Вера, атэізм і свабода: выкладчык семінарыі пра свой досвед у праваслаўнай адукацыі

                       


Вера, атэізм і свабода: выкладчык семінарыі пра свой досвед у праваслаўнай адукацыі

Sceptic узяў інтэрв’ю ў былога выкладчыка праваслаўнай семінарыі, які адпрацаваў там чатыры з паловай гады, каб зразумець, што ўяўляе сабой сучасная праваслаўная семінарыя ў РФ, наколькі яна карысная для псіхікі і як знаходжанне ў ейных сценах можа прывесці да атэізму. 

Sceptic:

— Як вы трапілі ў семінарыю?

Аляксандр:

— У 2013 годзе я скончыў Праваслаўны інстытут як спецыяліст па рэлігіязнаўстве. Пасля я працаваў на заводзе, але падумаў: а чаму я гэтым займаюся? У мяне ж ёсць дыплом, чаму б не паспрабаваць працаваць па спецыяльнасці? Так, у 2015 годзе я паехаў выкладаць у семінарыю на Далёкім Усходзе. 

Насамрэч там бракавала спецыялістаў, таму з акадэміі адпраўлялі студэнтаў, якія ўжо скончылі навучанне, але яшчэ не атрымалі ступень магістра.
Я выкладаў там не проста свецкія прадметы, такія як мова, інфарматыка ці асновы бяспекі жыццядзейнасці (АБЖ), а чыста багаслоўскія дысцыпліны: новыя рэлігійныя рухі (тое, што раней называлі сектазнаўствам) і параўнальнае багаслоўе.

Калі я яшчэ быў веруючым, я некалькі разоў спрабаваў паступіць у семінарыю, але з розных прычынах гэта не атрымлівалася. Тады ж я расчараваўся ў семінарыях як у навучальных установах, зразумеў, што гэта не для мяне, і вырашыў паступіць у свецкі ўніверсітэт на падобную спецыяльнасць.
Так, паступаў у Акадэмію я праваслаўным, а сканчаў ужо агностыкам.

На той час у мяне было, так бы мовіць, пытанне да бога: існуе ён ці не? І я вырашыў паспрабаваць праз досвед знаходжання ў такім месцы, як семінарыя, атрымаць адказ на гэтае пытанне. Ну і, канечне, заадно папрацаваць па спецыяльнасці. 

Sceptic:

— Бог вам адказаў?

Аляксандр:

— Так. Трэба сказаць, што той досвед, які дае семінарыя, вельмі моцна гасіць агонь той ідэалістычнай веры, з якой маладыя людзі туды прыходзяць. Многія пасля пяці гадоў у семінарыі пераглядалі сваё жаданне стаць святаром. Заўсёды былі і такія, хто сыходзіў ужо пасля году навучання са словамі: «Не, гэта не маё». У многіх было расчараванне.

Сам я шмат назіраў за людзьмі — за выкладчыкамі, студэнтамі і царкоўным начальствам. Акрамя таго, у семінарыі я шмат глядзеў адукацыйныя відэа. Вялікую ролю ў гэтым адыграў і Аляксандр Няўзораў. Паралельна я шмат браў з сайту antropogenez.ru.

Быў момант, калі я зразумеў, што больш ня веру. У маёй свядомасці ўзнік вакуум. Аднойчы я выпадкова паглядзеў перадачу з дэбатамі між святаром і навукоўцам пра паходжанне чалавека. Пасля гэтага я пачаў самастойна даследаваць тэму і адкрыў для сябе шмат новага. 

Sceptic:

— Што вам даў досвед выкладання ў такім спецыфічным месцы?

Аляксандр:

— Асабіста для мяне быў каштоўным сам досвед выкладання. Хоць многія кажуць, што свецкія ВНУ моцна адрозніваюцца ад семінарыі. Таму можна сказаць, што галоўнае, што мне даў гэты досвед, — пераход ад агнастыцызму да атэізму.

Але сказаць, што там было сумна, дакладна нельга. Спачатку здарылася смешная гісторыя: я зрабіў памылку, і мае неправільныя для семінарыі погляды выявіліся. Мы з сябрамі хадзілі на праваслаўныя моладзевыя сустрэчы, і на адной з іх былі падпісныя лісты з просьбай пра стварэнне праваслаўнай гімназіі. У той момант у мяне былі праблемы на працы, таму я адчуваў моцнае жаданне нашкодзіць. Ну, я і зрабіў гэта: узяў лісток, напісаў «я супраць», падпісаўшыся «Уладзімір Гундзяеў», і пазначыў тэлефон «666». Але там былі камеры. І, відаць, гэта кагось моцна зачапіла, таму вырашылі даведацца, хто гэта зрабіў. Пасля чаго на мяне напісалі данос мітрапаліту.

З гэтым жа мітрапалітам і кіраўніцтвам у мяне была размова. Мяне наўпрост запыталі, ці веру я ў бога. Я адказаў, што так, веру. Я зманіў, бо была ўжо сярэдзіна году, і было вельмі нязручна кідаць навучальны працэс, ды і ў цэлым з'язджаць у лістападзе асаблівага жадання не было.

Пазней здарылася больш драматычная гісторыя, праз якую я, уласна кажучы, і з'ехаў адтуль. У двух словах: на мяне напісалі данос, нібы я раскрыў інфармацыю пра тое, як на насамрэч памёр наш першы прарэктар, а гэта быў суіцыд. 

Нехта напісаў у Telegram-канал «Церквач» (які публікуе розную інсайдэрскую інфармацыю пра жыццё царквы), чаму ён сапраўды гэта зрабіў. Там была і сямейная драма, і ціск з боку начальства, і асаблівы псіхалагічны стан у цэлым. Але галоўнай прычынай была сямейная драма. Мяне выклікалі і сказалі, што хочуць разарваць дамову. То бок, ветліва папрасілі пакінуць семінарыю.

Спачатку я нават не здагадаўся, у чым прычына. Я думаў, што, магчыма, гэта звязана з маім атэізмам. Я з некалькімі людзьмі дзяліўся сваімі поглядамі на жыццё, таму меркаваў, што рана ці позна мяне ўсё адно папросяць адтуль сысці. Але я памыліўся. Аказалася, што разгалошванне прыпісалі мне.

Гэта быў фінал маёй гісторыі ў семінарыі. Але пакуль я знаходзіўся там, было вельмі цікава назіраць і бачыць царкоўнае жыццё і рэлігійнасць іншымі вачыма.

Семінарысты — гэта ў асноўным маладыя людзі. Я іх добра разумеў, бо калісьці сам быў такім ідэалістам. Іхнія надзеі і праблемы развіваліся на маіх вачах. Галоўнае, што пераканаць іх у нечым было немагчыма. Жаданне верыць у іх было настолькі моцным, што любыя аргументы аказваліся марнымі. Я спрабаваў данесці да іх тэорыю Дарвіна, але жаданне верыць у іх было настолькі моцным, што гэта ня мела ніякага эфекту. Праўда, я на гэта асабліва і не спадзяваўся.

Людзі ў семінарыі былі розныя. Былі тыя, што, умоўна кажучы, прыйшлі «з вуліцы». Але ў асноўным туды траплялі людзі, якіх рэкамендаваў святар, а пасля зацвярджаў епіскап. Такім чынам, па маіх адчуваннях, каля 80% ці нават больш складалі вельмі рэлігійна матываваныя людзі. Бывала, сустракаліся і такія, каму проста трэба было недзе пераседзець, бо ў семінарыі бясплатна кармілі і давалі жыллё... але такіх было вельмі мала. І калі ў іх пачыналіся праблемы (найчасцей з алкаголем), ад іх даволі хутка пазбаўляліся.

Калі я з’язджаў, адзін са студэнтаў сказаў мне: «Аляксандр Рыгоравіч, мяне здзіўляе, як доўга вы тут прабылі са сваімі поглядамі». Мы мелі з ім даверлівыя адносіны.

Знаходзіцца ў асяроддзі, якое табе па сутнасці чужое, з аднаго боку цікава, а з другога — даволі складана. У нейкі момант я нават пачаў баяцца, што ў мяне пачнуцца праблемы з псіхікай. Я нават пытаўся ў свайго мясцовага сябра, які працаваў псіхіятрам, ці не заўважае ён у мне якіх-небудзь нездаровых перамен. Але ён мяне запэўніў, што ўсё ў парадку.

Праблем з псіхікай не было, але дакладна былі псіхалагічныя цяжкасці, нутраны канфлікт ад пастаяннага сутыкнення з ідэямі, чужымі для цябе.

Прыкладна праз тры гады працы ў семінарыі ў мяне ўзнікла жаданне ўсё кінуць і з’ехаць, але я не наважыўся. Было страшна. Свабода выклікала адчуванне, што ты рыба, якую выкінулі на бераг. У семінарыі ты ўвесь час, як вавёрка ў коле. Увесь час нечым заняты, і гэта займае ўсё тваё жыццё. Але гэтае жыццё становіцца вельмі закрытым ад знешняга свету. І калі ты трапляеш «вонкі», ты проста ня ведаеш, чым сябе заняць.

Гэта нагадвае апавяданні людзей, якія доўга сядзелі ў турме, а пасля выйшлі на волю. Чалавек настолькі адаптуецца да новага свету, што ў звычайным жыцці яму вельмі няўтульна — незразумела, што рабіць з гэтай свабодай.

Таму я адпрацаваў там яшчэ паўтара годы. Я добра знаёмы і з праваслаўнай літаратурай, і з сектамі, таму калі нікому наўпрост не казаць, што ты не праваслаўных поглядаў, то і справы да цябе ні ў кога ня будзе. 

Sceptic:

— Ці трэба было неяк пацвярджаць сваю ідэалагічную лаяльнасць?

Аляксандр:

— Не. У Расіі з гэтым усё прасцей: ідзеш у любую царкву, бярэш даведку, што ты праваслаўны, плаціш за яе 100 рублёў — і вось ты ўжо сапраўды праваслаўны. Ты можаш быць хоць атэістам, але калі ў цябе ёсць даведка, пытанняў да цябе не будзе. Пазней я адгадаваў бараду для большай важнасці, але тое, што я праваслаўны, і так лічылася па змаўчанні.

Акрамя выкладання, у мяне была пасада дзяжурнага памочніка. Гэта нешта накшталт сержанта ў войску. То бок, калі былі мае суткі, я падымаў семінарыстаў, потым мы ішлі на зарадку, пасля на малітву, сняданак, заняткі, падвячорак, паслушанні, напрыклад, чыстка бульбы... і гэтак далей.

Sceptic:

— Што самае негатыўнае ў семінарскай адукацыі?

Аляксандр:

— Семінарская адукацыя ня цэніцца ў свецкім жыцці. З гэтым дыпломам вельмі цяжка ўладкавацца на працу па-за царкоўнымі ўстановамі. Можа падацца дзіўным, але найлепшую праваслаўную адукацыю атрымліваюць у Грэцыі і ЗША, на тэалагічных факультэтах. У расійскіх семінарыях праграмы проста адсталыя.

Семінарская адукацыя і жыццё ў семінарыі, пакуль ты там навучаешся, нагадваюць ваенную вучэльню — усё вельмі закрытае. Людзі пастаянна жывуць на замкнёнай тэрыторыі, іх трэнуюць, вучаць, дысцыплінуюць, у той час як свецкае жыццё праходзіць міма. Нармальная сацыялізацыя ў многім спыняецца. То бок, мы маем справу з закрытай групай.

З манаствам такая самая гісторыя: людзі, якія доўга знаходзяцца ў манастве, даволі інфантыльныя і неразвітыя. Грамадства ўжо пайшло наперад, а яны нават ня ў курсе. У выніку развіваецца сацыяльная дэзадаптацыя. 

Sceptic:

— А што добрага можа даць навучанне ў такім месцы?

Аляксандр:

— Шчыра кажучы, плюсаў я і ня бачу. Ну, магчыма, нешта з багаслоўскіх ведаў і можа спатрэбіцца ў свецкім жыцці, але гэта хутчэй пытанне выпадковасці. Плюсаў зусім ня бачу. Проста ты марнуеш час, а пасля разумееш, што памыляўся. Вядома, гэта становіцца часткай твайго жыццёвага досведу, але ён вельмі спецыфічны.

Я шмат сустракаў людзей, якія вераць у Бога, але ня вераць у царкоўныя ўстановы. Такіх сапраўды шмат сустракаў, асабліва сярод святароў. Сустракаў і людзей, якія нібыта ў нешта вераць, але вельмі па-свойму, і ў семінарыю прыходзяць проста як на працу.

Большасць жа там — студэнты, неафіты, якія нядаўна паверылі. Для іх усё правільна, усё святое, яны пакуль яшчэ не разабраліся. Але тыя, хто даўно ў царкве, добра разумеюць усю складанасць. 

Sceptic:

— Ці можна назваць РПЦ сектай?

Аляксандр:

— Тэрміналагічна гэта некарэктна, бо «секта» і «сектар» — аднакаранёвыя словы. Гэта значыць секта — гэта частка чагось большага, нешта, што адкалолася. Але тое, што РПЦ можна назваць аўтарытарнай арганізацыяй, гэта поўная праўда. Начальства там заўсёды мае рацыю. Калі ня мае рацыі — глядзі пункт першы.

Ад усёй гэтай рэлігійнай тэмы я аддаліўся неяк натуральна, эвалюцыйным чынам. Чым больш я даведваўся, тым цяжэй мне станавілася верыць, і ў нейкі момант я зразумеў — надакучыла. 

Sceptic:

— Што для вас атэізм?

Аляксандр:

— Атэізм — гэта тэрмін, які, калі мы выкарыстоўваем яго ў надзённым жыцці, выглядае вельмі абмежавана. Што такое атэізм? Ну, адмаўленне Бога. І ўсё... Мне больш падабаецца тэрмін «навуковы атэізм» — нешта, звязанае з навукай. Бо ў ідэале атэізм павінен быць ня проста яшчэ адным вераваннем, а чымсьці, што мае сувязь з навукай, нечым абгрунтаваным. То бок атэіст не павінен верыць у Бога не таму, што проста ня верыць, а таму, што гэта не падмацавана навуковымі данымі.

Атэізм для мяне — гэта прагрэсыўнае мысленне, заснаванае на навуковай метадалогіі. Мяне, дарэчы, мае веруючыя сябры папракаюць у сцыентызме і кажуць, што я проста веру ў навуку. Але навука — гэта тое, што працуе. І гэта можна праверыць. Больш за тое, я ў любы момант гатовы перагледзець свае погляды. Думаю, гэта тое, што карэнным чынам адрознівае атэіста ад верніка.

А ў цэлым атэізм для мяне ня мае вялікага значэння. Для мяне галоўнае — гэта не адмаўленне бога, а гуманізм. Гэта больш важна для чалавека і грамадства.


P.S. 

Гэтае інтэрв’ю было зробленае яшчэ на пачатку 2022 году, але неўзабаве пачалася вайна, і пад цяжарам шоку і навін файл «выправіўся» ў дальнюю шуфляду. Але, паколькі за амаль тры гады наўрадці нешта змянілася, публікуем яго без зменаў. 
 
 
 

Падобныя матэрыялы

Відэа

More Videos
Watch the video

Хома Сапіенс

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...