Медыя аказваюць каласальны ўплыў на наш светапогляд. Той, хто лічыць, што гэтаму ўплыву непадуладны, вельмі моцна памыляецца, тым самым яшчэ больш павялічваючы рызыку пацярпець ад сутыкнення з рэальнасцю. Бо калі мы не ў бурбалцы фільтраў, то, хутчэй за ўсё, ужо ў эпістэмалагічнай сетцы, з якой рукой падаць да персанальнай рэха-камеры.
Усе гэтыя паняцці выдумалі тэарэтыкі для апісання таго, як медыя могуць уплываць на нас і наколькі бяспечнае тое інфармацыйнае асяроддзе, у якім мы жывем. І гэта не пустое тэарэтызаванне. Ніжэй разгледзім кожнае паняцце асобна.
Бурбалка фільтраў
Гэтым тэрмінам інтэрнэт-актывіст Элі Парызер метафарычна назваў стан інфармацыйнай ізаляцыі, які ўзнікае ў выніку фармавання сацыяльнага атачэння. Фармаванне гэтае адбываецца натуральным чынам.
Бурбалкі фільтраў прынята лаяць як нейкае зло, і ў гэтай з’явы сапраўды ёсць цёмны бок. Але, на мой погляд, гэта настолькі ж старажытная з’ява, як сам чалавек разумны. Таму бачыць у стварэнні гэтых бурбалак чыюсь злую волю бессэнсоўна — мы самі іх ствараем.
Аднак у ХХІ стагоддзі стварэнню бурбалак фільтраў сталі спрыяць алгарытмы сацыяльных сетак. Яны шукаюць для нас «выгодныя» публікацыі і персаналізуюць стужку навінаў. Зрэшты, сацыяльная сетка гэта не навінасны агрэгатар, а лічбавы працяг сацыяльнага жыцця. Калі іх не блытаць, то астатнія прэтэнзіі можна адрасаваць сабе.
Людзі заўсёды слухалі, глядзелі і чыталі тое, што ім было прыемна. А прыемна ім тое, што пацвярджае іхнія перакананні.
Проста трэба памятаць, што сацсеткі — гэта бізнэс. Калі вы не плаціце за карыстанне сэрвісам, то за чый кошт банкет? У дадзеным выпадку за кошт рэкламадаўцаў. Нашая ўвага — гэта галоўны рэсурс, які сацсеткі ім прадаюць. Так, алгарытмы будуць падсоўваць што заўгодна, абы толькі гэтую ўвагу ўтрымаць. Але злога намеру ў іхніх стваральнікаў няма, only business. А мы можам гэтымі алгарытмамі скарыстацца і сфармаваць сваю стужку так, як палічым правільным.
Мы павінны самі адказваць за тое, што пускаем да сябе ў галаву. Так было заўсёды і зараз нічога не змянілася.
У выніку тая інфармацыйная прастора, у якой мы апынаемся, умацоўвае наш светапогляд і ўзмацняе нашыя перакананні рэгулярным паўтарэннем таго, што мы прымаем за ісціну, адначасова робячы інфармацыю, якая супярэчыць нашым поглядам, рэдкім госцем.
Эпістэмалагічная сетка
«Эпістэмалагічны» значць той, які адносіцца да ведаў. У адрозненне ад бурбалкі фільтраў, эпістэмалагічная сетка — гэта выключэнне з інфармацыйнай прасторы некаторых крыніц больш свядома.
Чаму адбываецца гэтае выключэнне — у выніку самацэнзуры або ў рамках барацьбы з варожай дэсінфармацыяй — не так важна. Важна, што гэта так ці іначай вынік асэнсаваных дзеянняў.
Як і бурбалкі фільтраў, эпістэмалагічныя сеткі прынята лаяць, прыпісваючы тым, хто іх спараджае, падступныя антыгуманныя планы. Аднак, як звычайна, гэтая з’ява таксама мае два бакі.
З аднаго боку, эпістэмалагічная сетка — гэта, па сутнасці, цэнзура. Мы справядліва яе не любім і стараемся не дапускаць.
З другога боку, ёсць праблема, што некаторыя з’явы выходзяць за рамкі этыкі, і апынуліся яны па-за гэтымі рамкамі не проста так. Забойства, вайна, катаванні ды іншыя прычыны пакутаў — усё гэта ні ў якім разе не павінна станавіцца нормай. Іначай здараецца Халакост, Руанда або Спецыяльная ваенная аперацыя. Таму відавочна, што некаторыя ідэі не павінны мець магчымасці распаўсюджвацца.
Асабліва гэта актуальна, калі ўзгадаць аб прапагандзе, якую вядуць аўтарытарныя рэжымы. Інфармацыю, якую стварае такая прапаганда, мы схільныя называць «пунктам гледжання» і ставіць у агульны медыйны шэраг. Але гэта памылка. Пункт гледжання — гэта адно з адлюстраванняў рэальнасці. Але аўтарытарная прапаганда нічога не адлюстроўвае. Яна малюе фантазійны свет, якога ў рэальнасці не існуе. Падобная інфармацыя не павінна на роўных браць удзел у канкурэнцыі на рынку інфармацыі.
І ўсё ж памятайце, што эпістэмалагічная сетка — гэта пра абмежаванні. Паколькі нават самі людзі, якія яе фармуюць, не заўсёды ясна сабе ўяўляюць наступствы ўласных дзеянняў, трэба разумець, з чым мы маем справу.
Рэха-камера
Вышэй я ўжо ўзгадаў аб прапагандзе, дык вось рэха-камера — гэта рыхтык пра яе. Калі інфармацыйныя бурбалкі фармуюцца стыхійна, эпістэмалагічныя сеткі свядома, але скіраваныя на абмежаванне інфармацыі, то рэха-камеры ствараюцца канкрэтнай групай асоб паводле папярэдняй змовы і без якіх-колечы этычных абмежаванняў. То бок для фармавання рэха-камер акрамя татальнай цэнзуры выкарыстоўваецца яшчэ і непрыхаваная хлусня.
Яшчэ адна адрозная рыса рэха-камер — сістэматычная дыскрэдытацыя непажаданых крыніц. Ізноў жа любымі метадамі, ад падтасоўкі фактаў да хлусьні.
Калі выйсці за рамкі эпістэмалагічнай сеткі можна проста зрабіўшы пару лішніх клікаў, то ў рэха-камерах доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі максімальна абмежаваны і нават крыміналізаваны. Між сябрамі і нясябрамі рэха-камер ствараецца максімальная варожасць, носьбіты інфармацыі звонку падвяргаюцца астракізму, а распаўсюднікі пераследу.
Акрамя таго, сябры рэха-камер становяцца залежнымі ад крыніц, што дзейнічаюць усярэдзіне гэтых камер, і валодаюць высокай устойлівасцю да ўплыву любых знешніх крыніц. Як бы менавіта гэтую з’яву мы і называем прамываннем мазгоў і замбаваннем.
Трэба сказаць, што не так важна, што называць рэха-камерай, што бурбалкай, а што сеткай. Гэта ўмоўнасць. Нават правесці чыткую мяжу між імі не заўсёды можна. Але важна разумець, што ступень адарванасці ад рэальнасці можа быць рознай, і гэта вынік розных прычын. Вашая мэта — захаваць сябе.
Чаму мы да гэтага схільныя
Мы цярпець не можам памыляцца.
Знаёмае выклікае ў нас больш даверу, чым незнаёмае.
Мы беражэм кожны сваю карціну свету, бо яна (і нашае месца ў ёй) і ёсць тое самае «Я», якое мы лічым сабой.
Мы, у масе сваёй, канфармісты — любім сваіх і не любім ісці супраць плыні.
Мы імкнемся зэканоміць максімум энэргіі, і любыя шаблоны дазваляюць паспяхова гэта рабіць.
Мы вельмі эмацыйныя і часта блытаем эмоцыі і мысленне.
Мы імкнемся да разумення сутнасці рэчаў, якое забяспечвае нас сэнсамі. Без іх мы проста звальваемся ў дэпрэсію і губляем жаданне жыць.
Разуменне нараджаецца з ведаў, а веды мы чэрпаем з медыя.
У цэлым нічога новага.
Але менавіта ў якасці медыя, у дадзеным выпадку, ключавое пытанне. Як яны на нас уплываюць? Да чаго матывуюць? Што падаюць як норму? Ад адказаў на гэтыя пытанні залежыць, здабываеце вы больш моцную сувязь з рэальнасцю ці наадварот губляеце.
Што рабіць
У сілу сваёй чалавечай прыроды, мы не зможам здабыць незалежнасць ад інфармацыйнага асяроддзя, у якім жывем. Але гэта і не трэба.
Проста трэба ўзяць адказнасць за змесціва сваёй галавы на сябе:
- не блытаць меркаванне з фактамі;
- не баяцца называць рэчы сваімі імёнамі;
- задаваць нязручныя пытанні;
- не хлусіць;
- не крывіць душой;
- цаніць чалавечае жыццё вышэй за любыя ідэі.
Стварайце сваю інфармацыйную бурбалку свядома і пакіньце магчымасць яе пракалоць. Сумнявайцеся ў тым, што прыемна чуць. Рабіце тое, што супярэчыць адчуванням. Не блытайце эмацыйныя рэакцыі і мысленне. Бязлітасна правярайце на трываласць свае ўлюбёныя ідэі. Так, гэта цяжка і непрыемна, але менавіта ў гэтым праяўляецца сапраўдная свабода волі — дзейнічаць насуперак уласным пачуццям, быць вышэй за падсвядомыя механізмы, якія вядуць па жыцці.