Патрэбы і матывацыі. Што кіруе чалавекам

                       


Патрэбы і матывацыі. Што кіруе чалавекам

Ежа, сон, сэкс, бяспека, рэсурсы, прыналежнасць да групы ды новая інфармацыя — гэтыя патрэбы ўласцівыя кожнаму. Гэта тое, што цягам мільёнаў гадоў дазваляла выжываць, таму прырода зашыла іх у геном, зрабіўшы падсвядомымі механізмамі псіхікі. Мы ня можам з імі спрачацца. Гэтыя механізмы ляжаць у аснове любога ўчынку. У гэтым нашае жыццё. 


Здавалненне патрэбаў забяспечвае гамеастаз. Сістэма стабілізуе сябе, ўтрымліваючы ў стане раўнавагі. Гэты стан, па сутнасці, ёсць адной вялікай патрэбай, якая складаецца з прасцейшых.

 

Патрэбы бываюць: 
• першасныя — базавыя, прыроджаныя (ежа, сэкс, бяспека); 
• другасныя — сацыяльныя, набытыя (зарплата, кватэра, iPhone).

 

Першасныя зашытыя ў нашую псіхіку і мы ня можам з імі нічога зрабіць. Другасныя перадаюцца ў выглядзе культурная інфармацыі і базуюцца на першасных. Гэтая сувязь недвусэнсоўна сведчыць пра тое, што матывацыю нават складаных форм чалавечай актыўнасці можна звесці да першасных псіхафізіялагічных патрэбаў — выжыць і размножыцца.

Выжыць і размножыцца можна пазначыць яшчэ больш простай агульнай фармулёўкай — захаваць гены. ня столькі ў прасторы, колькі ў часе. Ня гледзячы на ўсе мажлівыя культурныя навароты: цырымоніі, рытуалы надзвычайнай складанасці, спорт, пафасныя літаратурныя формы, мудрагелістыя філасофскія тэорыі ды рэлігійныя практыкі — усё гэта нашыя спробы абслужыць гены, захаваўшы іх у наступных пакаленнях. Але кожны спраўляецца з гэтай задачай па-свойму. Гэта і ёсць індывідуальнасць. 

Нашыя дзеянні моцна адрозніваюцца пад уплывам наваколля, досведу, інтэлектуальных здольнасцяў і, натуральна, генэтыкі. Даволі проста апісаць прынцыповую канструкцыю псіхікі чалавека, але спалучэнне гэтай канструкцыі з асяроддзем дае мясконцую колькасць варыяцый. Гэта робіць нас з аднаго боку падобнымі, амаль ідэнтычнымі, з другога — унікальнымі.

Ведучы гаворку пра патрэбы і матывацыі, людзі традыцыйна спасылаюцца на псіхалогію. Сёння практычна кожнаму знаёмая «піраміда Маслоў». Класіфікацыя цудоўная, праўда не адзіная і не ідэальная, хоць так і прынята лічыць. У кнізе «Матывацыя і матывы» зроблены даволі шырокі агляд падыходаў да гэтага пытання. Але ж прыжылася менавіта піраміда Маслоў.

Увогуле, гэтая «навука», псіхалогія, вельмі папулярная ў масах апошнія дзесяцігоддзі. Зрэшты, дзіўнага тут нічога няма — цяга да самапазнання адна з выбітных рысаў чалавека на фоне астатняй фаўны. Але ж тое, чым людзі захапляюцца: псіхааналіз, лібіда, архетыпы… Шмат прыгожых тэрмінаў, якія, на жаль, мала што тлумачаць пра глыбінныя механізмы псіхічнай арганізацыі. Яны проста апісваюць і спрабуюць патлумачыць вонкавыя праяўленні гэтых механізмаў у святле розных псіхалагічных тэорый, якія часам цяжка адрозніць ад звычайнай мастацкай літаратуры. У большасці выпадкаў псіхафізіялагічная аснова назіраных працэсаў па-просту ігнаруецца. Хаця з пэўнага часу ўсё больш набірае сілу эксперыментальная псіхалогія і эвалюцыйны падыход, якія ўсё больш улічваюць здабыткі нэйрафізіялогіі, антрапалогіі, эталогіі і генэтыкі ў комплексе, што ня можа не радаваць.

 

Гэта пытанне густу і адукацыі, дзе шукаць адказы на пытанні: у філасофскіх развагах пра незакрытыя гештальты, псіхалагічнай белетрыстыцы ці ў фантазіях Фройда. Усё гэта вельмі міла і мае права на існаванне. Але дакладныя адказы на пытанні даюць толькі нэйранавукі. 

 

І ўзё ж, каб не рабіць тэкст надта складаным, зараз мы спынімся менавіта на псіхалогіі. У прыватнасці на эвалюцыйнай псіхалогіі. Памятаеш: «Мужчына дужы, каб паляваць на маманта»? Гэта менавіта адтуль, але ў вельмі-вельмі спрошчаным выглядзе. Калі каротка: псіхіка чалавека сфармаваная натуральным адборам. Гэта значыць, што любыя праявы нашай псіхічнай актыўнасці маюць адаптацыйны характар. Калі ўсе людзі нешта робяць: ненавідзяць, кахаюць, пляткараць або імкнуцца стаць першымі — значыць гэтая опцыя зашытая ў нашую ДНК, як неабходная для выжывання віду. Так жа сама, як і будова шкілета або страўніка. Яшчэ раз: усе патрэбы, ад пакакаць да пошуку сэнсу жыцця, — гэта адаптацыі арганізму, якія забяспечваюць выжыванне. Хаця натуральны адбор яўна не разлічваў, што мы пачнем задаваць сур'ёзныя экзыстэнцыйныя пытанні... У любым разе, мы можам троху стрымліваць гэтыя памкненні але гэта максімум, што нам дазволена прыродай. І на тым дзякуй.

Эвалюцыйная псіхалогія на сённяшні дзень назапасіла дастаткова інфармацыі, каб праліць святло на шмат якія аспекты чалавечай натуры. Скептычна настроены чытач скажа: «Усё гэта — гіпотэзы, якія пацвярджаюцца толькі ўскосна, можа ўсё зусім іначай было?..» І будзе мець рацыю. Сапраўды дакладна ніхто нічога сказаць ня можа. Але гэта навука, а не святое пісанне. Навука ня ведае 100% верагоднасці. Адказы, якія дае гэтая дысцыпліна, дазваляе ня толькі тлумачыць нешта постфактум але і прагназаваць з вялікай дакладнасцю, што робіць яе цудоўным інструментам у пазнанні чалавечай прыроды. 

Кожны з нас не аднойчы задаваўся пытаннем: чаму той ці іншы чалавек зрабіў той ці іншы ўчынак? Што яго матывавала?
Нас матывуюць патрэбы. Думка, вартая капітана Відавочнасці. Але вельмі часта мы забываемся на гэты элементарны факт і ў ход ідуць самыя неверагодныя версіі: дар прадбачання, натхненне багоў, задыякальныя ўплывы ды іншыя містычныя загоны, макіявеліянская падступнасць, жыда-масонскія змовы… што там яшчэ бывае? Пры гэтым мы не заўважаем таго, што ляжыць на самай паверхні: прага дамінавання, жаданне быць прынятым, пачутым, ацэненым, каханым — усё гэта складовыя чалавечай натуры, якія маюць біялагічную аснову, і кіруюць намі менавіта яны. 

Related Articles

Media Quarantine

More Articles

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...