Графалогія: што яна сапраўды можа і чаго ня можа

                       


Графалогія: што яна сапраўды можа і чаго ня можа

Графалогія — гэта вучэнне, згодна з якім почырк моцна звязаны з псіхалагічнымі характарыстыкамі чалавека. Адпаведна, паводле почырку можна рабіць высновы пра ягоную асобу. Гучыць цікава, і было бы цудоўна, калі б так і было. Але гэта ня так. Зусім. 

Але пачаўшы пісаць пра графалогію, я сутыкнуўся з нечаканай праблема — сістэмных абвяржэнняў зусім мала. Атрымліваецца цікавая сітуацыя: навуковая супольнасць даўно сышлася на думцы, што графалогія мае з навукай столькі ж супольнага, колькі і астралогія, але довадаў на карысць такой пазіцыі ў сеціве знайсці цяжка. У той час як артыкулаў пра эфектыўнасць графалогіі процьма: і «навуковых» (раз, два, тры) і папулярных (раз, два, тры). 

Не, я не хачу сказаць, што довадаў зусім няма. Вось навуковыя: першы, другі, трэці. Вось папулярныя: адзін, два. Але тэкстаў на карысць графалогіі больш і гэта факт. 

Дык што, можа графалогія такі рэальна працуе? 

З чаго я ўвогуле ўзяў, што навуковая супольнасць сышлася на беспадстаўнасці гэтага вучэння?

Спачатку пра тое, з чаго я гэта ўзяў (дарэчы, гэта першае і галоўнае пытанне скептыка: АДКУЛЬ ТЫ ГЭТА ВЕДАЕШ?): 

Першае. Гэта занадта добра, каб быць праўдай. Нават псіхалагічны разбор паводле відэа — поўная прафанацыя, што казаць пра разбор паводле крамзоляў? 

Другое. Графалагічныя экспертызы, што я бачыў у СМІ, выглядаюць як астралагічны прагноз — максімальна абстрактна і агульна, то бок несур’ёзна. Акрамя таго я ніколі ня бачыў, як такі прагноз спраўджвалі. Але выбарка ў мяне мікраскапічная, так, я нерэпрэзантатыўны. Але адсутнасць звестак пра графалогію ў жыцці наводзіць на думку, што яна нікому ня трэба. Мо таму што пустышка? 

Трэцяе.  Мае крыніцы кажуць, што графалогія — лухта. Чаму маім крыніцам можна давяраць? Бо яны паддаюцца верыфікацыі і падмацаваныя экспертнай супольнасцю. Акрамя таго, я даю гэтыя крыніцы на праверку вам і гатовы ставіць на іх сваю рэпутацыю. Але бачыце, у дадзеным з крыніцамі цяжкавата. Так, ёсць артыкулы, што зняпраўджваюць графалогію, але іх недастаткова, тут трэба мета-аналізы. 

Цяпер да пытання, «можа ўсё ж такі графалогія працуе?».  

Спойлер: не працуе. Але з ёй склалася цікавая сітуацыя. Грунтоўныя даследаванні, якія засведчылі поўную неэфектыўнасць графалогіі, былі зроблены яшчэ да эпохі інтэрнэту. Менавіта таму ў сеціве гэтых работ і няма, а каб азнаёміцца з імі, трэба ісці ў бібліятэку. Аналагавую — з бібліятэкарам і папяровымі кнігамі. І шукаць там, напрыклад, вось гэтыя работы: 

«Graphology: A Comprehensive Critique.» (1988): даследаванне, якое падсумоўвае існуючыя дадзеныя і крытыкуе графалогію з пазіцыі навуковага метаду. Вынікі даследавання паказваюць на адсутнасць дастатковых доказаў у падтрымку графалагічных метадаў.

«The predictive validity of graphological inferences: A meta-analytic approach.» (1989): мета-аналіз, які ацэньвае дакладнасць графалагічных прагнозаў і паказвае, што яны не з'яўляюцца лепшымі за простае ўгадванне. Вынікі даследавання сведчаць, што графалагічныя метады ня могуць надзейна выкарыстоўвацца для ацэнкі асобы. 

«The Bottom Line: Effect Size in Graphological Research» (1990): шырокі мета-аналіз графалагічных даследаванняў, які выявіў, што графалагічныя метады не даюць вынікаў у вызначэнні псіхалагічных характарыстык асобы. Даследаванне паказала, што эфект ад выкарыстання графалогіі вельмі малы і не адпавядае стандартам навуковага падыходу.

Такім чынам, атрымліваецца, што навуковая супольнасць яшчэ да 90-х гадоў закрыла для сябе пытанне графалогіі. А вось графолагі дагэтуль не ўймуцца і актыўна пішуць, ствараючы сведчанні эфектыўнасці сваёй «навукі». Навошта? Ім трэба навуковыя публікацыі для павышэння даверу, прэстыжу і каб абгрунтаваць кошт сваіх паслуг. 

Што робяць графолагі, каб заставацца на плаву? 

Ствараюць міжнародныя і нацыянальныя асацыяцыі, школы і курсы. Натуральна ўсе гэтыя ўстановы займаюцца выдачай дыпломаў і сертыфікатаў. 

Наколькі сур‘ёзным інстытутам лічацца асацыяцыі графолагаў? Вельмі сур’ёзным. Праўда толькі ў межах графалагічнай супольнасці. Як асацыяцыя астролагаў. З боку навуковай супольнасці гэтыя асацыяцыі ня маюць ніякага прызнання. 

Асацыяцыі графолагаў адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні іхняй легітымнасці, арганізуючы канферэнцыі, семінары, дыпламаванне і сэртыфікацыю «экспертаў». 

Калі графалогія настолькі маргінальная рэч, чаму нехта ўсё яшчэ ўспрымае яе сур’ёзна?

Па-першае, графолагі вельмі актыўныя — пішуць артыкулы, кнігі, даюць каментары на ТБ. Неабазнаныя людзі часта вядуцца на салідны публічны вобраз, сертыфікаты, дыпломы і навуковападобны лексікон. 

Па-другое, да сярэдзіны ХХ стагоддзя графалогія разглядалася як навуковая дысцыпліна, пакуль практыка не паказала, што гэта пустышка. На гэтую гісторыю спасылаюцца графолагі, маўляў, бачыце — мы не на пустым месцы ўзніклі. 

Па-трэцяе, графалогія мімікруе пад почырказнаўства, якое выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Але почырказнаўства ня робіць ніякіх высноў пра псіхалогію чалавека, толькі вывучэнне графічных асаблівасцяў почырку для судовай экспертызы. Бывае яшчэ, што аналіз почырку выкарыстоўваецца ў псіхіятрыі як дапаможны сродак адсочвання дынамікі хваробы. Але ўсё гэта мы звыкла называем адным словам — графалогія, чым графолагі і карыстаюцца. 

Вось улюбёныя довады графолагаў, якія (як яны лічаць) даказваюць, што графалогія гэта навука:

  1. Індывідуальнасць почырку: раз почырк з'яўляецца ўнікальнай формай самавыяўлення, ён можа адлюстроўваць індывідуальныя рысы асобы, эмацыйны стан і псіхалагічныя характарыстыкі.
    Можа. Але няма надзейных доказаў, што канкрэтныя рысы почырку стабільна звязаныя з пэўнымі рысамі характару. Даследаванні паказваюць, што дакладнасць графалагічных інтэрпрэтацый не перавышае выпадковасць.
  2. Графалогія гэта такое мастацтва: многія графолагі сцвярджаюць, што хаця графалогія можа не адпавядаць традыцыйным навуковым крытэрам, але яна і не павінна, бо гэта — мастацтва. І менавіта як мастацтва назірання яна можа быць эфектыўнай.
    Можа. Але хоць інтуіцыя сапраўды мае значэнне ў некаторых прафесіях, яна ніяк ня можа быць дастатковай падставай для прызнання графалогіі як надзейнага метаду. Навуковыя метады патрабуюць аб'ектыўнасці, фальсіфікаванасці і паўтаральнасці, чаго графалогія не забяспечвае.
  3. Аналогія з іншымі відамі аналізу: графолагі любяць праводзіць паралелі між графалогіяй і псіхалагічнымі тэстамі, якія таксама часта выкарыстоўваюць ускосныя метады ацэнкі. Маўляў почырк, як і іншыя формы паводзінаў, можа быць інтэрпрэтаваны для атрымання псіхалагічнай інфармацыі.
    Ня можа. Графалогія дагэтуль ня мае дастатковых тэарэтычных падстаў, нават такіх недасканалых як ва ўскосных псіхалагічных тэстах (якія часта справядліва крытыкуюць). 
  4. Суб'ектыўны поспех: графолагі любяць спасылацца на адзінкавыя паспяховыя выпадкі, калі аналіз быў прызнаны кліентам дакладным. Такі ход сапраўды  выглядае вельмі пераканаўча, але ж мы ведаем, што гэта называецца «чэры-пікінг», і гэта ненавукова. 

Калі графалогія пустышка, як людзі становяцца ў ёй «экспертамі»?

Звычайна для гэтага патрабуецца прайсці нейкія курсы. Паколькі графалогія не прызнаная навуковай супольнасцю, стандартныя акадэмічныя шляхі для навучання ў гэтай галіне адсутнічаюць. 

Некаторыя людзі становяцца «экспертамі» шляхам самастойнага вывучэння кніг, артыкулаў ды іншых матэрыялаў. 

Некаторыя проста далучаюцца да асацыяцый графолагаў і аўтаматам атрымліваюць нейкую корачку, становячыся «экспертамі» ў максімальна сціслыя тэрміны. 

Адкуль бяруцца выкладчыкі ў графалагічных школах? 

Зараз гэта проста замкнёнае кола ўзаемнай сертыфікацыі і «павышэння кваліфікацыі». Але бацькі-заснавальнікі графалогіі — Жан-Іпаліт Мішон і Людвіг Клагес — натуральна, былі самавучкамі. Пазней яны сталі «акадэмічнай» базай графалогіі.

Некаторыя з вучняў гэтых першых графолагаў заснавалі ўласныя школы. Але шмат хто дзейнічае цалкам самастойна: праводзяць даследаванні, пішуць кнігі і артыкулы, засноўвае графалагічныя фірмы. 

Рэзюмэ  

Графалогія — гэта ілжэнавука. Па сутнасці, графалагічны аналіз гэта такое самае гаданне як карты таро або астралогія, якія абапіраюцца на суб’ектыўныя інтуітыўныя інтэрпрэтацыі. 

Навуковыя даследаванні не пацвярджаюць, што аналіз почырку можа надзейна прадказваць ці адлюстроўваць асабістыя рысы чалавека. Навуковыя ўстановы не прызнаюць графалогію як навукова абгрунтаваны метад аналізу асобы і паводзінаў.

Хаця існуюць пэўныя аргументы на карысць графалогіі ў выглядзе артыкулаў у навуковых базах і часопісах, пры бліжэйшым разглядзе ў іх заўсёды выяўляюцца хібы, якія робяць высновы аўтараў неваліднымі. А вы ж разумееце, калі трэба нешта пацвердзіць, мы знойдзем пра гэта «навуковы» артыкул і пацвердзім. Трэба вам пацвердзіць, што дыстанцыйная галаграфія абараняе ад псіхатроннага нападу? — калі ласка. А, можа, вам трэба абгрунтаваць наасферную парадыгму расіязнаўства, еўразійства і ўстойлівага развіцця як аснову наасфернай адукацыі і выхавання ў Расіі ХХІ стагоддзя? — і гэта можна. З графалогіяй тая самая гісторыя. 

Калі вы шануеце свой час і рэпутацыю, зварот да графалогіі дакладна вам не патрэбны. 

 

© t.me/sceptic_club

Падобныя матэрыялы

Відэа

More Videos
Watch the video

Хома Сапіенс

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...