Хопіць мець сваё меркаванне там, дзе нічога ня ведаеш

                       


Хопіць мець сваё меркаванне там, дзе нічога ня ведаеш

У ходзе эксперыментаў было даказана, што, ведаючы некаторыя ключавыя словы пытання, людзі схільныя лічыць, што ведаюць і адказ на пытанне. Але адкуль у цябе тое ці іншае меркаванне? На якім грунце ты яго сфармаваў? Колькі часу ты патраціў на тое, каб прыйсці да пэўнай высновы? Ці траціў ты на гэта час увогуле? З якімі крыніцамі працаваў? Якія пытанні задаваў? Ці валодаеш ты дастатковай кампетэнцыяй, каб рабіць кампетэнтныя высновы?


Людзям уласціва памыляцца. Здольнасць падмануцца, а пасля бараніць гэтую памылку пры дапамозе ўласнага рацыянальнага апарату навукоўцы назвалі «слепатой выбару». Мы часта не разумеем прычыны сваіх рашэнняў, але рацыяналізацыя дапамагае нам прыняць і патлумачыць любы варыянт сваіх дзеянняў, стварыўшы ілюзію кантролю над працэсам прымання рашэння. Вельмі добра гэтае пытанне раскрывае нэйрабіёлаг Васіль Ключароў.

 

Не спяшайся з высновамі, бо калі табе здаецца, што ты нешта ведаеш, гэта ня значыць, што так яно і ёсць

 

Што ўвогуле можна лічыць меркаваннем? Часам можна пачуць неверагодную хрэнь, але і з ёй даводзіцца лічыцца, бо, як выяўляецца, гэта таксама меркаванне. Светапогляд некаторых людзей мае папросту нулявы радыюс, гэтую кропку яны называюць пунктам гледжання. Зрабі ўсё, каб не ўваходзіць у іхні лік і не марнуй час на дыскусіі з імі, бо, як трапна зазначыў Марк Твэн, ты апусцішся да іхняяга ўзроўню, дзе яны здушыць цябе сваім досведам.

Уяві, што за кожнае сваё слова ты можаш адказваць у судзе. Любое тваё меркаванне павінна быць аргументаваным. Добрыя аргументы павінны грунтавацца на фактах. Таму з пулу сваіх меркаванняў варта выключыць тыя, якія нельга падмацаваць фактычнымі дадзенымі. Ці як мінімум пазначыць падобныя меркаванні як «ненадзейныя».

Натуральна, мы ня можам ведаць усяго і ў шмат якіх галінах жыцця вымушаны запазычваць чужыя меркаванні. Дык хай гэта будуць меркаванні экспертаў з хоць неяк пацверджанай рэпутацыяй. Даверся тым, хто ведае, але цішком загуглі. Да слоў экспертаў таксама трэба ставіцца крытычна.

Кожны з нас часам стаецца носбітам беспадстаўных меркаванняў і сумніўных дапушчэнняў. Нам не ўласцівая звычка разбірацца, адкуль яны ўзяліся. Часта гэтыя меркаванні і дапушчэнні бясшкодныя, але часам менавіта яны становяцца прычынай страшных рэчаў — войн, генацыдаў, варажнечы. Толькі тады людзі пачынаюць задавацца пытаннем, як такое магло здарыцца.

Ніколі ня блытай асабістае меркаванне з фактамі

 

Чалавек бачыць у першую чаргу тое, што чакае ўбачыць. Нашыя хібныя перакананьні — адзін з абмежавальнікаў гэтага бачання, бо мозг схільны ігнараваць інфу, якую не чакае ўбачыць у кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Таму ўсякі раз, калі ты сутыкаешся з чалавекам, які ў нечым перакананы, май на ўвазе, што, хутчэй за ўсё, ты ня зможаш данесці да яго альтэрнатыўную думку, нават калі ты тройчы маеш рацыю.

І яшчэ адно: часам гэты чалавек — ты.

Падобныя матэрыялы

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...