Закон Ібн Халдуна: Да чаго можа прывесці рост карупцыі, сілавога прымусу і прагі да раскошы

                       


Закон Ібн Халдуна: Да чаго можа прывесці рост карупцыі, сілавога прымусу і прагі да раскошы

Кіруючы клас, які дасягнуў поўнай манаполіі на ўладу, з цягам часу разрастаецца і павялічвае свае патрэбы, што паніжае ягоную здольнасць адэкватна рэагаваць на вычэрпванне грамадскіх рэсурсаў, заняпад гаспадарчай актыўнасці, збядненне і дэградацыю насельніцтва, страту магутнасці. У такіх умовах спробы дэманстрацыі сілы і дабрабыту перад знешнімі супернікамі і сваім насельніцтвам, падкуп прыслужнікаў могуць адтэрмінаваць, але не прадухіліць крах рэжыму і змену ўлады.

Пры ўсім багацці поглядаў аднымі з самых адэкватных канцэпцый функцыянавання і развіцця кіруючых груп выглядаюць мадэлі, заснаваныя на назіраннях за зменай кіруючых груповак у сярэднявечным Егіпце.

Гаворка ідзе пра малавядомага ў айчыннай навуцы аўтара Ібн Халдуна (Валі ад-Дзін ‘Абд ар-Рахман Ібн Мухамад Ібн Халдун, 1332–1406).

Галоўнае інтэлектуальнае дасягненне Ібн Халдуна — кніга «Ал-Мукадзіма». У ёй даецца цалкам навуковае сацыядынамічнае тлумачэнне цыклаў змены дынастый, у аснове якога ляжыць аналіз складанага ўзаемадзеяння палітычных, ваенных, маральна-псіхалагічных, эканамічных, геаграфічных, кліматычных ды іншых фактараў.

Погляд сярэднявечнага егіпцяніна аказваецца вельмі праніклівым, а падыход да ўліку шматлікіх прычынных сувязяў і цыклічных заканамернасцяў — цалкам сучасным і павучальным.

Ключавое паняцце ў канцэпцыі Ібн Халдуна — асабія, калектыўная салідарнасць. Асабію можна разумець як ваенную згуртаванасць, і далей гэты тэрмін будзе выкарыстоўвацца без перакладу.

Найвышэйшы ўзровень асабіі Ібн Халдун знаходзіць у бедуінаў, якія жывуць у суровых і поўных небяспекі ўмовах. У групы, якая прыходзіць да ўлады, асабія паніжаецца праз 4–5 пакаленняў. У выніку царства развальваецца, і да ўлады прыходзіць новая дынастыя з высокім узроўнем асабіі.

Прычыны заняпаду асабіі

Лідар групы, якая захапіла ўладу, імкнецца манапалізаваць славу перамогі і, адпаведна, права кіраваць. Ён вядзе жорсткую барацьбу з тымі, хто зусім нядаўна быў роўны яму або амаль роўны. Прыслужнікі набіраюцца з ніжэйшых слаёў, каб пазбегнуць празмерных амбіцый. Сістэма ўлады становіцца іерархічнай. Замест ранейшага саюзу з высокай асабіяй з'яўляецца найміцтва, якому не ўласцівыя самаахвярнасць і згуртаванасць.

Іншая прычына — натуральнае імкненне кіраўнікоў да раскошы, у сучасных тэрмінах — да прэстыжнага спажывання. Раскоша падкрэслівае статус і ўладу. Паколькі для ніжэйшых чыноўнікаў галоўным узорам для пераймання з'яўляюцца кіраўнікі, а самі кіраўнікі ня могуць дапусціць, каб нехта з падначаленых пераўзыходзіў іх у раскошы, то цяга да прэстыжнага спажывання хутка распаўсюджваецца зверху ўніз і знізу ўверх. 

Звычка да раскошнага жыцця, асабліва пры змене пакаленняў, натуральным чынам вядзе да пасоўвання матывацыі ў бок захавання любым коштам дасягнутага ўзроўню і якасці жыцця. Жаданне спакою «размягчае» душы і паніжае ўзровень асабіі. Акрамя таго, паколькі раскоша і спакой кіраўнікоў наўпрост залежаць ад утрымання ўлады, імкненне ўтрымаць яе любым коштам становіцца дамінуючым. У выніку ня толькі інтарэсы звычайнага насельніцтва, але нават стабільнасць грамадства і самой дзяржавы падпарадкоўваюцца гэтым матывам.

Заняпад асабіі — гэта важная, але не адзіная прычына распаду ўлады і дзяржавы. У складаную сетку прычын Ібн Халдун уключае таксама эканамічныя, прыродна-кліматычныя і дэмаграфічныя фактары.

У цэлым, пакуль даход ад рэнты, які прыпадае на аднаго члена эліты, перавышае мінімальна прымальны ўзровень (для «годнага існавання» і аднаўлення прадстаўніка кіруючага класа), дзяржава і эліты знаходзяцца ў гармоніі. Аднак калі колькасць прадстаўнікоў эліты вырастае да такога ўзроўню, што іхні даход на душу насельніцтва апускаецца ніжэй за гэты мінімум, эліта становіцца незадаволенай і пачынае чэрпаць недастатковыя сродкі з казны, прызначанай на адміністрацыйныя і ваенныя выдаткі.

Рост прэстыжнага спажывання эліты прыводзіць да таго, што нават у спрыяльныя гады ўсяго лішняга прадукту не хапае для пакрыцця патрэбаў кіруючага класа, які звыклы да раскошы і неймаверна разросся.

Ібн Халдун таксама адзначае, што нястрымны рост колькасці і апетытаў знаці вядзе да спусташэння казны, росту несправядлівых пабораў, далейшага тармажэння гаспадарчай актыўнасці насельніцтва, аслаблення войска і бунтаў.

Колькасць і апетыты знаці ды ейных прыслужнікаў таксама прыводзяць да скарачэння запасаў харчавання, што ў галодныя гады выклікае масавы голад, мор быдла і выміранне насельніцтва. Гэта ў сваю чаргу яшчэ больш аслабляе эканоміку, войска і лаяльнасць насельніцтва.

У гэтых умовах пры паніжэнні рэальнай магутнасці кіруючай дынастыі не адбываецца паніжэння колькасці і апетытаў знаці і прыслужнікаў.
Гэта тлумачыцца тым, што, адчуваючы небяспеку страты магутнасці, кіруючая дынастыя робіць захады, скіраваныя на ўмацаванне сваёй славы і значнасці ў вачах насельніцтва ды іншых дзяржаў, а таксама на ўмацаванне аўтарытэту ў вачах сваіх прыслужнікаў.

Як гэта праяўляецца? Слабая, але ўсё яшчэ прагная да ўлады кіруючая група:

  • займаецца манументальным будаўніцтвам: кіраўнік выдаткоўвае сваю энергію на ўзвядзенне манументальных збудаванняў, вялікіх гарадоў і маштабных пабудоў; 
  • імкнецца павысіць дыпламатычны прэстыж краіны: робіць велічныя падарункі пасольствам з іншых дзяржаў і плямёнаў;
  • шчодра адорвае сваіх прыслужнікаў;
  • дэманструе сілу і дабрабыт: арганізуе агляды войск, добра ім плаціць і ў поўным аб'ёме выплочвае штомесячнае ўтрыманне, гэта праяўляецца ў раскошы іхняй вопраткі ды бляску зброі, што ўражвае саюзныя дынастыі і палохае варожыя. 

Такія мерапрыемствы, з аднаго боку, сапраўды легітымізуюць дынастыю і на некаторы час працягваюць ейнае кіраванне, але, з другога, будучы вельмі затратнымі, паглыбляюць крызіс і спрыяюць больш глыбокаму і разбуральнаму краху ўлады ў будучыні. 

 

Поўны тэкст

© пераклад: t.me/sceptic_club

Падобныя матэрыялы

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...