Крохкае «Я» або чаму мы баімся чужых ідэй

                       


Крохкае «Я» або чаму мы баімся чужых ідэй

Чаму кухонныя спрэчкі «за палітыку» перарастаюць у канфлікты, чужое меркаванне можа смяротна абразіць, а непрыманне поглядаў — выклікаць прыступ гістэрыкі? 

 


 

Па-першае, канструктыўную дыскусію нас весці ніхто ня вучыць. Таму сярэдні грамадзянін вымушаны абыходзіцца банальным побытавым дыструктывам. 
Па-другое, і гэта галоўнае, таму што любое чужое меркаванне можа істотна закранаць мадэль «Я». А гэта вельмі крохкая штука. Любы замах на гэтую мадэль ўспрымаецца як сапраўдная фізічная пагроза, і перыядычна гэта выводзіць з раўнавагі.

Чаму тое, што аспрэчвае маё меркаванне, выклікае бурныя негатыўныя эмоцыі?

Пытанне гэта даволі тонкае. Але разам з тым мы настолькі часта сутыкаемся з гэтай праблемай, што пара бы ўжо ўнесці адказ у праграму сярэдняй адукацыі. 

Давай разбірацца.
Ёсць два аспекты, якія раскрываюць сутнасць азначанай з'явы. Абодва яны — прадукт эвалюцыі. У дадзеным выпадку эвалюцыі псіхікі.

Першы аспект — фізіялагічны.
Другі — псіхалагічны.

Фізіялогія, то бок, калі выражацца кампутарнай мовай, нашае «жалеза», гэта тое, што проста дадзена. Яно не мяняецца на раз-два, а фармуецца паводле законаў натуральнага адбору цягам мільёнаў гадоў. Гэта трэба проста прыняць як факт.
Тут можна доўга пісаць пра тое,што нашае цела, і ў прыватнасці мазгі і псіхіка, менавіта такія, якія дазволілі нашым малпападобным прашчурам выжыць... Але пра гэта ўжо столькі напісана, што няма сэнсу рабіць гэта яшчэ раз. Нагадаю толькі, што чалавек — істота выключна сацыяльная. 

Ніжэй будзе чатыры абзацы, якія (вельмі павярхоўна) раскрываюць механіку работы гэтага жалеза, але калі ты на гэта заб'еш, на разуменне асноўнага пытання артыкулу гэта не паўплывае.

{spoiler spoilerID,Інфа для датошных - спойлер,Інфа для датошных - згарнуць}Адным з элементаў «жалеза» з'яўляецца міндаліна — маленькі камок нэйронаў, які адказвае за вялікія эмоцыі — СТРАХ і ГНЕЎ. Любая небяспека актывуе гэты (парны) аддзел мозга і чалавек пачынае паводзіцца як мінімум вельмі эмацыйна.

Звычайна сэнсорная інфармацыя, трапіўшы ў чалавечыя мазгі, праходзіць праз лобную долю кары, што дазваляе нам заставацца памяркоўнымі ці хаця бы трымаць сябе ў рамках прыстойнасці. Калі асяроддзе не пасылае надзвычайнай інфармацыі пра небяспеку, мы застаемся дарослымі рацыянальнымі гомасапіенсамі.

Але ёсць і іншы шлях — кароткі.
Чым карацейшы шлях, тым хутчэй рэакцыя. Эвалюцыйна гэты шлях вельмі апраўданы, бо па-за межамі цывілізацыі (у жывой прыродзе) існуе мноства галодных і агрэсіўных істот. Запозненая рэакцыя азначае канец існавання арганізма-носбіта такой рэакцыі, то бок — смерць.

Што з гэтага вынікае?
Рэзкая рэакцыя ўзрушання, абурэння або агрэсіі (бывае па-рознаму, у залежнасці ад кантэксту) значыць, што інфармацыя, залітая, скажам, у вушы, пацякла праз мазгі кароткай дарожкай. Мінуючы рацыянальную і памяркоўную лобную долю, яна напрасткі заліваецца ў міндаліну. Міндаліна імгненна б'е ў набат — падымаецца ціск, сэрца пачынае калаціцца, рукі патнеюць, а зронкі пашыраюцца.
Усё.
Выхад на сцяжыну вайны адбыўся.
Цяпер нам не да рацыянальнай дыскусіі. Цяпер гаворка ідзе пра, ні многа, ні мала, выжыванне, маць яго!
Адно слова і ты гатовы кінуцца ў рукапашку.

Канечне, абазнаны чытач скажа, што ведучы гаворку пра фізіялагічны бок пытання, трэба акрамя міндаліны распавесці і пра пярэднюю паясную, і пра выспачкавую кару. І будзе цалкам мець рацыю. Бо іхні ўнёсак у паводзіны, якія мы спрабуем асэнсаваць, ня меншы за ўнёсак міндаліны. Усё так. Але каб не павялічваць колькасць букаф удвая, я дадам толькі, што пярэдняя паясная кара — гэта нашае адчуванне правільнага/няправільнага (і ўсімі ненавіснага кагнітыўнага дысанансу, а выспачкавая кара — нашае адчуванне агіды як ад ежы, так і ад учынкаў (мараль).
Гэтая троіца — міндаліна, пярэдняя паясная і выспачкавая кара — магутны механізм матывацыі і мадуляцыі нашых учынкаў. Але менавіта міндаліна непасрэдны генератар агрэсіі і страху. Ейная актыўнасць найлепшы паказнік, што нешта ня проста пайшло ня так, а катэгарычна непрымальна для выжывання. Таму на ёй мы пакінем фокус увагі.

{/spoiler}

Мазгі слаба адрозніваюць страх стацца ізгоем ад страху, што твае палітычныя перакананні яйка выедзенага ня вартыя.

 

І першае, і другое ёсць страхам астракізму. Застацца аднаму без падтрымкі, без дапамогі, без рэсурсаў — страшная перспектыва для любой сацыяльнай істоты. Што ўжо казаць пра гома сапіенсаў.
Таму нам трэба ўпэўненасць, што нашыя веды пра свет карэктныя. Бо ў некарэктных ведаў вельмі слабая прадказальная сіла, што пагражае ператварыць гэтыя веды ў нішто, зрэшты як і самога іх носбіта. 

Чалавек ня можа дапусціць таго, што зробіць яго нічым. 

Чаму так? 

Гэта раскрывае другі аспект — псіхалагічны.

Кожны чалавек мае канцэпцыю «Я».
Усе гэтыя байкі пра канцэпцыю «Я» звычайна гучаць як нейкае абстрактнае бла-бла-бла. Яно быццам і мае дачыненне да рэальнасці, але хер паймі, якое. Якая нам ад таго карысць, што мы пра гэтую канцэпцыю «Я» ведаем, таксама зразумела слаба.

Але гэтая рэч выяўляецца вельмі сур'ёзнай.
Настолькі сур'ёзная, што пачуўшы нешта, што ідзе тваёй Я-канцэпцыі ўразрэз, міндаліна запускаецца ў абыход лобнай долі. Гэтая інфа для тваіх мазгоў настолькі ж небяспечная, як інфа, што побач з тваім тварам вялізны павук, або што твой суразмоўца мае намер нанесці табе цяжкія цялесныя.

 

Інфармацыя, якая падрывае тваё ўяўленне пра сябе любімага, падсвядома ўспрымаецца як скрайне небяспечная.

 

Але чаму???
Вось тут могуць быць розныя тэорыі.
Напрыклад, ёсць тэорыя, што Я-канцэпцыя ёсць наратывам — апавяданнем пра самога сябе. Мне гэтая тэорыя здаецца найбольш зручнай, таму ёй і абмяжуемся. 

Без наратыву няма цябе.
Па аналогіі з песняй, з якой слова ня выкінеш,

 

любая пагроза каштоўнасцям, на якіх будуецца твой наратыў, паслядоўнасць і цэльнасць сюжэту, успрымаецца як пагроза жыццю.

 

Сумняешся?  

Давай правядзем мысліўны эксперымент.
Чалавек можа згубіць адну нагу. Ці нават абедзве. Або дзве нагі, і руку... Карацей, тэарэтычна ад чалавека можа застацца адна галава ці нават толькі мазгі, якія падлучаць да кампа і атрымаецца кібарг. Імя такога чалавека будзе пісацца з зорачкай*... Зрэшты, пакуль гэта фантастыка. Ня важна.
Важна іншае: ад чалавека застаецца толькі шэрае рэчыва, і... асоба! Асоба застаецца некранутай. 

Гэтае адступленне было для таго, каб праілюстраваць, што

 

асоба чалавека, ягоная Я-канцэпцыя, знаходзіцца ва ўяўленні пра самога сябе. Усё, што ставіць тое ўяўленне пад пытанне, пагражае фізічнаму існаванню гэтага «Я».

 

Без «Я» няма і чалавека. 
Без рук і ног чалавек па-ранейшаму ёсць, а без «Я» его нет. 
Мноства такіх «Я» ўтвараюць «мы» — групы. «Мы» ўтвараюць соцыюм. 

 

Любы замах на «Я» можа паставіць пад пытанне і правамернасць існавання «мы». Абараняючы свае Я-аксіёмы, мы ўскосна абараняем і мілае сэрцу «мы» — групу.

 

Ніхто не нараджаецца асобай.
Не нараджаецца з гатовай Я-канцэпцыяй, нават намёку на яе няма. Яна фармуецца ў працэсе сацыялізацыі. Гэта — адаптацыя арганізма да канкрэтных, у першую чаргу сацыяльных, умоў. Апавяданне пра самога сябе складваецца паступова, па меры таго, як чалавек абжываецца ў тым асяроддзі, у тым «мы», дзе яму пашчаціла (ці НЕ пашчасціла) нарадзіцца.

Я-канцэпцыя дае ўяўленне пра тое, чым ты ёсць, на што можаш прэтэндаваць, часткай чаго з'яўляешся, хто табе свой, хто чужы... Гэтыя рэчы забяспечваюць выжыванне ў чалавечым соцыюме.
Быць гома сапіенсам і быць чалавекам — не тое самае. Як бы нязвыкла яно ні гучала, але гэта факт (гуглі «дзеці-маўглі»).
Чалавек — з'ява сацыяльная.

 

Нам жыццёва неабходна належаць да групы. Хоць якой.
Я-канцэпцыя забяспечвае гэтую прыналежнасць.

 

Дык вось, 
калі новая інфармацыя змушае адчуваць: «твая Я-канцэпцыя хібная, твой наратыў — гаўно, тваё ўяўленне пра сябе і тваё месца ў гэтым свеце не адпавядае рэчаіснасці, і ўвогуле ты не разумееш, як працуе прырода вакол цябе» — тваё шэрае рэчыва пачынае панікаваць.
Міндаліна б'ецца ў гістэрыцы.
Калапс.

Бо калі гэта праўда, то ты ў небяспецы — твае адэкватнасць і правільнасць рашэнняў трапляюць пад вялікае пытанне. Што дачыненні з суродзічамі, што з навакольным асяроддзем... Як можна на нешта разлічваць, калі твае аналітычныя здольнасці на ўзроўні інфузорыі, і ты ўвогуле бачыш усё ня так, як яно ёсць насамрэч? Каму ты щвогуле такі трэба?

Што мы бачым?

Мы бачым нашмат менш, чым нам здаецца.  

Каб было прасцей гэта зразумець, уяві, што ты сляпы.
Да 90% інфармацыі мы атрымліваем праз зрок, то ўяві, што ты аслеп. Цяпер судзіць пра наваколле атрымаецца толькі па ўскосных дадзеных — слых, нюх, дотык... Па сутнасці так жа сама мы абмацваем і абнюхваем рэальнасць ды іншых гома, каб зразумець, чым яны ёсць. Мы ня бачым ні чужых пачуццяў, ні думак, ні перспектыў. Усё, што мы можам — паспрабаваць змадэляваць іх, уявіць. 

Чалавек не нараджаецца з веданнем прыроды грому, агня або агрэсіі злаграбучага іншародца...
Больш за тое, чалавек не нараджаецца з веданнем, што ён індус або пуэртарыканец, заатэхнікам або інжынерам цепласетак ніводзін гома таксама адразу не становіцца.
Цаглінак, з якіх складаецца ўяўленне індывідума пра сябе, — Я-канцэпцыя — вельмі шмат. Некаторыя з іх не асабліва важныя, як, скажам, рэцэпт яечні па-бельгійску. Але некаторыя з іх — нясучыя канструкцыі. Гэта каштоўнасці, культурныя нормы і ўласныя мадэлі сацыяльных з'яў: што з сябе ўяўляе эканоміка, літаратура і адносіны з суседзямі па зямным шарыку. Якім чынам думаць правільна, а якім не, якія ідэі лічыць прымальнымі, а якія не, «што такое харашо і што такое плоха», у рэшце рэшт, — пра ўсё гэта мы ДАВЕДВАЕМСЯ паступова.

Уся гэтая інфармацыя ўтрамбоўваецца ў нашай свядомасці, структуруецца і ўтварае Я-канцэпцыю, звязаны наратыў, паслядоўнае апавяданне пра самога сябе. Гэта і ёсць АСОБА.

Такім чынам

Замах на канструкцыю Я-канцэпцыі ўспрымаецца як замах на фізічнае існаванне. Любы ціск на гэтую канструкцыю прыносіць дыскамфорт, пашкоджанне ейнай цэласнасці — боль.

У выніку 

 

на кухнях мы ня проста спрачаемся за палітыку, — мы б'емся, баронячы цэласнасць кожны сваёй асобы і той мадэлі свету, якую з такімі пакутамі прыдбаў.

 

Чужыя нам ідэі — гэта пагроза перакананасці, што мы жылі правільна. Што мы ўсё правільна рабілі і разумелі. Што нашыя перакананні — слушныя. І што правілы, кіруючыся якімі мы прыйшлі да гэтых перакананняў, — надзейныя, і заўсёды будуць даваць варты вынік.

У чалавека няма нічога каштоўней за самога сябе. За сваю Я-канцэпцыю.
Яе мы так ярасна і баронім.
І нездарма.

 

Падобныя матэрыялы

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...