Пропаганда. На линии информационного фронта.

                       


Пропаганда. На линии информационного фронта.

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай моцнай групы; мець ворага, якога можна абвінаваціць ва ўсіх праблемах.


Адразу зазначым, што гаворка ў артыкуле пойдзе пра палітычна ангажаваную прапаганду. Бо ёсць прапаганда здаровага ладу жыцця, або датрымання правілаў дарожнага руху, што ёсць справай карыснай.

Прапаганда як вуглякіслы газ – ня мае ні колеру, ні паху. І ў той жа ступені ядавітая. Ейнае ўтрыманне ў інфармацыйнай прасторы можа быць недапушчальна высокім, але заўважыць гэта, калі ты ўжо атручаны, немажліва. Ніхто ня скажа пра сябе: я гляджу/слухаю/чытаю прапаганду. Кожны перакананы, што менавіта ягоныя крыніцы інфармацыі сапраўдныя, якасныя і максімальна праўдзівыя. Можна ўсё жыццё правесці ў прапагандысцкім угары ды так гэтага і не зразумець.


1. Што такое прапаганда

Прапаганда гэта мэтанакіраваны распаўсюд у грамадстве пэўных: 
• ідэй; 
• каштоўнасцяў; 
• норм; 
• праграм паводзінаў.

Да прыкладу, возьмем ідэю… здаровага ладу жыцця. 
У аснове гэтай ідэі каркас з каштоўнасцяў: адсутнасць хваробаў, высокі жыццёвы тонус, даўгалецце. 
Каркас скручаны нормамі: заняткі спортам, збалансаванае харчаванне, здаровы сон, адмова ад палення і г.д. 
А на ўсю гэтую канструкцыю накінута тонкая сетка сплеценая з праграм паводзінаў: вызваліць 2-3 вечары для заняткаў спортам, легчы не пазней за 23.00, кінуць паліць…

Або іншы прыклад – фашызм. 
Каштоўнасці: белая скура, германскае паходжанне, вера ў мудрасць фюрэра, нянавісць да габрэяў і г.д. 
Нормы: шлюбы толькі з прадстаўнікамі сваёй арыйскай расы, прыманне на веру любой заявы правадыра, непрыманне габрэяў за роўных сабе людзей. 
Праграмы паводзінаў: знайсці сабе бялявую блакітнавокую партыйную немку-арыйку, азнаямленне з усімі тэзамі правадыра і іхняе запамінанне, разрыў кантактаў з асобамі габрэйскага паходжання і агульная непрыязнасць да іх.

Структура прапаганды вельмі простая! 

І ў гэтым ейная сіла. 

А давай паспрабуем збудаваць сваю прапагандысцкую ідэю. Хай ідэяй будзе: граблі – гэта зло! 
Фармулюем каштоўнасці: усё добра, што не граблі; шуфлі, цяпкі, косы – гэта добра, але граблі гэта дрэнна; граблі гэта грэх… неяк так. 
Цяпер нормы: граблям ня месца ў гаспадарцы, вытворчасць грабляў – гэта незаконна, прыстойныя людзі ня ўзгадваюць граблі ў размовах. 
І, нарэшце, праграмы паводзінаў: знайшоў граблі – спалі, убачыў у суседа граблі – напішы заяву ў міліцыю, ніколі не кажы слова “граблі” пры дзецях.

Ідыятызм? Затое наглядна бачна, што нават самую маразматычную ідэю можа ўкласці ў сыстэму.

Цікава, што першапачаткова лацінскае слова propaganda даслоўна значыла – тая, што належыць распаўсюду. І гаворка ішла пра веру. Менавіта вера ёсць той прарэхай у чалавечай свядомасці, праз якую ў галаву трапляе ўсякі шлак, мінуючы фільтры крытычнага асэнсавання.

Прапагандысцкая ідэя – гэта тое, у што вераць

“Мэта апраўдвае сродкі” – гэта аб прапагандзе. Ня важна, якая інфармацыя будзе ляжаць у аснове прапагандысцкай ідэі. Галоўнае – вынік. Факты, чуткі, міфы, праўда, паўпраўда і наглая мана – усё што дазваляе ўкарэніць у мазгі мэтавай аўдыторыі патрэбныя ідэі, каштоўнасці, нормы і праграмы ідзе ў ход.

Мараль?.. Не, ня чулі.

2. Ці не ахвяра я прапаганды?

Як ужо зазначалася вышэй, чалавек можа дзесяцігоддзямі існаваць у інфармацыйным асяроддзі, прасякнутым прапагандай. Гэта значыць, што ягоная карціна свету будзе выглядаць мякка кажучы недарэчна, як Франкенштэйн, сабраны з розных кавалкаў. Міфы, легенды, факты, вырваныя з кантэкстаў, містыфікацыі… Ніякія супярэчнасці такой карціне свету ня страшныя, бо ў ейнай аснове вера – прыманне інфармацыі за праўдзівую бяз доказаў.

Зразумець, ці атручаны ты прапагандай і наколькі крытычна, надзвычай складана. Слушна заўважыў Чынгіз Айтматаў, што страўнік разумнейшы за мозг – ён умее ванітаваць, мозг жа глытае ўсякую дрэнь! Куды прасцей адразу зрабіць захады, каб не надыхацца прапагандай, чым спрабаваць пасля адхаркаць яе.

Але ёсць сімптом, паводле якога з вялікай ступенню верагоднасці можна дыягнаставаць атручванне прапагандай. Ёсць некалькі “цудоўных” слоў: абраза, блюзнерства і крыўда. Усе яны азначаюць пэўную рэакцыю псіхікі на пэўны раздражняльнік – на інфармацыю (слова, карцінка, тэкст…). У кантэксце нашай размовы іхнія значэнні вельмі блізкія, таму абмяжуемся адным з іх – словам “абраза”. Дык вось, наяўнасць пачуцця абразы ў дачыненні да нейкай важнай для цябе ідэі – гэта першае сведчанне таго, што гэтая ідэя не твая. 

Калі ідэя не твая, то чыя і чаму мае для цябе значэнне?

Логіка простая. Твае негатыўныя эмоцыі – гэта спроба псіхікі абараніць гэтыя ідэі, іхнюю правамернасць і вартасць. Твой падмануты мозг лічыць іх сваімі і б’е трывогу. Актывізуе адрэналінавую рэакцыю бі або бяжы. Страх, але часцей – ярасць. Чаму так адбываецца? Гэтыя падсадныя ідэі, маюць надта мала сувязяў з тваім досведам. Няма прывязкі да рэальных падзей. Гэтыя ідэі не выцякаюць з твайго досведу натуральным чынам – ты не сам да іх прыйшоў шляхам развагаў, паслядоўнага пошуку ды аналізу інфармацыі, узважвання ўсіх “за” і “супраць”.

Чым слабей абгрунтаваная ідэя, тым мацнейшыя эмоцыі выклікае іхняе непрыманне

Адкажы самому сабе, што для цябе важна? Што сапраўды мае каштоўнасць? Скажам ты цікавішся фізікай і імя Альфрэд Эйнштэйн для цябе не пусты гук. Што ты адчуеш, калі я скажу, што ён прыдурак? Што ён ёлуп, фрык і нічога вартага не зрабіў. Што ты адчуеш? Нічога! Табе будзе забаўна гэта чуць. Але цябе ніякім чынам не абразяць ні гэтыя выказванні, ні любыя іншыя. Бо ты ВЕДАЕШ, хто такі Эйнштэйн і для цябе гэтага дастаткова. Ты – самадастатковы ў сваіх ведах па гэтым прадмеце.

Ідэі, якія валодаюць сапраўднай вартасцю ў тваіх вачах, абгрунтаваныя ў дастатковай ступені, каб эмацыйная рэакцыя ў выпадку нападак на яе была непатрэбная.

Нешта цябе абражае? Задумайся, ці вартае яно таго?..

3. Якія захады трэба зрабіць, каб не атруціцца прапагандай

На першы погляд адказ відавочны: крытычнае мысленне – фільтраваць усё, што чуеш, бачыш і чытаеш у СМІ. SAVE-фільтр табе ў дапамогу. Калі ж прывесці нейкую больш канцэптуальную рэкамендацыю: задавай як мага болей пытанняў. Любых. У першую чаргу – сабе самому. І калі адчуеш, што нейкае пытанне выклікае нутраны супраціў у форме думак: “так нельга думаць!”, “гэта амаральна!”, “гэта блюзнерства!”, “гэта мяне абражае!” – разгледзь тую з’яву з асаблівай уважлівасцю. І абавязкова адкажы, шчыра, як ёсць.

Думкі не павінны абражаць

А ўвогуле, самым простым спосабам ня трапіць пад уздзеянне прапаганды – свядома перапыніць кантакт з крыніцай, западозранай у ёй.

Выключы тэлевізар!

4. Метады прапаганды

Ну і на астанне некаторыя шырокаўжываныя метады, якім карыстаюцца прапагандысты.

Простыя адказы

Гэта – дабро, а гэта – зло. 
Усё проста!

Прапагандысты фарбуюць усё ў чорна-белае. Тым самым людзі, якія ня любяць думаць сваёй галавой, атрымліваюць простыя адказы на складаныя пытанні.

Думаць – цяжкая справа. Па-першае, мозг – дэвайс энэргаёмісты. Каля чвэрці энергетычных рэсурсаў арганізму спажывае менавіта ён. Па-другое, думаць – гэта навык, які прыходзіць толькі з практыкай. То бок, каб навучыцца думаць і падтрымліваць гэты скіл на належным узроўні, як мінімум трэба дастаткова часу. Ня кажучы ўжо пра натхненне. Таму гэты занятак не для ўсіх.

Ананімны аўтарытэт

Чалавек у белым халаце – гэта крута.

Людзі – істоты статкавыя. Нам уласцівы амаль безумоўны давер аўтарытэтам. Але аўтарытэтам можа быць ня толькі асоба, але і званне, прафесія ці проста рэчы – пагоны ды лампасы... Генерал ВЛС запасу, прафесар парапсіхалогіі Muchasranskaha ўніверсітэту – гучыць самавіта, нават правяраць няёмка, хаця і трэба. А калі яго яшчэ і апрануць у белы халат… Зрэшты часта адным белым халатам усё і абыходзіцца.

Звычайная справа

Ведаеш, які самы моцны аргумент у любой дыскусіі? “Ну і што?!”

Перыядычна ўзнікае патрэба зрабіць нейкую з’яву нармалёвай для мас. Каб усе пачалі казаць: “і што?”, “а калі было іначай?”, “нічога асаблівага”, “руціна”… Напрыклад увядзенне рэлігійнай адукацыі ў школах. У гэтым разе паведамленні па азначанай тэме паўтараюць як мага часцей і з абсалютна нейтральнай інтанацыяй. Нібы так заўсёды было: “96% бацькоў – за рэлігійную адукацыю”, “дзеці цягнуцца да рэлігіі”, “рэлігія ў школах – гэта натуральна, так было спрадвеку” і г.д.

Тлумленне галавы

Бывае, СМІ, што выконваюць прапагандысцкія функцыі, вымушана рэагаваць на нейкі факт. Але факт гэты вельмі нязручны. То што рабіць? А ўсё вельмі проста: яны пачынаюць прадукаваць і множыць самыя розныя версіі і меркаванні пра падзею. У выніку масы, якія і адну версію ня ў стане ацаніць самастойна, канчаткова збіваюцца з толку, што ўвогуле адбівае ў іх жаданне расставіць у тэме кропкі над “і”. І мы чуем: “Ай… хз”.

Эмацыйны рэзананс

Радзіма ў небяспецы!
Гандурас у агні!
Нашых б’юць!

Развод на патрыятызм – адна з улюбёных фішак прапагандыстаў. Там табе і эмоцыі, і групавы альтруізм, і вораг, адзін на ўсіх. Здавалася б да прыкрасці банальная з’ява, але… дасюль працуе. І працуе вельмі спраўна. Сказаць тут можна шмат, але вельмі добра з гэтай задачай справіліся аўтары вось гэта роліка:  звериный оскал патриотизма

 

А яшчэ, да прыкладу, дзеці…

Дзеці… дзеці! Што будзе з нашымі дзецьмі!?

Слабыя, абяздоленыя, нямоглыя… усё, што можа выклікаць эмоцыі і спачуванне – эмпатыю – будзе выкарыстана прапагандыстамі.

А яшчэ кроў, смерць і руіны – страх – таксама магутны сродак уплыву на тых, хто блытае эмацыйную рэакцыю з мысліўным працэсам.

Памятаем: дзе пануюць эмоцыі, розум спіць!

Эфект першаснасці

Хто першы гучна крыкнуў – таго і запомняць. Ізноў жа гэта тычыцца людзей, якія не абцяжарваюць свае міжвушныя нервовыя гангліі празмернай работай. Пасля можа быць што заўгодна, абвяржэнні, заявы рэальных сведак, мегаякасныя журналісцкія расследаванні… Але ўсё марна – запомнілася першая пачутая інфармацыя. Хай нават абсалютна хлуслівая. І нават калі яно, ня гледзячы ні на што, такі становіцца зразумелым – асадачак-та застаецца.

Эфект прысутнасці

Гэта тычыцца ў першую чаргу тэлебачання. Зрок для нас надзвычай важная рэцэпторная сістэма – праз яго мы атрымліваем большую частку інфармацыі. Таму калі мы нешта бачым на ўласныя вочы – гэта жалезабетоннае сведчанне. Яно было бы справядліва, калі б сапраўды на ўласныя вочы. Але аб’ектыў аператара – гэта і не ўласныя, і не вочы. Што паказаць, а што не паказаць, з якой кропкі зняць і ў які момант – усё гэта рашэнні, якія пераследуюць канкрэтную мэту. А ўжо што тычыцца каментароў да відэашэрагу… Тут увогуле прастора для фантазіі.

А пасля маем: “Я гэта сам бачыў! Паказвалі па тэлевізары”.

Інфармацыйная блакада

Тут і тлумачыць няма чаго. Ёсць няёмкі факт, тэма? Усе дружна маўчым! Калі нешта не паказалі па тэлевізары, то для большасці гэтага і не было.

Выкарыстанне пасрэднікаў

Як ні дзіўна ёсць значна больш прадуктыўны спосаб паўплываць на меркаванні мас, чым банальная лабавая агітацыйная атака – інфармацыйныя пасрэднікі. Усё ж калі бессаромна і непрыхавана дзяўбуць нейкай інфармацыяй, нават самы недалёкі абывацель скажа “годзе!”. Але простым людзям мы верым. Міфы, чуткі, плёткі – гэта тое, што як бы, праверана народнай экспертызай. Калі большасць трымаецца нейкай думкі, значыць нешта ў гэтым ёсць. Блогі, твіты і наступныя рэпосты ў сацсетках, а пасля пераказванне іх на кухнях – так дэза і запускаецца ў масы.

А яшчэ ёсць лідары думак – людзі, якіх усе ведаюць, любяць, а таму давяраюць. Аўтарытэты. Акторы, навукоўцы, палітыкі, журналісты. Тыя, хто мае Імя і крэдыт даверу, робяць заявы, якія аўтаматам становяцца праўдай.

Працягваць можна доўга. Але ў тым няма патрэбы. Няма сэнсу ў тым, каб ведаць увесь пералік прапагандысцкіх сродкаў. Хай прапагандысты хоць са скуры вылузваюцца, але калі ты будзеш задаваць пытанні і шчыра на іх адказваць – іхнія намаганні марныя. 

Шчыра адказваць у першую чаргу самому сабе. 

Видео

Ещё видео
Watch the video

Хомо Сапиенс

Показать ещё

Медиа-карантин

Показать ещё

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...