Тое, што, здаецца, ты памятаеш, можа не зусім адпавядаць рэчаіснасці. А можа і ўвогуле ёй не адпавядаць. Усё, што мы ведалі пра ўласную памяць, патрабуе перагляду. Адпаведна і нашае стаўленне да фактаў, атрыманых з успамінаў, уласных і чужых, павінна сур'ёзнае змяніцца.
Для сучаснага чалавека звыкла параўноўваць сваю памяць з жорсткім дыскам. Тым ня менш, сучасныя навуковыя доследы ўсё больш сведчаць пра тое, што гэта хібная аналогія. Няма нейронаў, якія б «памяталі» бабулю. Усё значна складаней. Але галоўнае — усё куды менш вызначана. Нашая памяць — гэта не набор цвёрда зафіксаваных мозгам элементаў рэчаіснасці. Памяць знаходзіцца ў сінапсах — у характары іх узаемадзеяння. Тым, хто ня надта абазнаны ў нейрафізіялогіі, падобнае тлумачэнне можа быць ня вельмі зрузумела, але галоўнае, што тут трэба зразумець: узгадваючы нешта, мы не вымаем з памяці канкрэтны патэрн інфармацыі, а кожны раз аднаўляем яго. У выніку чаго успамін можа аказацца вельмі няпэўнай субстанцыяй, на фармаванне якой уплываюць чыннікі, значэнне якіх яўна недаацэньвалі. Падрабязна і вельмі цікава пра гэта распавядае ў відэа спадарыня Элізабэт лофтус.