«Дыктатар без выбараў, Зяленскаму было бы лепей рухацца хутчэй, іначай у яго не застанецца краіны», – заявіў Трамп 19 лютага.
«Я так сказаў? Не магу паверыць, што я гэта сказаў», – адмовіўся ён ад уласных слоў праз тыдзень. Наколькі гэта нармальна?
Трампа пераабралі, і ўжо два месяцы ён дае дыхту на радзіме і па-за межамі. Я мала разумею ў амерыканскай палітыцы, але ў, рэшце рэшт, гэта справа амерыканцаў (хаця і ня толькі). Таму Трамп дык Трамп. Але вось што мне важна зразумець: Трамп хлусіць так адкрыта і ў такім аб’ёме, што ў гэта цяжка паверыць. Як ягоныя аматары з гэтым мірацца?»
Бо як бы я ні захапляўся палітыкам, падобная сітуацыя знішчыла бы ягоную рэпутацыю ў маіх вачах, нават калі б ён быў маім братам. Сумленнасць жа важней за лаяльнасць… Ці не?
Адно з самых папулярных, як мне падалося, тлумачэнняў, чаму хлусня Трампа не праблема, гучыць так:
«Усе палітыкі хлусяць. Дэмакраты хлусяць ўвесь час. Але яны робяць гэта прыхавана, подленька, за зачыненымі дзвярыма, прыкрываючыся прыгожымі словамі. Трамп жа робіць гэта шчыра, наўпрост, ад душы, што значна больш сумленным за іншых.»
Хлусня даказвае праўдзівасць???
Папулярнасць такога адказу робіць яго падобным да штампу, да зручнай у надзённым жыцці думкі. Зрэшты, ладна, хай мноства людзей прыйшло да гэтай думкі самастойна, але як яны так спакойна прымаюць настолькі відавочнае парушэнне логікі: яўная хлусня сведчыць аб праўдзівасці?
Памятаеце дабраславёныя часы, калі спайманыя на хлусні або карупцыі палітыкі падавалі ў адстаўку? Падобна, гэта ўжо ня модна.
Прызнаючы тэзу «ўсе палітыкі хлусяць, але Трамп робіць гэта адкрыта і таму ён шчыры» трампісты прызнаюць сістэматычную хлусню свайго лідара. Парадокс у тым, што ім собіць разгледзець у гэтым шчырасць, бо «ён кажа, што думае, не фільтруе сябе, у адрозненне ад звычайных палітыкаў». У розных фармулёўках гэтую ідэю можна сустрэць у сацсетках і кансерватыўных медыя ЗША.
Ніжэй агляд, як гэтая ідэя праявілася ў сеціве – Twitter, Facebook, Reddit і папулярныя кансерватыўныя медыя, і які ўплыў мела – лайкі, каменты, рэпосты.
X (Twitter)
У Twitter гэтую думку паўтараюць як звычайныя карыстальнікі, так і вядомыя спікеры правага лагера. Адметны прыклад – пост былога кангрэсмена і радыёвядоўцы Джо Ўолша яшчэ ў жнiўнi 2017: «Усе палітыкі хлусяць. Абама схлусіў. Хілары схлусіла. Трамп, па меншай меры, адкрыты і сумленны ў сваёй хлусні».
Пост прыцягнуў вялікую ўвагу. Карыстальнікі высмейвалі лагічную супярэчнасць – адкрыта хлусіць, значыць, шчыры. 11 000 падабаек атрымаў твіт: «Гэта самае сумнае лайно, якое я прачытаў за тыдзень» («the saddest shit I've read all week»).
Тым ня менш, сам факт з'яўлення такой заявы ад кансерватыўнага каментатара сведчыў, што частка аўдыторыі фактычна прыняла Трампа як чалавека, сумленныя намеры якога пацвярджае ягоная адкрытая мана.
Падобныя думкі выказвалі і шараговыя трампісты ў Twitter, частымі былі каментары кшталту: «Так, ён хлусіць, бо ня робіць выгляд, нібы бездакорны». Значная колькасць рэпостаў і ўпадабанняў пад такімі твітамі сярод аўдыторыі Трампа паказвала, што гэтая ідэя адгукнулася ў сэрцах многіх. Трэба сказаць, што крытыкі было больш за прыняцце, але падыход «ўсе хлусяць» стаў для многіх трампістаў важкім аргументам у абарону.
Так, у 2017 былая вядоўца Fox News Мэгін Келі адзначыла: «Добра, зараз я ўзарву ваш мозг: Я думаю, што Трамп сумленны. У сэнсе так, ён хлусіць як усе палітыкі, але ёсць у ім нешта надзвычай сумленнае» («Well, I'm going to blow your mind with the answer: I think Trump is honest. I mean, he lies like all politicians lie, but there is a strain in Trump that's extremely honest.»).
Такім чынам, у Twitter лаяльная Трампу аўдыторыя была схільная лайкаць і рэпосціць тэзу «адкрытая хлусня = шчырасць» пад чарговымі ілжывымі заявамі куміра, нягледзячы на тое, што крытыкі адразу выкарыстоўвалі іх як нагоду для сарказму і кпінаў.
У Facebook аналагічныя настроі назіраліся ў пра-трампаўскіх групах. Адсачыць частату фразы тут цяжэй, але дакладна прасочваецца падобны мэсыдж: «Мы ведаем, што часам Трамп прыхоўвае праўду, але ён увесь на віду, ён не крывіць душой». Прыхільнікі часта абагульнялі: «Усе палітыкі лгуны, Трамп таксама, але ён – свой». У 2018, назіраючы за СМІ, прафесар Гарварда Джозэф Най заўважыў, што многія з пра-трампаўскай аўдыторыі даруюць хлусню свайму прэзідэнту, бо лічаць яе нармальнай для палітыкі з’явай.
У каментарах пад чарговым сумніўным выказваннем Трампа можна было пабачыць тыповыя рэплікі накшталт: «А што, іншыя лепш? Усе ж хлусяць, але толькі Трамп кажа ўсё наўпрост». Такія допісы набіралі больш за ўсё падабаек у перыяд выбараў і адразу пасля іх, а мемы з подпісамі «Трамп кажа тое, што ўсе думаюць, але баяцца сказаць» разляталіся вельмі шырока. Фанаты атаясамлівалі манеру Трампа прамаўляць (часам груба і непраўдзіва) з якасцю «казаць, як ёсць» («tell it like it is»). Але ці аднолькавыя гэта рэчы?
Адказныя людзі спрабавалі асэнсоўваць гэты феномен. Але слава Трампа як сумленнага лгуна бесперашкодна набірала папулярнасць і ў гэтай сацыяльнай сетцы.
Reddit і форумы
На Reddit тэзу, што «ўсе хлусяць, але Трамп шчыры, бо хлусіць адкрыта», таксама часта можна было сустрэць у дыскусіях. Гэта было частым адказам на пытанне «чаму ж выбаршчыкі Трампа мірацца з яго няпраўдай». Адзін з карыстальнікаў адказаў так: «усе палітыкі хлусяць, але Трамп прынамсі хлусіць дзеля нас».
Аўтару каментара насыпалі справядлівых пытанняў, якія павінны былі бы звесці ягоную інтэлектуальную каштоўнасць да нуля, але свае 79 лайкаў ён назбіраў.
На іншым форуме падобную пазіцыю падсумавалі фразай: «Магчыма, ён хлус, але наш хлус», праводзячы паралель з вядомым выслоўем пра «нашага сукіна сына»
Нават указанне крытыкаў Трампа на беспрэцэдэнтны маштаб і частату ягонай хлусні, якая выбіваецца з агульнага шэрагу, ніяк не пераконвае заўзятых трампістаў.
Таму крытыкі вымушаны прызнаць, што такі метад абароны выглядае вельмі эфектыўным: «Ну, усе палітыкі хлусяць, будзьце рэалістамі».
Больш за тое, частка прыхільнікаў Трампа ўвогуле адмаўляе наяўнасць хлусні, сцвярджаючы, што ён знарок троліць лібералаў і здзекуецца з істэблішменту. Як у 2020 заўважыў журналіст Эрык Альтэрман: «Трампісты ня супраць ягонай хлусні, бо разглядаюць яе як зброю ў інфармацыйнай вайне». Маўляў, раз усе палітыкі маняць, дык хлусня Трампа апраўданая тым, што скіраваная супраць праціўнікаў.
Кансерватыўныя і альтэрнатыўныя медыя
У правых СМІ тэза пра «шчырасць праз хлусню» прынятая ў завуаляванай форме. Рэдка, калі вядоўцы адкрыта скажуць «Трамп хлусіць, і гэта добра, бо…», замест гэтага яны ненавязліва скарачаюць дыстанцыю між Трампам і «звычайнымі» палітыкамі: «…ну, і іншыя не святыя».
Яшчэ адно цікавае тлумачэнне феномену выказаў палітычны аналітык Марк Шылдс: «прыхільнікі ўспрымаюць яго сур’ёзна, хоць і не літаральна, у той час як апаненты наадварот успрымаюць літаральна, але не сур’ёзна». Гэта азначае, што меркаваныя намеры Трампа шчырыя, нават калі словы – няпраўда, што робіць хлусню дапушчальнай.
Кансерватыўныя выданні – Breitbart, Newsmax, OAN і падобныя – часта бараніліся ад абвінавачванняў у трансляцыі хлусні Трампа тым, што іншыя (ліберальныя выданні) таксама публікавалі хлусню, але іншых палітыкаў – Байдэна, Клінтан ды іншых. Маўляў: «усе маняць – нічога страшнага».
Калі фактчэкеры напісалі пра тысячы непраўдзівых заяў Трампа, пра-трампаўскія аўтары пісалі калонкі пра хлуслівых дэмакратаў, ствараючы маральную роўнасць. У выніку аўдыторыя кансерватыўных медыя добра засвоіла пасыл: Трамп проста «гуляе па тых самых правілах, што і ўсе».
Больш за тое, прапагандысцкая рыторыка пра тое, што «ўсё вакол фэйкі» і «праўду ніхто ня скажа», узмацняе цынізм выбаршчыкаў. Гэта правільная стратэгія – зрабіць хлусню чаканай – калі твая мэта ператварыць яе ў норму. У такім разе заяўкі кшталту «наш прэзідэнт хлусіць нам у вочы – і ў гэтым ягоная шчырасць» ужо не выглядаюць абсурдам. Гэтак падобныя пасылы, трансляваныя праз ток-шоу і артыкулы, узмацнілі лаяльнасць базы Трампа яшчэ больш. Людзі больш не маглі згубіць давер да свайго куміра, бо лічылі, што «ён хоць і хлусіць, але дзеля нас і з добрымі намерамі».
Зрэшты, кансерватыўныя медыя збольшага не аспрэчвалі нічога. Напрыклад, на Newsmax і Fox News часта можна было пачуць, як вядоўца проста мяняў тэму размовы: замест разбору няпраўды Трампа яны пачыналі казаць пра хлуслівую прэсу і падступных апанентаў. У некаторых выпадках вядоўцы апраўдвалі хлусню Трампа заявамі, што гэта не хлусня, а «рытарычнае перабольшванне» або «праўда шырэйшага парадку». Што б гэта ні значыла.
Так, пакрысе аўдыторыя гэтых каналаў пачала ўспрымаць словы свайго прэзідэнта без крытычнай праверкі фактаў. А навошта? Усе ж хлусяць, а Трамп проста гуляе па гэтых правілах, а гуляе ён за нас. Таму «ня слухайце, што ён кажа, а глядзіце, што робіць». У выніку ніякае выкрыццё ўжо не магло пашкодзіць рэпутацыі Трампа.
Высновы
Тэза пра «шчырую хлусню» Дональда Трампа сапраўды атрымала шырокі распаўсюд у пра-трампаўскім інфармацыйным полі. Ад абсурднага «Трамп адкрыты і шчыры ў сваёй хлусні» («Tramp's open and honest about his lie») да лаканічнага «можа, ён і хлус, але наш хлус» («…yes, Donald Trump may be a liar, but he is our liar. He is one of us»), або сцвярджэння, што «ён проста кажа ўголас тое, што іншыя хаваюць».
Частата ўзнаўлення гэтай ідэі ў сацсетках і медыя зрабіла яе часткай палітычнага фальклору сярод фанатаў, што яшчэ больш павысіла талерантнасць да хлусні: «нічога асаблівага, усе такія».
Уплывовасць гэтага пасылу пацвярджаецца актыўнасцю аўдыторыі. Посты і каментары, дзе ён прагучаў, атрымалі дастаткова падабаек і шэраў, каб трапіць у галаву кожнаму, хто мае ў ім патрэбу.
Апытанні засведчылі, што значная частка базы Трампа свядома прыме ягоную няпраўду, як сродак для адстойвання іхніх інтарэсаў. «Трамп хлусіць дзеля нас» – што можа быць больш маральней.
Такім чынам, на нацыянальным узроўні ЗША маральны прынцып праўдзівасці быў падпарадкаваны палітычнай лаяльнасці «сваім». Тэза «ўсе хлусяць» спрацоўвае як ідэальнае абгрунтаванне гэтай лаяльнасці, бо калі нікому нельга верыць, дык чаму б не трымацца за таго, хто хлусіць дзеля цябе?
У цяперашні час, распаўсюджанасць гэтай фразы і ейных варыяцый у пра-трампаўскім дыскурсе гэта моцны цынічны складнік палітычнай культуры. З аднаго боку, гэта абарончы механізм: любы палітык заўсёды можа параўнаць сябе з Трампам, каб пераканацца, што ён яшчэ вельмі нават ў рамках прыстойнасці. З іншага боку, такая рыторыка яшчэ мацней палярызуе грамадства: апаненты называюць любыя заявы адзін аднаго абсурдам і хлуснёй, перыядычна ўзгадваючы пра двайныя стандарты і варожую прапаганду. У сваю чаргу выбаршчыкам падобны расклад дазваляе без лішніх намаганняў, абапіраючыся толькі на сваю інтуіцыю, застацца са «сваімі» насуперак плыні фактаў.
Трамп для сваіх прыхільнікаў ня столькі чалавек, колькі сімвал. Ён забяспечвае прыхільнікаў поўным камплектам магутных статкавых эмоцый: адзіны вораг, справядлівая помста і нацыянальная веліч. А яшчэ Трамп агучвае тое, што саромілася агучваць ягоная аўдыторыя, тым самым легітымізуючы іхнія думкі і эмоцыі. 50% ЗША любяць Трампа не за палітыку або эканоміку, а найперш за тое, што ён увасабляе іхнія пачуцці. Таму, нават калі ён хлусіць, іх гэта не хвалюе, галоўнае не логіка, а прыналежнасць да групы «сваіх».
Выглядае, каб быць трампістам трэба, мець высокую талерантнасць да хлусні, іначай у гэтым кам'юніці проста не прыжывешся. Але справа не ў любові да хлусні, а ў тым, што хлусню ты ня мусіш успрымаць як нешта дрэннае. Хлусня – гэта толькі інструмент, а не маральная праблема. Калі хлусня дапамагае «нашай справе», значыць гэта карысная хлусня.
Праўда для трампіста – не тое, што пацвярджаецца фактамі, а тое, што выгадна сказаць для поспеху справы. Гэта заганная практыка, якой ня даць рады лагічнымі аргументамі, бо логіка не працуе, калі чалавек грунтуецца на пачуццях, а не фактах.