У ЧЫМ ЛОГІКА??? 3+1 законы якаснага мыслення

                       


У ЧЫМ ЛОГІКА??? 3+1 законы якаснага мыслення

Мысленне — гэта тое, чаму трэба вучыцца, а пасля практыкаваць усё жыццё, каб не згубіць форму. У аснове мыслення ляжаць тры законы фармальнай логікі. «Фармальная» значыць, што гаворка менавіта пра форму пабудовы разважанняў, але не пра іхні змест. 

 

Кожны з нас у любы момант часу перакананы, што мысліць лагічна. Але гэта не так. Часам мы дапускаем памылкі ў пабудове разважанняў. Звычайна гэта адбываецца пад уплывам моцных эмоцый, стомы або простай няўважлівасці. Такія памылкі небяспечныя наступствамі рашэнняў, якія былі прынятыя на іх аснове. Хібныя рашэнні — гэта вынік хібных разважанняў. 

Ніжэй прыведзены тры базавыя законы логікі. Так, іх толькі тры. На першы погляд, яны вельмі простыя, і гэта сапраўды так. Тым не менш, іх усё адно часта парушаюць. 

1. Закон тоеснасці

Любая думка павінна быць тоеснай (роўнай) самой сабе. 

Гэта патрабаванне адназначнасці і дакладнасці ў выказванні. Нельга блытаць словы, ствараючы двухсэнсоўнасць, і падмяняць паняцці. 

Прыклад: «студэнты праслухалі лекцыю». 

Як разумець гэтае выказванне: уважліва выслухалі або прапусцілі міма вушэй? Не павінна быць месца для розначытання — гэта і ёсць патрабаванне тоеснасці. 

Наўмыснае парушэнне закону тоеснасці называецца «сафізм» — слоўная эквілібрыстыка дзеля абгрунтавання любой самай ідыёцкай думкі. У народзе гэта называюць «нацягнуць саву на глобус». Папулісты і прапагандысты асабліва любяць гэты прыём. 

2. Закон несупярэчлівасці 

Нельга адначасова сцвярджаць і адмаўляць адну і тую ж думку. 

Напрыклад: «паказальнікі ў нас высокія але нізкія». Здавалася б, такую лухту можа вярзці толькі псіх, навошта ўвогуле з гэтага рабіць закон? Закон трэба, бо ёсць нюанс. 

Калі супярэчнасць змяшчаецца ў адзін сказ, гэта называецца кантактнай (думкі стаяць побач) супярэчнасцю, і такое сапраўды ўласціва толькі вар’ятам. Але калі змясціць супярэчнасць у рамках некалькіх абзацаў, то мы створым дыстантную (думкі на адлегласці) супярэчнасць, і на гэта здольны кожны з нас. Асабліва некаторыя палітыкі: «Мы заўсёды працуем у рамках закону … Але зараз нам не да законаў». 

3. Закон выключанага трэцяга 

З двух катэгарычна процілеглых выказванняў адно абавязкова з’яўляецца праўдзівым. 

Катэгарычна процілеглыя выказванні называюцца кантрадыкторнымі — між імі не можа быць нечага сярэдняга. Напрыклад: «пацыент жывы» або «пацыент мёртвы» — трэцяга не дадзена. Сапраўднасць адной думкі абавязкова азначае хібнасць другой. І наадварот. 

АЛЕ зноў ёсць нюанс! Акрамя кантрадыкторных ёсць яшчэ і кантрарныя выказванні, да якіх Закон выключанага трэцяга не ўжываецца. Між такімі выказваннямі можа быць нешта сярэдняе — трэцяе, што зробіць абодва меркаванні хібнымі. Напрыклад, між «ён высокага росту» і «ён нізкага росту» праўдай можа быць «ён сярэдняга росту». 

Падменай кантрадыкторнай локігай кантрарнасці і наадварот сафісты заблытваюць суразмоўцаў. То бок маніпулююць.

Прыклад 1: «Дык ты за нас, ці супраць?!» Гэта патрабаванне ўспрымаць кантрарнае выказванне як кантрадыкторнае.

Прыклад 2: «Спецаперацыя ці вайна? Ну, тут не ўсё адназначна.» Тут сафіст наадварот выдае кантрадыкторнае выказванне за кантрарнае. Бо трэцяга не існуе. 

Фокус у тым, каб не блытаць кантрадыкторнасць з кантрарнасцю самому і не даваць рабіць гэта іншым. У выпадку  дыскусіі абавязкова задумайцеся, ці можа быць у прадмеце вашай спрэчкі нешта трэцяе? 

А цяпер бонусны 4-ы закон. Вось ён-та як раз не пра форму, а пра змест. Бо можна пабудаваць абсалютна правільнае па форме выказванне («Усе шмурыгі хажуць тоўць. Фінкус — шмурыг. Значыць Фінкус хажа тоўць.»), якое пры гэтым не будзе мець сэнсу. Але менавіта дзеля атрымання якасных сэнсаў мы і стараемся мысліць. 

4. Закон дастатковай падставы 

Нельга нешта лічыць сапраўдным (праўдзівым) без дастатковых падстаў. 

Прыклад: «У вас заключана дамова з адвакатам, значыць вы планавалі парушыць закон». Падставай для заключэння дамовы з адвакатам можа быць, скажам, страх незаконнага ўгалоўнага пераследу. Або вы проста вельмі любіце заключаць кантракты. 

Гэты закон не зусім пра логіку, бо немагчыма дакладна сказаць, што лічыць «дастатковай падставай». Але ён неабходны, паколькі хоць неяк вызначае здаровы сэнс. Мы павінны імкнуцца датрымлівацца яго іначай мысленне і дыялог ператворацца ў хаос і згубяць практычную каштоўнасць. 

Больш за тое, сцвярджэнне «злачынец здзейсніў Х, бо ён сам прызнаўся ў гэтым», таксама не з’яўляецца дастаткова абгрунтаваным. Бо Х мог абгаварыць сябе пад катаваннямі або быць не ў сабе. Віну павінна даказаць следства, прывёўшы дастатковыя для гэтага падставы. 

Прынцып прэзумпцыі невінаватасці — гэта наступства закону №4. 

На жаль, за парушэнне законаў фармальнай логікі не прадугледжана нават адміністратыўная адказнасць, а часам гэты было бы вельмі карысна… Таму датрыманне гэтых законаў — асабістая адказнасць кожнага. Іх парушэнне не вядзе да такіх самых яўных наступстваў, як парушэнне законаў фізікі, але, тым не менш, і тут наступствы непазбежныя. 

Думаць якасна або як атрымаецца — гэта, у рэшце рэшт, ваш выбар.

Падобныя матэрыялы