Ці можна і ці трэба? Апошнім часам гэтае пытанне можна пачуць часта (адзін, два). Здаецца, адказ відавочны — канечне. Але выяўляецца, што так думаюць не ўсе.
Шмат хто лічыць, што размова пра палітыку гэта сварка на кухні на тэму «ты за каго, за чырвоных ці за белых?» «І што мне сказаць свайму малому: гэтыя падонкі ўсё пахераць! свалата! разваляць краіну, прададуць нас у рабства!.. пра гэта яму сказаць?» — запытае абывацель.
Вядома, такое дзіцяці чуць ня трэба, але гэта і не размова пра палітыку. Па-першае, гэта маналог, а не дыялог. Па-другое, гэта не пра палітыку, а пра эмоцыі. Бачыце, у чым праблема?
Людзі не разумеюць, што такое палітыка. Яны лічаць, што палітыка — гэта стыхія, нешта непрыемнае, на што нельга паўплываць, але можна схавацца. І зацята вучаць сваіх дзяцей хавацца. Праўда, галавой у пясок.
Палітыка — гэта частка жыцця. Нават больш, палітыка — гэта матрыца жыцця, якая задае формулы існавання. Ігнорыць такі фактар як мінімум безадказна, а часам злачынна.
Праблему ўскладняе тое, што ніхто не прызнае, што ў палітыцы ён прафан. За фразу «ты не разумееш, што такое палітыка», хутчэй за ўсё, будзеш пасланы. Але паводзіны людзей сведчаць, што многія сапраўды не разумеюць, што стаіць за гэтым словам.
Палітыка — гэта правілы, паводле якіх існуе грамадства. Гэта — пра крыніцы такіх правілаў, пра легітымнасць гэтых крыніц і пра спосабы на іх уплываць.
Паразмаўляць з дзіцём пра палітыку значыць раскрыць такія тэмы:
- Што такое канстытуцыя, закон, права і грамадзянская адказнасць?
- Чым адрозніваюцца рэжымы кіравання: што такое рэспубліка, манархія, дыктатура?
- Што такое легітымнасць, чаму каралёў і прэзідэнтаў слухаюцца?
- Навошта трэба незалежная прэса і што такое журналісцкая этыка?
- Незалежны суд: чаму гэта важна? Чаму без яго бяда?
- Бюджэт: адкуль у дзяржавы грошы, чаму мы плацім падаткі і чым яны адрозніваюцца ад крымінальных пабораў?
- Выбары, парламент, дэпутаты: што гэта і чаму абавязкова трэба галасаваць?
- ...і гэтак далей.
Палітыка — гэта тое, што наўпрост фармуе нашае надзённае жыццё і магчымасці. Дабрабыт, адукацыя, медыцына, бяспека — усё гэта прадукт палітыкі. Ці трэба гэта ўсё тлумачыць дзіцяці? Абавязкова.
А-БА-ВЯЗ-КО-ВА
Вядома, з улікам узросту трэба дзецям тлумачыць і прыводзіць рэлевантныя аналогіі з іншых галін ведаў: з фізікі — пра эмерджентнасць, з біялогіі — пра сацыяльныя віды, з хіміі — пра сумяшчальнасць элементаў. Каб дзіця бачыла, наколькі моцна ўсё ў гэтым свеце звязана і што ў любога наступства ёсць канкрэтныя вымяральныя прычыны.
Размова з дзіцяцем пра палітыку — гэта ня столькі абмеркаванне бягучых падзей (хаця і іх тлумачыць таксама трэба), колькі фармаванне навыкаў, як думаць пра гэтую тэму, задаючы стандарты — як павінна быць і чаму.
Было бы крута, каб мы маглі годна раскрыць сваім дзецям гэтыя тэмы, праўда? Але часта ня можам. Чаму? Бо самі іх не разумеем.
Відавочна, што ня ўсе дарослыя самі здольныя разумець, як думаць пра палітыку. Спачатку трэба каб самім дарослым нехта ўсё гэта патлумачыў. У пошуках тлумачэнняў яны прыліпаюць да тэлевізараў, дазваляючы прапагандзе зрабіць сваю цёмную справу.
Чым разбірацца, чытаць і спрабаваць захаваць аб'ектыўнасць, прасцей падмяніць разуменне сурагатам — народнай «мудрасцю» або «здаровым сэнсам», крыніца якога — некрытычна абраныя СМІ, якія не затыкаюцца і вяшчаюць фонам круглыя суткі. І тады атрымліваецца ўсё проста: ва ўсім вінаваты вораг; палітыка — брудная справа; займацца палітыкай — гэта раўці лозунгі на мітынгу; закон — ёсць закон, які б ні быў, трэба падначальвацца; наш прэзідэнт ня можа памыляцца; на версе лепей ведаюць; ты што, самы разумны?; табе больш за ўсіх трэба?.. Якія там яшчэ ісціны прышчаплялі нам у дзяцінстве?
То бок пра палітыку з дзецьмі размаўляць трэба, але часта няма каму.
Што з гэтым рабіць?
Першае: перастаць самому быць дзіцём. Інфантылізм выглядае недарэчна. Трэба зразумець абсяг сваёй грамадзянскай адказнасці і не чакаць, што дарослыя за цябе, 20/30/40-гадовага, усё вырашаць.
Другое: перастаць быць тупым. Пачаць задавацца пытаннямі і гугліць адказы. Пачаць спрабаваць аспрэчваць самога сябе. Пачаць чытаць кнігі — гэта першакрыніцы ведаў. Задумацца пра ўласную медыяпісьменнасць — наколькі яна развітая? Крытычна паставіцца да сваіх крыніц: зрабіць рэвізію падпісак, спікераў і навучыцца чэкаць інфу (калі вы ня ведаеце, што такое OSINT, зараз самы час пра гэта даведацца).
Трэцяе: набрацца смеласці, каб задацца пытаннямі «а што, калі я памыляюся?», «як гэта можна праверыць?». Смеласць зробіць першыя два пункты рэальнымі, але без яе ўсё марна. Бо заўтра вы проста вернецеся ў сваю хату з краю і моўчкі будзеце дажываць свой халопскі век.
Размаўляць палітыку трэба абавязкова. Але перш як пачаць размаўляць, трэба пачаць пра яе думаць. Размаўляйце з дзецьмі пра палітыку, каб у гэтай краіне ў іх быў шанец на будучыню.