падзяляеш перажыванні — трывай. Будзь вышэй за гэта. Улічвай толькі факты, якія можна праверыць.
У асобных выпадках эмоцыі ў тэксце — гэта крык. Такім чынам аўтар намагаецца прыцягнуць увагу чытача. І гэта працуе. «Краіна ў небяспецы!», «Радзіме трэба твая дапамога!», «Боль, пекла, журба і пакуты — мы ўсе памрэм!» Падобныя загалоўкі бачыў кожны. Іхняя задача мінімум — прыцягнуць увагу, максімум — змусіць паверыць, прыняць увесь тэкст без крытычнага аналізу.
Эмацыйны зварот лёгка прабівае крытычны настрой абываталя.
Прычына такой сілы эмоцый у іхняй прыродзе — гэта старажытны біялагічны механізм, які дапамагае выжываць. І гэты механізм слаба падпарадкоўваецца свядомасці. Мы можам у пэўнай ступені кантраляваць працяканне перажывання эмоцый — хаваць страх або радасць, але ня можам забараніць ім узнікаць. Тое самае тычыцца і эмпатыі: схільнасць да суперажывання гэта падсвядомы механізм — ён спрацоўвае без нашай волі.
Таму, калі бачыш, што цябе штурхаюць да суперажывання, закідваюць слёзавыціскальнымі здымкамі ці патрыятычнымі лозунгамі — будзь вельмі ўважлівы. Адкажы сабе на пытанне:
з якой мэтай аўтар так настойліва цягнецца да тваіх душэўных струн?
Калі эмоцыя ў загалоўку — адразу стаў пад сумніў увесь тэкст. Эмоцыя ў загалоўку — гэта крык, выбух петарды, са звонам разбітая шыба. Такі тэкст — гэта не інфармацыя, а заклік, агітка, прапаганда.
Акрамя эмоцый, натуральна, ёсць яшчэ мноства спосабаў маніпуляцый. Нават не існуе дасюль дакладнага пераліку. Арсенал маніпуляцый у інфармацыйных круцялёў вельмі шырокі. Але апеляцыя да эмоцый, бадай, самы відавочны спосаб абысці тваю крытычнасць. Памятай: дзе пануюць эмоцыі — розум спіць.