Чаму ў расійскім войску не забіваюць камандзіраў?

                       


Чаму ў расійскім войску не забіваюць камандзіраў?

Чаму расійскія салдаты не страляюць сваіх камандзіраў, нягледзячы на ўсе здзекі, знявагі і «мясныя штурмы»? Больш навукова пытанне гучыць так: чаму ў расійскім войску няма фрэгінгу, нягледзячы на тое, што для яго ёсць усе ўмовы? 

Фрэгінг: дзе ён? 

Фрэгінг (fragging) — гэта наўмыснае забойства або спроба забойства салдатам камандзіра. Гэтае слова з'явілася падчас вайны ЗША ў В'етнаме і паходзіць ад ангельскага «fragmentation» (фрагментацыя), якое адносіцца да фрагментацыйных гранат. Менавіта гэтыя гранаты часта выкарыстоўваліся для забойства камандзіраў і вышэйшых афіцэраў салдатамі, што былі незадаволеныя жорсткімі загадамі або некампетэнтнымі дзеяннямі афіцэраў, якія падрывалі мараль войска. 

Фрагментацыйныя гранаты былі ідэальнай зброяй, бо выбух мог выглядаць як баявая страта або няшчасны выпадак, што дазваляла пазбягаць наўпростых абвінавачанняў. Выбухаючы, граната знішчала ўсе доказы, праз што наўмыснае забойства даказаць было складана. 

А што ў Расіі? Здзекі, татальная пагарда жыццём салдата, катаванні, «абнуленні» сваіх і, канечне, «мясныя штурмы»… Такія ўмовы ня могуць не выклікаць напружанасць, канфлікты, паніжэнне маралі і пратэст, але сведчанняў пра фрэгінг няма. 

А трэба?

Ці паспрыяў бы фрэгінг заканчэнню расійскай агрэсіі?

Ну, як вам сказаць… Канечне, добрага ў фрэгінгу нічога няма, але ён мог бы мець доўгатэрміновы негатыўны ўплыў на боездольнасць і дысцыпліну войска РФ. Фрэгінг непазбежна прыводзіць да падрыву аўтарытэту камандзіраў і можа выклікаць эрозію падначалення і стратэгічнай каардынацыі. Калі салдаты пачнуць адкрыта атакаваць камандзіраў, тыя становяцца менш рашучымі ў рашэннях, патрэбных для паспяховага выканання баявых задач, асцерагаючыся за сваю бяспеку. Так, на ўсіх узроўнях мог бы быць падарваны камандны кантроль. 

Калі б выпадкі фрэгінгу атрымалі шырокі розгалас у расійскіх і міжнародных медыя, гэта магло бы аказаць магутны сімвалічны эфект, які падарваў бы падтрымку вайны сярод насельніцтва РФ. Гэта праявіла бы глыбокі крызіс у войску, і яшчэ мацней панізіла бы матывацыю вайскоўцаў на ўсіх узроўнях. 

Рэакцыя расійскіх уладаў на такія выпадкі магла бы быць вельмі жорсткай, з увядзеннем яшчэ больш жорсткіх захадаў дысцыпліны і пакаранняў, што спарадзіла бы новы віток гвалту і недаверу ў войску. 

Але па-першае, усё гэта чыстая тэорыя. Па-другое, нават калі б ўсё так і склалася, можна было бы толькі гадаць, чым такое можа скончацца. Але галоўнае, што прыкметаў падобнага пакуль усё адно не назіраецца. 

Што стала штуршком для фрэгінгу ў амерыканскім войску?

Першыя выпадкі фрэгінгу былі зафіксаваныя ў 1966-1967 гадах, але найбольш інтэнсіўна гэтая з'ява праявілася падчас 1969-1971 гадоў. Гаворка пра вайну ў В’етнаме. У гэты перыяд амерыканскае камандаванне паведамляла пра значнае павелічэнне выпадкаў замахаў на афіцэраў — каля 600 замахаў толькі ў 1971 годзе, частка з якіх скончылася смерцю. 

Фрэгінг стаў вынікам камбінацыі псіхалагічных, сацыяльных і палітычных чыннікаў, што зрабіла гэтую вайну адной з самых траўматычных і складаных у гісторыі ЗША. Да канца 1960-х многія амерыканскія салдаты перасталі бачыць у ёй сэнс. Чым даўжэй вайна ішла, тым больш расла стома ад баявых дзеянняў, а разам з ёй і скептыцызм датычна ейных мэтаў. Пастаянныя страты і знясіленне падрывалі салдацкую мараль, што павялічвала колькасць канфліктаў з камандзірамі.

Некаторыя афіцэры, асабліва з малым баявым досведам, былі вельмі непапулярнымі сярод салдат. І калі яны патрабавалі выконваць небяспечныя і бессэнсоўныя місіі, гэта заканамерна прыводзіла да напружання і супраціву. 

Наркотыкі. Да канца вайны ў В'етнаме ў амерыканскім войску шырока распаўсюдзілася ўжыванне наркотыкаў, што таксама ўплывала на псіхічны стан і паводзіны салдат. Наркотыкі разам з безупынным ціскам, рызыкай для жыцця і псіхалагічнымі траўмамі экстрымальна павялічвалі схільнасць да агрэсіўных паводзінаў.

У той час як на пачатку вайны шмат салдат добраахвотна ішлі на фронт, да канца 1960-х многія з іх былі прымусова мабілізаваныя праз воінскую павіннасць. Гэта азначала, што ў войску служылі людзі, якія адпачатку не жадалі ваяваць і не падтрымлівалі вайну. Гэта стварала дадатковы падзел паміж салдатамі і камандзірамі.

Пакуль ваенныя змагаліся ў далёкай краіне, дома ў ЗША набіраў сілу антываенны рух. Антываенныя настроі пакрысе пранікалі глыбей і ў само войска, што знішчала матывацыю і самапавагу найперш шараговых салдат. 

Кумулятыўным эфектам такіх абставінаў стаў фрэгінг — салдаты пачалі атакаваць сваіх камандзіраў. 

З расійскім войскам усё іначай. 

Рабства ў крыві?  

Паралелі паміж амерыканскім і расійскім войскамі напрошваюцца самі сабой, але ёсць шэраг адрозненняў, якія, уласна, і тлумачыць, чаму фрэгінг у апоўніх не ўзнікае.

Палітычная культура і выхаванне

Амерыканскія салдаты ў В'етнаме паходзілі з дэмакратычнай краіны, дзе актыўна развіваліся антываенныя настроі і крытычнае стаўленне да ўлады. У іх было значна больш людзей, якія маглі думаць сваёй галавой і самастойна аналізаваць тое, што адбывалася. Свабода слова, добрая адукацыя і доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі рабілі сваю справу. 

У Расіі зараз зусім іншыя ўмовы: свабоды слова няма, незалежныя медыя выгнаныя за мяжу або пад кантролем, магутная прапагандысцкая апрацоўка насельніцтва, і рэпрэсіўнае заканадаўства за любое іншадумства. То у войску РФ салдату куды прасцей прымаць афіцыйную версію падзей, што ён часта і робіць. Асаблівасці ж фармавання асабовага складу нагадваюць адмоўны адбор, што яўне не пра амбіцыі і крытычнае мысленне, але пра паслухмянасць і цярплівасць.

Страх і рэпрэсіі 

У расійскім войску існуе сістэма строгай дысцыпліны і жорсткіх пакаранняў. Любая праява непаслушэнства можа прывесці да цяжкіх наступстваў ажно да смерці. Рэпрэсіўная сістэма стварае атмасферу страху, дзе салдаты хутчэй будуць падпарадкоўвацца, нават у невыносных умовах, чым пратэсьаваць. Культура жорсткасці і недаверу сярод салдат і камандыраў стварае своеасаблівае асяроддзе для расчалавечвання, апатыі і пакорлівасці. 

У амерыканскім войску свабоды для пратэсту і крытыкі начальства было больш, хоць гэта і не было афіцыйна дазволена. 

Прапаганда

Прапаганда ў Расіі моцна ўплывае на грамадства агулам і салдат у прыватнасці. У расійскіх праўладных медыя вайна ва Украіне апраўдваецца як абарона «рускага свету» і «змаганне з Захадам». Гэта дазваляе падтрымліваць ідэалагічную матывацыю салдат, бо трапляе на добра падрыхтаваную імперскімі гістарычнымі наратывамі глебу. Так, салдаты могуць успрымаць свае ахвяры як частку сусветна важнай місіі. 

У амерыканцаў пасля 1968 году, падтрымка вайны значна панізілася як у грамадстве, так і сярод саміх салдат, што выклікала ў іх сумнівы ў легітымнасці усёй місіі.

Сацыяльныя і эканамічныя адрозненні 

Расійскае войска гістарычна развівалася ў культуры строгай іерархіі ды падпарадкавання, дзе асабістыя ініцыятывы не заахвочваліся, а паслухмянасць мела першаснае значэнне. Мадэлі паводзінаў, вынесеныя амерыканскімі салдатамі са свабоднага грамадства, якасна адрозніваліся і дазвалялі праяўляць агентнасць у большай меры. 

У плане адукацыі амерыканскія салдаты часта мелі лепшую гуманітарную базу, якая спрыяла развіццю крытычнага мыслення і разумення сацыяльнай несправядлівасці. У Расіі ж салдаты на гэтую вайну набіраюцца пераважна з бедных рэгіёнаў, дзе магчымасці для адукацыі абмежаваныя, і адзіным сацыяльным ліфтам застаецца вайсковая служба.

Адсутнасць масавай антываеннай культуры

Падчас вайны ў В'етнаме ў ЗША існаваў магутны антываенны рух, які з часам толькі мацнеў. Ён моцна ўплываў на салдат, правакуючы крытычныя настроі. У Расіі такі рух практычна адсутнічае, што стварае інфармацыйную ізаляцыю, у якой салдаты ня маюць падтрымкі з боку альтэрнатыўных меркаванняў. 

Акрамя пералічанага, ёсць яшчэ тры істотныя чыннікі, якія робяць расійскага салдата адрозным ад амерыканскага: «муштра», прынцып «я начальнік — ты дурань», і тактыка «мясных штурмаў». Ніжэй пра кожны з іх асобна. 

Муштра

«Муштра» — гэта давядзенне падпарадкавання да аўтаматызму, што вядзе да максімальнага здушэнне волі, крытычнай думкі, самастойнасці і нават інстынкту самазахавання. Мэта «муштры», каб салдат ня столькі разумець загады, колькі бяздумна іх выконваць, без уліку маральнасці ці эфектыўнасці.

Будзе памылкай лічыць, што муштра існуе толькі ў расійскім войску. Па сваёй сутнасці «муштра» — гэта звычайная трэніроўка, але даведзеная да крайнасці, такое прысутнічае ў любым войску. Але «муштра» ў амерыканскім выкананні ўсё ж мае адрозненні. Там яна называецца «Drill» або «drill and discipline» — строгая вучэбная дысцыпліна і згуртаванне войска шляхам механічнага выканання загадаў. Яшчэ ёсць тэрмін «boot camp», які выкарыстоўваецца для апісання перыяду пачатковай падрыхтоўкі, калі навабранцы праходзяць праз інтэнсіўную дысцыпліну і вучацца падпарадкоўвацца загадам. Але «drill» скіраваная толькі на павышэнне эфектыўнасці і каардынацыі, разам з ёй салдаты ўсё яшчэ маюць пэўную ступень самастойнасці і магчымасць думаць самастойна. То бок іхняя «муштра» — гэта толькі частка працэсу навучання, а не сталая форма адносінаў між салдатам і афіцэрам цягам усяго тэрміну службы. 

Амерыканскае войска, як і любая іншая ваенная структура, строга іерархічная, але, як ні дзіўна, у іх камандзіры павінны заахвочваюць ініцыятыву і крытычнае мысленне на тактычным узроўні, асабліва сярод афіцэраў. 

Афіцыйныя дактрыны ЗША (напрыклад, Mission Command), заснаваныя на прынцыпе, што камандзіры павінны даваць свабоду дзеянняў сваім падначаленым, калі гэта неабходна, каб яны маглі самастойна прымаць рашэнні на полі бою і адаптавацца да зменлівых умоў.

Амерыканская сістэма падрыхтоўкі афіцэраў, у тым ліку праз West Point ды іншыя акадэміі, падкрэслівае неабходнасць развіцця крытычнага мыслення, лідэрства і здольнасці прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях. Гэтая адукацыя заснаваная на здабыцці ня толькі ваенных навыкаў, але таксама маральных і этычных асноў лідарства, што дазваляе афіцэрам разумець, калі і як прымяняць ініцыятыву на практыцы. 

Афіцыйны дакумент FM 6-0 (Field Manual), які ахоплівае прынцыпы камандавання і кантролю ў рамках дактрыны Mission Command, падкрэслівае, што камандзіры павінны заахвочваць ініцыятыву і самастойнае прыманне рашэнняў у падначаленых у межах іх функцый і задач. Акрамя таго, ADP 6-0 (Army Doctrine Publication) паказвае, што крытычнае мысленне звязанае з поспехам у лідарстве, і падкрэслівае неабходнасць развіцця гэтых навыкаў праз адукацыйныя праграмы, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі афіцэраў. ​

Нам цяжка паверыць, але развіццё крытычнага мыслення, лідэрства і здольнасці прымаць самастойныя рашэнні сапраўды мае месца ў дэмакратычных краінах. Афіцыйная ваенная адукацыя ЗША сапраўды ўключае развіццё крытычнага мыслення і ініцыятывы ў сваіх афіцэраў, і гэта з'яўляецца інстытуцыяналізаванай часткай ваеннай дактрыны, а ня толькі нефармальным падыходам. 

Ты начальнік — я дурань

Гэтая прымаўка вельмі добра адлюстроўвае сутнасць расійскіх дзяржаўных структур, што ўжо даўно можна лічыць традыцыяй. Гэты стыль кіравання мае глыбокія карані ў гісторыі Расіі, дзе ўлада была засяроджана ў руках цара або іншых аўтарытарных кіраўнікоў, што спрыяла фармаванню культуры абсалютнага падпарадкавання. У такой сістэме ініцыятыва і крытычнае мысленне душацца, а галоўнай каштоўнасцю робіцца поўная бяздумная лаяльнасць. 

Безумоўна, падобны падыход мае месца ў любым войску. Але калі ў расійскім гэта непісанае агульнае правіла, то ў амерыканскім гэта асаблівасці персанальнай культуры канкрэтнага афіцэра, але не трэнд. 

Увогуле той самы прынцып «ты начальнік — я дурань» мог стаць адной з ключавых прычын пачатку вайны: ніхто з эліты РФ ня змог сказаць «не», ніхто не наважыўся запярэчыць нягледзячы на ўсю катастрафічнасць пуцінскага рашэння.

Трэба адзначыць, што гэты прынцып перашкаджае любой форме супраціву, нават на ўзроўні мыслення. 

Тактыка «Мясных штурмаў» 

У цяперашняй вайне Расіі супраць Украіны стала шырока распаўсюджаным паняцце «мясны штурм». Зараз мы ясна бачым, што менавіта гэтай тактыкай павінны тлумачыцца неверагодныя страты СССР падчас другой сусветнай, і што ганарыцца тут няма чым. Але ў нас гаворка пра сучаснасць, і, падобна, тактыка РФ у плане зберажэння асабовага складу за апошнія 80 год канцэптуальна не змянілася. Паводле шматлікіх сведчанняў, салдаты, якімі ўкамплектаваныя штурмавыя падраздзяленні, маюць мінімальныя шанцы на выжыванне ў доўгатэрміновай перспектыве. Хаця ў ХХІ стагоддзі падобнае і гучыць дзіка. 

У войсках якіх яшчэ краін меў месца фрэгінг?

Сістэматычны фрэгінг — амаль унікальная амерыканская з'ява, але можна вылучыць некалькі канфліктаў, у якіх падобнае назіралася, хоць і не ў такіх маштабах. 

Першая сусветная вайна 

У брытанскім і французскім войсках падчас Першай сусветнай таксама ўзнікалі выпадкі непадпарадкавання камандзірам, але фрэгінг у класічным разуменні не набываў шырокага распаўсюду. Многія салдаты былі незадаволеныя тупіковымі і безвыніковымі аперацыямі, асабліва ў траншэйных баях, дзе страты былі велізарнымі. Адной з форм непадпарадкавання было дэзертырства і нават масавыя пратэсты, але менавіта забойстваў камандзіраў было мала.

Другая сусветная вайна 

У нацысцкім войску, хоць і вельмі рэдка, але былі выпадкі супраціву камандзірам, асабліва на ўсходнім фронце. Псіхалагічны ціск і безупынныя баі выклікалі падзенне маралі, асабліва ў апошнія гады вайны. Але ўзровень дысцыпліны і жорсткасць пакаранняў у нацысцкім войску былі настолькі высокімі, што адкрыты фрэгінг сустракаўся рэдка. 

Вайна ў Іраку (2003–2011) 

У войску ЗША падчас вайны ў Іраку фрэгінг таксама ня быў шырока распаўсюджаны, хаця выпадкі нападаў на камандзіраў вядомыя. Падобна да В'етнаму, мараль і псіхалагічны стан салдат пакідалі жадаць лепшага, але ўмовы ўсё ж такі якасна адрозніваліся. 

Такім чынам, фрэгінг застаецца ўнікальнай з'явай, якая найбольш выразна праявілася ў войсках ЗША падчас вайны ў В'етнаме. А гэта значыць, што разлічваць на паўтарэнне гісторыі ў войску РФ не даводзіцца. 

Але чаму амерыканскае войска ў 60-70-х сталася такім выключным? 

Ізноў тлумачэнне ў шэрагу чыннікаў — сацыяльных, культурных і псіхалагічных, уласцівых амерыканскаму грамадству таго часу. 

Свабода слова і антываенны рух 

Відавочна, што адно выцякала з другога: магчымасць свабодна выказвацца дазваляла галасам супраць вайны быць пачутымі. Вынікам такой палітыкі стала тое, што антываенны рух быў не маргіналізаванай ініцыятывай, як у сённяшняй Расіі, а вельмі распаўсюджаным накірункам думкі, які ў рэшце рэшт стаў мэйнстрымам. Гэта аказвала істотны ўплыў на салдат, якія ваявалі з разуменнем, што ўсё больш людзей бачаць вайну як бессэнсоўную, ганебную і несправядлівую. 

Прымусовая мабілізацыя 

Многія амерыканскія салдаты ў В'етнаме былі мабілізаваныя праз воінскую павіннасць, то бок ня мелі выбару. Гэта прывяло да таго, што значная частка войска не хацела ваяваць увогуле. 

Крызіс лідарства і нізкая кваліфікацыя афіцэраў 

Падчас вайны ў В'етнаме было шмат маладых недасведчаных афіцэраў праз недахоп кадраў, якія атрымлівалі званні пасля хуткай падрыхтоўкі. Яны прыходзілі на службу не разумеючы рэальных абставінаў, што прыводзіла да дурных і жорсткіх рашэнняў. Як вынік — непавага і фрустрацыя салдат, якія разглядалі сваіх камандзіраў як прычыну сваіх пакутаў. 

Сацыяльныя і псіхалагічныя наступствы вайны 

Амерыканскія салдаты ў В'етнаме сутыкнуліся з сур'ёзнымі псіхалагічнымі праблемамі, уключаючы ПТСР, фрустрацыю, крыўду і злосць. У той час як падобныя праблемы маглі ўзнікаць і ў іншых войсках, амерыканскія салдаты мелі больш сацыяльных магчымасцяў для выражэння пратэсту. 

Адсутнасць рэпрэсій 

Амерыканскае войска, нягледзячы на дысцыплінарныя сахады, было менш жорсткім у плане пакаранняў за невыкананне загадаў у параўнанні з войскамі аўтарытарных дзяржаў, такіх як СССР ці нацысцкая Нямеччына, дзе любыя спробы фрэгінгу караліся смерцю.

На фрэгінг у войску РФ можна не спадзявацца?

Падобна, што так. Разлічваць на фрэгінг, які мог бы дэмаралізаваць расійскае войска, не даводзіцца. Зыходныя ўмовы і абставіны ў якіх знаходзіцца расійскі салдат, абсалютна не падобныя да тых, што былі ў ЗША падчас вайны ў В'етнаме. Узброеныя сілы РФ больш нагадваюць рэкруцкае войска з прыгонных сялян ХІХ стагоддзя, у той час як войска ЗША ў 60-70-я гады складалася з вольных грамадзян, якія маглі сабе дазволіць крытычна ацэньваць і загады, і палітыку дзяржавы ў цэлым. 

У Расіі падчас цяперашняй вайны свабода слова жорстка абмежаваная. Альтэрнатыўная інфармацыі для большасці расійскіх салдат недаступная. Хаця трэба прызнаць, што яна ня столькі недаступная, колькі непажаданая самімі салдатамі. Паколькі любая крытыка начальства сурова караецца, таму прасцей проста рабіць выгляд, што верыш, і не адсвечваць. Такое інфармацыйнае асяроддзе замыкае большасць салдат у інфармацыйнай бурбалцы, цэласнасць якой спраўна падтрымліваецца прапагандай і рэпрэсіямі. 

У расійскім войску культура калектывізму і паслухмянасці глыбока ўкарэненая з савецкіх часоў. Расійскія салдаты, нават калі яны не падтрымліваюць вайну, могуць бачыць у падпарадкаванні натуральны абавязак або сродак выжывання. Патрыятычная рыторыка і дзяржаўная прапаганда ўкараняе ў свядомасці салдат адданасць «сваім», якую б Бучу «свае» ні ўчынілі. А яшчэ ўсё гэта дзеля «вышэйшай мэты». Падобныя ўстаноўкі ствараюць моцныя псіхалагічныя бар'еры для фрэгінгу.

А што вядома пра фрэгінг ва Ўкраіне ў гэтай вайне?

На дадзены момант няма даступных звестак пра фрэгінг ва ўкраінскім войску. Адсутнасць такіх выпадкаў, канечне, можа быць звязана з недахопам адкрытых дадзеных, што натуральна для ваюючай краіны. Але як бы там ні было, ёсць шэраг асаблівасцяў украінскага войска, якія якасна адрозніваюць яго ад расійскага, паніжаючы верагоднасць фрэгінгу. 

Высокая матывацыя і мараль 

Украінскія войскі валодаюць высокай падтрымкай як з боку грамадства, так і міжнароднай супольнасці. Яны ваююць за існаванне ўласнай краіны, свабоды і будучыню дзяцей. Такая матывацыя значна паніжае ўзровень канфліктаў між салдатамі і камандзірамі.

Рэформы 

Украінскае войска з 2014 году правяло значныя рэформы, што прывяло да паляпшэння дысцыпліны і сістэмы кіравання, і гэта таксама мінімізуе канфлікты ў войску.

Аператыўная эфектыўнасць 

Украінскае войска праявіла высокую эфектыўнасць у кіраванні баявымі дзеяннямі і ўтрыманні пазіцый супраць значна мацнейшага ворага. Гэты поспех таксама спрыяе веры ў камандзіраў і агульную стратэгію. 

Фрэгінг — гэта халодны разлік ці імпульс?

Кажучы пра фрэйгінг у амерыканскім войску, было бы няправільна лічыць яго свядомым актам непадпарадкавання. Фрэгінг, як з'ява, безумоўна можа быць свядомым супрацівам злачынным і небяспечным загадам, але няма падстаў лічыць, што ў большасці выпадкаў гэта афект — эмацыйны акт, звязаны з псіхалагічнай напругай падчас псіхалагічнага зрыву ў сітуацыі безвыходнасці і страху за жыццё. Фрэгінг рэдка звязаны з маральнымі прычынамі, хаця салдаты могуць апраўдваць свае дзеянні менавіта імі. 

У рэальнасці, фрэгінг можа быць сумессю абедзвюх прычын: эмацыйны імпульс падчас крытычнага моманту можа падштурхнуць салдата да дзеянняў, але гэтае дзеянне можа адбывацца па канве крытычных развагаў напярэдадні. 

Старажытныя традыцыі

Шматлікія кадры і апісанні ваенных дзеянняў Расіі ва Ўкраіне наглядна дэманструюць, што расійскае войска у вялікай ступені грунтуецца на падыходах ХVIII-XIX стагоддзяў у плане аўтарытарнай культуры падпарадкавання і дысцыпліны. Гэтая мадэль «гарматнага мяса» зыходзіць з таго, што акульная чалавечая маса — ключ да перамогі, індывідуальнасць, ініцыятыва на кожным з узроўняў іерархіі ды крытычнае мысленне пры гэтым значэння ня толькі ня маюць, а часцей з’яўляюцца непажаданымі якасцямі вайскоўца. У гэтай мадэлі загады не абмяркоўваюцца, ініцыятыва душыцца, а пратэст караецца смерцю. Падрыхтоўка войска факусіруецца на механічным выкананні загадаў, а не на спалучэнні дысцыпліны з самастойным аналізам сітуацыі і прыняццем рашэнняў. 

Падобная мадэль войска часта прыносіла перамогу, менавіта з гэтай прычыны яна захоўваецца дагэтуль. Але кошт такіх перамог у чалавечых жыццях заўсёды быў неверагодны, таму прыхоўваўся або падаваўся як прыкмета вялікіх ваенных намаганняў і подзвіг, якім трэба ганарыцца. 

Што тычыцца фрэгінгу, калі ён дагэтуль не пачаўся, улічваючы ўсе жахі вайны, смерці, дзікунства камандавання і пакуты расійскага салдата, разлічваць на яго ня варта — расійскае войска не тая сістэма, дзе ён можа зарадзіцца. 

Хаця… Усё ж бывае ўпершыню. Калі б фрэгінг у войску РФ усё ж такі пачаўся, гэта павінна было бы стаць адным з чыннікаў заканчэння гэтай страшнай і злачыннай вайны перамогай Украіны. 

 

© t.me/sceptic_club

Падобныя матэрыялы

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...