Анатомія патрыятызму

                       


Анатомія патрыятызму

«Патрыятызм — гэта цудоўны наркотык, які можна запампаваць нацыі ў вену дзеля безумоўнага паслушэнства вялікай колькасці людзей, гатовых забяспечыць вайну, бязглуздыя будоўлі, мерапрыемствы і шэсці. Гэта заўсёды выгадна.»


Гэтыя словы належаць расійскаму публіцысту Аляксандру Няўзораву, чые фармулёўкі, бадай, найлепшым чынам акрэсліваюць сутнасць гэтай з'явы, «патрыятызм». 

У інтэрв'ю gardonua ён дадае: «У чалавека, як такога, патрыятызму няма па той самай прычыне, што, нарадзіўшыся, ён ня ведае ўласнага імя, аніводнай літары сваёй мовы, аніводнай песні. Усё, што ён ведае, — гэта вынік сацыяльна-культурнай дрэсіроўкі, як і патрыятызм. Пытанне ў тым, дзеля чаго выкарыстоўваецца патрыятызм. Гэта сродак, а не ўласцівасць. І калі патрыятызм выкарыстоўваецца дзеля абароны, дзеля яраснай абароны, яго можна прабачыць, хаця, з майго гледзішча, гэта абсалютна ідыёцкае пачуцце, якое цалкам падразае чалавеку крылы, пазбаўляе магчымасці кантактаваць са светам, перасоўвацца і паўсюль, у любой краіне, пачувацца аднолькава сваім і аднолькава ўтульна.» З гэтымі словамі, быццам бы, цяжка спрачацца, хаця ў той самы час знойдзецца мноства людзей, што будуць імкнуцца ня проста апраўдаць патрыятызм, а назваць яго сваёй навялікшай каштоўнасцю. 

Біялагічна-эвалюцыйны аспект

Патрыятызм — гэта добра ці дрэнна? 

На гэтае пытанне немагчыма адказаць ні «так», ні «не». Любая чалавечая рыса можа выглядаць вельмі супярэчліва, калі праяўляецца ў абставінах, для якіх не была прызначана. Патрыятызм не выключэнне. 

Бацька эталогіі Конрад Лорэнц зрабіў вельмі цікавае назіранне. Калі ўзяць пару сямейных рыб і змясціць да іх у акварыюм якую-небудзь крыніцу канфліктаў, напрыклад трэцюю рыбку, то нашая сямейная пара будзе з ёй канфліктаваць, а між сабой падтрымліваць самыя добрыя стасункі. Калі ж прыбраць аб'ект агрэсіі, па якім часе самец пачне нападаць на сваю самку. Ускладняем умовы: падзяляем шклом акварыюм напалам і ў другую палову змясціце яшчэ адну пару рыбак — пары будуць варагаваць між сабой праз шкло, але ўсярэдзіне кожнай з пар будзе панаваць мір. Зробім шкло паўпразрыстым — у абедзвюх парах зноў пачнуцца канфлікты. Падобная механіка ўласцівая і дробным замкнёным чалавечым групам. 

 

Калі мільёны людзей дэманструюць падобныя паводзіны ў пэўнай сітуацыі, значыць такі тып паводзінаў абумоўлены генэтычнымі чыннікамі — гэта частка нашай прыроды.

 

Патрыятызм — гэта сацыяльная з'ява, якая грунтуецца на біялагічнай аснове. Цягам мільёнаў гадоў істоты, што сталіся продкамі нашага віду, выжывалі толькі таму, што паводзіліся менавіта такім чынам: дзялілі ўсіх на сваіх і чужых. Той, хто паводзіўся іначай, не пакінуў нашчадкаў — гэта натуральны адбор. Таму патрыятызм ёсць і ў мне, і ў табе, і ў кожным, каго ты ведаеш і ня ведаеш.

У чалавека праграма «ведай сваіх» праяўляе сябе вельмі рана. Ужо ва ўзросце некалькіх месяцаў дзіця ўсміхаецца «сваім», а на «чужых» хмурыцца і крычыць. Пасля гэтая здольнасць толькі развіваецца. У садку, школе, ВНУ — паўсюль мы назіраем, як людзі шукаюць сваіх і яднаюцца з імі ва ўстойлівыя групы, у якіх «чужакі» не вітаюцца. Каб групы-суседзі сталі праціўнікамі і канкурэнтамі трэба зусім мала. 

Неўміручасць псіхічнай опцыі, як, да прыкладу, нянавісць, рэўнасць ці страх, сведчыць пра тое, што для яе ў нашым мозгу прадугледжана асобнае месца, свая нэйронная сетка. Эндакрынная рэгуляцыя муціць свой гарманальны кактэйль для кожнага псіхічнага стану незалежна ад нашага жадання. Мы ж толькі рацыяналізуем і тлумачым постфактум, чаму тое ці іншае пачуцце мела права на існаванне. Патрыятызм — гэта дэфолтная опцыя, цалкам забяспечаная фізіялагічнымі працэсамі. 

Патрыятызм — частка нашай прыроды, сфармаваная эвалюцыяй і замацаваная ў геноме. Таму пастаноўка пытання: «патрыятызм — гэта добра ці дрэнна?» — з'яўляецца недарэчнай. 

Сацыяльны аспект

У навуцы ёсць вельмі карысны тэрмін — «парахіяльны альтруізм», што ў простанароддзі вядома як прынцып «усё для свіах». Гэты тэрмін дапамагае значна лепей ўсвядоміць сутнасць з'явы, званай «патрыятызм». Механіка парахіяльнага альтруізму добра раскрытая ў роліку «Зверинный оскал патриотизма». Ролік абавязковы да прагляду для тых, хто ня бачыў. Рэч у тым, што чалавек — сацыяльная істота. Чалавека чалавекам робіць толькі чалавек. Сацыяльная група і ейная, часам жорсткая, дрэсура робіць з нас тых, кім, як нам здаецца, мы нараджаемся.

 

Захаванне, па-першае, сваёй прыналежнасці да групы, а па-другое, самой групы — найважнейшыя задачы, што ляжаць у аснове любых сацыяльных працэсаў.

 

Стацца непрынятым групай для нашай падсвядомасці недапушчальна. Яшчэ зусім нядаўна, па мерках эвалюцыі, гэта амаль гарантавала перспектыву памерці ад голаду, хваробы або быць з'едзеным драпежнікам. Чалавек адзін — нішто. Так было 99,9% гісторыі нашага віду. Так яно застаецца і цяпер. Сучасны чалавека схільны пыхліва меркаваць, што яму ніхто асабліва ня трэба, але гэта наіўная аблуда. Проста ў нас амаль не засталося магчымасці спраўдзіць, што значыць застацца аднаму. Адсутнасць жа групы як такой — гэта ўвогуле гісторыя пра іншую рэальнасць, без чалавека разумнага, пра што яскрава сведчаць гісторыі феральных дзяцей (дзяцей-маўглі). 

Належачы да групы, што здавальняе твае патрэбы, ты міжволі пачынаеш, як пчолка, працаваць на ейнае ўмацаванне і дамінаванне — гэта пасільны ўнёсак кожнага чальца. Чым больш варожае асяроддзе навокал, тым больш мы залежым адзін ад аднаго, тым з большым даверам мы ставімся да сваіх і варожасцю да чужых. Поспех сваёй групы можа выклікаць эйфарыю, а параза — дэпрэсію.

 

Патрыятызм — гэта той псыхічны механізм, які забяспечвае абарону і ўзмацненне групы, да якой ты належыш.

 

Гэта функцыя патрыятызму: еднасць дапамагае выжываць у варожым асяроддзі і даваць адпор іншым групам. 

Ёсць цікавы нюанс: у любых сацыяльных істот прысутнічае забарона на нанясенне шкоды і забойства сабе падобных. Пры пэўных умовах гэтая забарона можа парушацца, але правіла застаецца вельмі ўстойлівым. Калі ты заўважыў, нават кракадылы жывуць дружна, хаця, здавалася б, рэптылія рэптыліяй. Дык вось як даваць адпор пры наяўнасці такога блоку ў псіхіцы? У чалавека (як і ў прыматаў агулам) пераадолець гэты бар'ер дазваляе менавіта падзел на сваіх і чужых. У дачыненні да чужых праяўляць агрэсію і парушаць маральныя забароны значна прасцей. Калі ж чужыя перастаюць ўспрымацца за людзей, становячыся нібы прадстаўнікамі іншага віду, нутрывідавая забарона гвалту да сабе падобных увогуле губляе актуальнасць. Факты генацыдаў ды этнічных чыстак праяўляюць цёмны бок чалавечай натуры «у поўны рост». 

На гэтым можна было бы і скончыць, але ёсць яшчэ адзін аспект праблемы, які варта асэнсаваць.

Аспект сучаснасці

Патрыятызм часта тлумачаць як любоў да радзімы. І ў гэтым ёсць сур'ёзная падмена паняццяў, якая моцна ўплывае на думкі і рашэнні. 

Так, патрыятызм, што матывуе да абароны ад ўпалага ў маразм ваяўнічага суседа — гэта безумоўна карысная функцыя. Але што рухае тым суседам? Шавінізм ды экспансіянізм, што з'яўляецца адной з граняў парахіяльнага альтруізму. То бок той самы патрыятызм, толькі ў профіль. 

Чалавецтва перажыла дзве страшныя вайны, якія ў вялікай ступені забяспечваліся менавіта ўшчамлённымі нацыянальнымі пачуццямі. Непамерна раздзмутыя, патрыятызмы розных нацыянальных груп грунтаваліся выключна на міфах, без аніякай прывязкі да рэальнасці. Яны ўводзіліся ў нявінныя дзіцячыя мазгі ў школах. Накручваліся і разаграваліся СМІ, паражаючы дарослых людзей. Гэтыя страшныя ўрокі, здавалася б, павінны былі даць плён, але чалавецтва, падобна, не жадае вучыцца. Або па-просту ня можа. 

 

У свеце нацыянальных дзяржаў патрыятызм часта ператвараецца ў вірус, які то знікае, то праяўляецца, змушаючы мільёны людзей ненавідзець адзін аднаго і выпраўляцца на смяротны бой.

 

Час ідзе, а ў ХХІ стагоддзі мы зноў чуем усё тыя ж прамовы з высокіх трыбун пра нацыянальную душу, місіянства, традыцыйныя каштоўнасці, вялікую гісторыю ды іншыя «дзеды ваявалі». Вугоршчына, Польшча, да нядаўняга часу Сербія, Расія — гэта далёка не поўны спіс краін, дзе патрыятызм зноў займае ключавую ролю ў рыторыцы палітыкаў. 

Чаму ж чалавецтва зноў наступае на граблі, якія ўжо выбілі яму некалькі зубоў? Адказ просты: тое, што для чалавецтва граблі, для асобы — прадмет невымоўнага гонару. Асабліва калі ганарыцца больш няма чым. Не паўсюль. Не для ўсіх. Але людзей, схільных ісці шляхам найменшага супраціву, у першую чаргу ў кагнітыўным сэнсе, людзей, якія шукаюць простых адказаў на складаныя пытанні, заўсёды значна больш, чым здаецца. Так было, ёсць і, відаць, будзе заўсёды. А часам ты і сам можаш стаць адным з іх. 

Любы рэжым, асабліва аўтакратычнага і яшчэ больш жорсткага характару, зробіць усё, каб насельніцтва пачало атаясамліваць яго, як прадстаўніка радзімы. «Радзіме трэба падаткі!» «Радзіме трэба салдаты!» Знаёмыя рытарычныя прыёмы? Кіруючая групоўка ўсімі сіламі стараецца легітымізаваць сваё права прамаўляць ад імя радзімы, ад імя ідэі, якая па сутнасці мае пад сабой толькі факт твайго нараджэння ў пэйнай кропцы зямнога шарыка.

У выніку гэтых няхітрых маніпуляцый народныя масы пачынаюць лічыць, што людзей, якія падаюць сябе даверанымі асобамі Радзімы, як і саму Радзіму, не выбіраюць. І калі тыя бяруцца кіраваць, распараджаючыся чалавечымі жыццямі як пешкамі, пешкі рахмана зазначаюць: «ну, закон ёсць закон... гэта ж — Радзіма, як ні як...». Але па-першае, прадстаўнікі ўраду — гэта мэнэджэры, якім мы даверылі кіраванне дзяржаўнай структурай і якіх можам пры патрэбе памяняць. Па-другое, у дзяржавы няма ніякіх грошай — ёсць грошы падаткаплатнікаў. А па-трэцяе, радзіма мусіць пісацца з маленькай літары.

Парахіяльны альтруізм — гэта частка чалавечай прыроды. Яна заўжды фонам прысутнічае з намі, але ў натуральным, ненакручаным стане яна не ўяўляе для небяспекі. Усё, што ад нас патрабуецца, гэта ўтрымліваць градус на бяспечным узроўні. У рэшце рэшт, гэта надзейная крыніца станоўчых эмоцый. Праблема толькі ў тым, што чым дурнейшая асоба, тым цяжэй ёй зразумець, які ўзровень бяспечны, што спараджае патрыятызм — вострую, часта нездароввую, форму парахіяльнага альтруізму. Гульні з ім павінны быць асцярожныя, як з агнём. Шавінізм жа і тым болей ксенафобія — гэта хвароба. Заразная сацыяльная хвароба, што нясе толькі пакуты, гвалт і смерць.  

Падобныя матэрыялы

Трэба ведаць

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...