Вер мне — я экстрасэнс! Поўны збор фактаў пра халоднае чытанне.

                       


Вер мне — я экстрасэнс! Поўны збор фактаў пра халоднае чытанне.

Яснабачанне, тэлепатыя, псіхакінэз, чытанне аўры, хірамантыя, карты Таро… Няма чалавека, які ня быў бы знаёмы хаця бы з некаторымі экстрасэнсорнымі практыкамі — здольнасцю, як лічыцца, некаторых людзей атрымліваць інфармацыю недаступнымі іншым спосабамі. Так жа сама, як няма чалавека, які б хоць раз у жыцці не задаўся пытаннем «верыць, што гэта працуе, ці не?». Калі вы хочаце адказаць сабе на гэтае пытанне, або гатовыя перагледзець свой ранейшы адказ, гэты тэкст для вас. 

Вы дакладна чулі пра экстрасэнсорыку, але ці чулі вы пра «халоднае чытанне»? Малаверагодна. А тым часам, і першае, і другое — адна з’ява, проста першае — інтэрфэйс для кліента, а другое — механіка працы магічных паслуг.  

«Халоднае чытанне» — гэта набор камунікатыўных тэхнік, якія дазваляюць стварыць уражанне, што «экстрасэнсу» вядома пра кліента значна больш, чым ёсць насамрэч. Халоднае яно па аналогіі з «халоднымі» званкі ў сеткавым маркетынгу — бо трэба працаваць з людзьмі, пра якіх зусім нічога не вядома. 

Тэкст, які вы будзеце чытаць далей — гэта спрынт кнігі Іана Роўлэнда «Вер мне — я экстрасэнс! Поўны збор фактаў пра халоднае чытанне.» Іан — экстрасэнс, які напісаў кнігу пра тое, як ён і ягоныя калегі робяць сваю магію. Іан кажа: «Я не магу даказаць, што ўсе экстрасэнсы выкарыстоўваюць толькі халоднае чытанне. Але я магу даць вам усю неабходную інфармацыю, і вы самі зробіце высновы.» 

У аснове практыкі экстрасэнса ляжыць «халоднае чытанне» — атрыманне інфармацыі ад кліента незаўважна для яго самога. У залежнасці ад амплуа, дэталі могуць мяняцца, але агульны прынцып нязменны: акуратна здагадваемся і ўважліва слухаем. Чалавек, які прагне сапраўднай экстрасэнсорыкі, абавязкова прыпіша любым болш-менш удалым здагадкам экстрасэнсорнае паходжанне. 

Калі ў вас няма часу на чытанне, адразу скажу: усё гэта — фокусы, большую частку інфармацыі кліенты выдаюць пра сябе самі. Але карысці будзе значна больш, калі вы даведаецеся пра дэталі гэтага рамяства. 

Халоднае чытанне — гэта стратэгія псіхалагічнага падману. Асноўная задача палягае ў стварэнні спакойнай і зычлівай атмасферы, у якой кліент ня будзе аспрэчваць або перашкаджаць працэсу.

Сутнасць халоднага чытання заўсёды адна: карты, зоркі, вібрацыі, галасы духаў — усё гэта цмяная інфармацыя, якую кліент павінен дапамагчы інтэрпрэтаваць. Гэта значыць добраахвотна надзяліць сэнсам здагадкі экстрасэнса і дапоўніць іх інфармацыяй пра сябе. 

У сваім уступным слове экстрасэнс загадзя апраўдвае магчымасць любой грубай памылкі, якая можа ўзнікнуць пазней. Ён таксама дае зразумець, што не прэтэндуе на поўнае разуменне «атрыманай» інфармацыі: 

— Я шчыра прызнаюся вам, што часам раблю памылкі. Было бы цудоўна заўсёды мець рацыю, але я ўсяго толькі чалавек і адно магу паспрабаваць зрабіць для вас усё магчымае. Я не заўсёды дакладна ведаю, што карты спрабуюць мне сказаць. Часам нібы глядзіш скрозь туман, і дакладны сэнс будзе па-сапраўднаму зразумелы толькі вам, а не мне! Ці разумееце вы гэта? 

Акрамя таго, экстрасэнс абавязкова пытаецца, ці быў кліент на падобных сеансах раней, і калі так, то як даўно. Гэта трэба для падстрахоўкі, каб выпадкова ня даць супярэчлівыя паказанні. 

Рытуалы — правераны часам спосаб абмежаваць звыклыя рэакцыі, так заглушаецца рацыянальнае мысленне. Менавіта таму рытуалы прысутнічаюць у кожнай рэлігіі і ваеннай арганізацыі. Чым больш часу ідзе на выкананне рытуалу, тым цяжэй вызваліць ад яго свядомасць. 

Яшчэ вельмі важна даць адчуць кліенту, што вы яго разумееце. У любой размове, калі чалавек гэта адчувае, ён перажывае збліжэнне і з’яўленне сувязі з вамі. Пагаджайцеся з ім, будзьце ў любым разе на ягоным баку. 

Тэмы

Халоднае (псіхічнае) чытанне складаецца з тэм — пра што кажа экстрасэнс, і элементаў — гэта фразы, якія ён пры гэтым прамаўляе. Практыкі халоднага чытання абапіраюцца на чатыры галоўныя тэмы: 

1. каханне, рамантыка і адносіны
2. грошы і матэрыяльныя даброты
3. кар'ера і новыя магчымасці
4. здароўе і дабрабыт.

Існуюць таксама тры менш значныя тэмы. Як правіла, яны менш значныя, але таксама могуць аказацца карыснымі: 

5. вандроўкі
6. адукацыя і развіццё
7. амбіцыі, надзеі і мары.

Гэтыя тэмы важныя для абсалютнай большасці кліентаў. 

Элементы 

Элементы — гэта тэхнікі, з якіх і складаецца халоднае чытанне. 38 такіх тэхнік я палічыў самымі эфектыўнымі. Ніжэй пяць з іх (астатнія — у кнізе). 

Вясёлкавая пастка 

Гэта такое сцверджанне, якое апісвае характар кліента адначасова з супрацьлеглых бакоў: 

— Вы можаце быць вельмі спагадлівым чалавекам, які чулліва рэагуе на патрэбы іншых людзей, але бываюць моманты, калі вы разумееце, што дзейнічаеце вельмі эгаістычна. 

Існуе вялікая колькасць варыяцый падобнага тыпу: адначасовая інтравертнасць і экстравертнасць, сарамлівасць і самаўпэўненасць, адказнасць і легкадумнасць. Тут ахопліваюцца супрацьлегласці, падобныя да вясёлкі, якая ўключае ў сябе ўсе колеры. 

Вясёлкавая пастка з'яўляецца вельмі распаўсюджаным элементам халоднага чытання. Яна стварае ўражанне праніклівасці і мае добры водгук ад большасці кліентаў. Але самае галоўнае, яна не дазваляе памыліцца. Любы чалавек часам бывае эмпатычны, а часам эгаістычны. Напрыклад: 

— Я б сказаў, што ў асноўным вы даволі ціхі і сціплы чалавек, але, калі спрыяе настрой, вы цалкам здольны стаць душой кампаніі. 

Сцверджанні ў стылі вясёлкавай пасткі вельмі бяспечныя, паколькі большасць рысаў характару не з'яўляюцца нязменнымі. Акрамя таго, іх немагчыма дакладна вымярыць. Вельмі малая колькасць людзей увесь час актыўныя ці пастаянна інтравертныя. У большасці з нас, у залежнасці ад абставінаў, праяўляюцца абедзве тэндэнцыі. 

Немагчымасць колькаснай ацэнкі і аспрэчвання з'яўляецца важным аспектам халоднага чытання.

Задаткі экстрасэнса 

Гэтае сцверджанне, якое адкрывае кліенту наяўнасць у яго звышнатуральнага дару: 

— Кожны з нас надзелены экстрасэнсорныі здольнасцямі, нават калі вы вельмі рацыянальны чалавек. І я бачу, што вы вельмі праніклівы і бачыце людзей наскрозь. Гэта як нейкае «шостае пачуццё», якое развітае ў вас мацней, чым у большасці людзей. Дзякуючы вашай здольнасці, у вас узнікае больш паразумення з жанчынамі, чым у многіх мужчын, і гэта прычына, верыце вы ў гэта ці не, з якой многія жанчыны лічаць вас вельмі прывабным. 

Выяўленне ў кліента «дару экстрасэнса» надзейны элемент халоднага чытання, ад якога ёсць відавочная карысць: умацаванне даверу да вас і да таго, што вы робіце. 

Трава зелянейшая 

Гэты элемент грунтуецца на тым, што ўсе мы часам задумляемся пра тыя жыццёвыя шляхі, па якіх не пайшлі. Існуе шмат прыкладаў такіх жыццёвых ростаняў, якія вызначаюць далейшы шлях. Офісны работнік, замкнёны і абмежаваны штодзённай руцінай, набывае цягу да разнастайнасці і зменлівасці. А гіперактыўны вандроўнік, які не затрымліваецца доўга на адным месцы, можа імкнуцца да стабільнасці і адпачынку ад аэрапортаў. 

Напрыклад, вы бачыце, што кліент яўна зрабіў паспяховую кар'еру. То можна сказаць: 

— Я бачу прыкметы матэрыяльнага поспеху і прафесійнага росту, якія адлюстроўваюць вашую напорыстасць і здольнасць дасягаць мэтаў. Аднак… ёсць і недахопы. Хоць вы і не прызнаеце гэтага адкрыта, я адчуваю, што вам не хапае хатняга, утульнага, больш спакойнага жыцця...

«Трава зелянейшая» гэта добры спосаб запаўніць непазбежныя паўзы, бо падобныя закіды можна расцягвацца да неверагодных памераў, бо метад дае шмат магчымасцяў для імправізацыі.

Эфект Барнума 

Гэта сцверджанні агульнага характару, з якімі большасць людзей пагодзіцца як з даволі дакладным апісаннем сябе. Вось некаторыя з іх: 

— Вы маеце вялікую патрэбу ў любові і павазе да вас людзей. 

— Вы схільныя адчуваць, што прапусцілі шмат магчымасцяў, і людзі далёка не заўсёды давяраюць вашым здольнасцям. 

— Некаторыя з вашых мэтаў маюць тэндэнцыю да нерэалістычнасці. 

— Вы маеце ўласнае меркаванне і рэдка прымаеце нешта на веру.

Я бачыў некалькі артыкулаў, дзе сцвярджалася, што халоднае чытанне складаецца ў асноўным са сцверджанняў Барнума. Гэта ня так. Сцвярджэнні Барнума могуць быць карыснымі як спосаб усталявання першапачатковых адносінаў між экстрасэнсам і кліентам, але яны занадта агульныя для чытанняў большай глыбіні і дэталізацыі.

Народная мудрасць 

Экстрасэнсы не цураюцца клішэ, таму шмат якія сцверджанні больш падобныя да народнай мудрасці. Напрыклад: 

— Пасля таго, як гэты год скончыцца, вам спатрэбіцца перапынак… Так, я ясна бачу, вы сутыкнецеся з гэтым, вам спатрэбіцца перазагрузіцца. 

— Нават калі поспех гарантаваны, усё адно вам трэба быць настойлівым. Памятайце, што самае доўгае падарожжа пачынаецца з першага кроку, і Рым не за дзень будаваўся. 

— Мы ўсе павінны час ад часу абмяркоўваць свае ідэі з сябрамі, зараз нават больш, чым калі-небудзь: адна галава добра, а дзве лепш. 

— Мэта можа прадугледжваць непрыемныя саступкі, але калі не надаваць ім вялікай увагі, можна дасягнуць большага, ці згодныя вы? 

— Галоўнае, не хвалявацца праз дробязі. Давайце будзем шчырымі, калі мінае час, мы азіраемся назад і разумеем, што шмат чаго, не было вартым нашай увагі.

Я ўпэўнены, што вы ацанілі хітрасць гэтых сцверджанняў.

Выхад з няёмкіх сітуацый 

Будуць такія моманты, калі вы робіце сцверджанне, з якім кліент настойліва не пагаджаецца. Калі такое адбываецца, экстрасэнс выкарыстоўвае адзін з метадаў, каб выбрацца з цяжкай сітуацыі, змякчыць абстаноўку і працягваць так, быццам нічога ня здарылася. Іншымі словамі, калі прадказанне трапляе ў кропку, экстрасэнс выйграе, калі не, ён усё адно выйграе. Ніжэй некалькі такіх метадаў. 

Працягвайце цікавіцца і не спяшайцеся

Гэта самы распаўсюджаны і надзейны з усіх метадаў. Ён здольны даць рады амаль любому адмоўнаму адказу. Напрыклад:

— …і я бачу імя Сара, чаму яно для вас такое важнае? 

— Ммм... Ня думаю. Не, ня ведаю такой.

Рэакцыя адмоўная! Але троху настойлівасці і кліент можа прыгадаць тое, пра што раней і ня думаў. Калі такое адбываецца, усё выглядае нібы экстрасэнс меў рацыю ад самага пачатку: 

— Вы ў гэтым дакладна ўпэўнены?

— Дакладна. Я ня думаю, што ведаю каго-небудзь з такім імём.

— Вы цалкам упэўнены ў гэтым?

— Ну, мне ніхто да галавы не прыходзіць...

— Вы сапраўды ўпэўнены, што ня ведаеце і ніколі ня ведалі НІКОГА з гэтым або падобным імём?

Такая настойлівасць можа выглядаць як ціск, але паводзіны і асоба экстрасэнса павінны зрабіць гэта цалкам прымальным. Акрамя таго, большасць людзей прыходзіць з упэўненасцю, што экстрасэнс добра ведае, пра што кажа, і яны вельмі пастараюцца адшукаць хоць нейкія пацверджанні вашым словам, якія стануць для іх дастатковымі. Калі ж кліент па-ранейшаму не паддаецца, вы можаце сказаць: 

— Добра, я тут разумею ня больш за вас. Я бачу імя «Сара», і адзінае, што я магу зрабіць, — перадаць гэта вам. Я не прашу вас падганяць нешта пад сябе, але я рэдка памыляюся на 100%. Не маглі б вы працягваць думаць пра гэта? Я ўпэўнены, што недзе тут ёсць сувязь, але, відавочна, гэта ня тое, што вы можаце зараз надзяліць сэнсам… 

Калі кліент, у рэшце рэшт, узгадае кагось з імём «Сара», экстрасэнс атрымлівае дадатковыя бонусы за глыбіню свайго бачання. Калі ж трыумфу не адбылося, экстрасэнс проста забывае пра гэты момант і больш яго ня згадвае. 

Я маю рацыю, але вы забыліся 

У выпадку, калі экстрасэнс яўна хібіць, можна ўсё спісаць на дрэнную памяць кліента. Напрыклад:

— Калі вы былі маладзейшы, я бачу няшчасны выпадак, звязаны з вадой. Вы нешта ўзгадваеце? 

Калі адказ станоўчы, то гэта 100% пападанне. Калі ж не, экстрасэнс кажа:

— Я адчуваю, што гэта адбылося даўно, калі вы былі вельмі малады. Вы можаце такога ня памятаць…

І ўсё. Калі патрапілі, тэму можна развіваць, у адваротным выпадку проста забыцца пра яе.

Я маю рацыю, але вы гэтага ня ведаеце 

Апеляцыя да таго, што кліент не валодае поўнай інфармацыяй. Напрыклад:

— Я бачу імя Марк. Яно што-небудзь для вас значыць?

Калі адказ станоўчы, вы пацэлілі. Калі не: 

— Я адчуваю, што гэты чалавек мае прафесійную сувязь з вашым мужам. Магчыма, вы яшчэ не знаёмыя з ім. 

У гэты момант я памыляюся, але хутка буду мець рацыю 

Хібная здагадка тлумачыцца тым, што праўда пакуль схаваная і стане вядомай пазней. Просты прыклад: 

— Я бачу вялікія літары J і T. Яны што-небудзь для вас значаць?

— Не, я так ня думаю.

— Вы цалкам упэўнены ў гэтым?

— Хммм… Так, упэўнены.

— Добра, тады будзьце напагатове, відзеж быў выразным, і гэтыя літары могуць з'явіцца вельмі хутка. 

Калі ж з літарамі атрымаецца ўгадаць, вы можаце не сумнявацца, што кліент будзе вельмі ўражаны.

Прэзентацыя

Халоднае чытанне — гэта больш, чым проста правільная падача інфармацыі. Прэзентацыя гэтай інфармацыі ў значнай ступені вызначае, наколькі паспяхова ўсё атрымаецца. Таму трэба датрымацца шэрагу ўмоў: 

Атмасфера даверу і шчырасці 

Працэс халоднага чытання адназначна працуе лепш, калі кліент досыць часта адказвае, рэагуе ды іншымі спосабамі дае зваротную сувязь. З гэтай прычыны экстрасэнс робіць усё магчымае, каб чытанне стала дыялогам. 

Экстрасэнс павінен быць добрым слухачом. Даючы магчымасць кліенту казаць шчыра, нават калі той ня ўпэўнены або блытана фармулюе думкі.

Некаторыя кліенты могуць размаўляць без упынку, што вельмі аблягчае працэс халоднага чытання. Аднак большасць кліентаў менш адкрытыя ў гэтым плане. Яны могуць быць сарамлівымі, асцярожнымі, стрыманымі па сваёй натуры або скептычна настроенымі.

Умова добрай зваротнай рэакцыі — гэта стварэнне спакойнай інтымнай абстаноўкі. Чым больш свабодна пачуваецца кліент, тым больш ён схільны паслабіць свае абарончыя механізмы.

Адкрытыя пытанні 

Важна задаваць як мага больш адкрытых пытанняў — такіх, на якія нельга адказаць «так» або «не». Просты прыклад закрытага пытання: 

— Ты цікавішся музыкай? 

Чалавек адкажа «так» або «не», і размова не атрымае развіцця, а экстрасэнсу давядзецца прыдумляць новыя пытанні. Але можна іначай:

— Раскажы, якая музыка табе падабаецца? 

Цяпер кліенту давядзецца думаць, што адказаць, і экстрасэнс атрымае важную інфармацыю з першых вуснаў. Толькі трэба загарнуць сваё пытанне ў загадку, каб яно не гучала як звычайнае выпытванне: 

— Я адчуваю, што музыка мае для вас вялікае значэнне. Якая музыка вам падабаецца?

Большасць людзей любіць музыку, таму верагоднасць памылкі будзе мінімальнай.

Уважлівасць 

Трэба ўважліва слухаць і назіраць за кліентам. Ягоныя міміка, жэсты, рухавая актыўнасць, лагічныя і інтанацыйныя акцэнты ў мове — калі быць уважлівым, большасць фраз кліента нясуць больш інфармацыі, чым проста словы. 

Экстрасэнс ня проста здагадваецца, а выказвае меркаванні, якія маюць пад сабой падставы. Гэтыя падставы кліент павінен падказваць сам. Чытанне пачынаецца з агульных здагадак і, па меры атрымання новай інфармацыі ад кліента, здагадкі становяцца больш дакладнымі. 

Спачуванне і эмпатыя

Падача інфармацыі вельмі важная. Адна справа проста заўважаць і паведамляць пра нешта. Зусім іншая — калі вы суперажываеце. Убачыўшы перад сабой «засмучанага» кліента, экстрасэнс імкнецца максімальна скапіяаваць ягоны стан, нібы сапраўды раздзяляе і прымае ягоны боль. Або наадварот, калі кліент у гуморы, чытанне праходзіць на пазітыве. 

Гэта патрабуе ад экстрасэнса артыстычнасці. Але не паказной, эмпатыя павінна быць вытанчанай, менавіта гэта робіць яе неверагодна эфектыўнай. 

Даем рады скептыкам

Большасць кліентаў даверлівыя, але часам экстрасэнс сутыкаецца з разумнымі і вельмі скептычнымі людзьмі.

Адзін з першых прыёмаў супраць такіх персанажаў — проста сказаць, што экстрасэнс нічога не сцвярджае і што кліент не абавязаны ў нешта верыць:

— Перш за ўсё, дазвольце сказаць, што я не патрабую прызнання карт Таро/астралогіі/хірамантыі. Усё, што я магу сказаць — мільёны людзей знайшлі гэта карысным, каб адкрыць для сябе новае разуменне некаторых жыццёвых падзей. Але ўсе мы розныя, і магчыма, Таро ня будзе працаваць у вашым выпадку. Усё, што я прашу, — гэта каб вы адкрылі свой розум і атрымалі задавальненне ад працэсу. 

У такім выпадку экстрасэнс прадухіляе любыя магчымыя спробы скептычнага супраціву. Экстрасэнс эфектыўна падсоўвае «кантракт», зручны толькі яму самому: «Вы плаціце мне, і я нічога не абяцаю ўзамен». Калі разглядаць такі «кантракт» з пункту гледжання кліентаў, правільным было бы стрэчнае пытанне: 

— Калі вы нічога не абяцаеце, за што ж я тады плачу?

Але ніхто яго не задае.

Іншы добры ход — хваліць асцярожнасць кліента і выказваць ухвалу ягонаму меркаванню пра непатрэбнасць рынку экстрасэнсарыкі. Сказаць, што вы таксама скептычна настроены і згодныя толькі з астралогіяй/хірамантыяй/спірытызмам, бо менавіта гэта працуе. Напрыклад:

— Я адчуваю здаровы скептыцызм у вас, і дазвольце сказаць, што я цалкам вітаю такі падыход. Паверце, няма больш скептычнага чалавека, чым я. Вы не разумееце, чаму вакол экстрасэнсорыкі так шмат шуму, і я з вамі згодны! Я думаю, вы маеце рацыю, застаючыся скептычным. Але паслухайце, адзіная прычына, чаму я стаў астролагам/хірамантам/спірытуалістам — гэта мае назіранні, якія паказалі, што астралогія/хірамантыя/спірытуалізм сапраўды працуе, і з гэтым згодныя мае кліенты. Гэта старажытная навука, і ў многіх выпадках рацыяналісты, як вы, атрымліваюць ад яе больш, чым нехта іншы. Дык што ж, пачнем...

Калі ніводзін з прыёмаў не спрацаваў, і ўсё ідзе дрэнна, застаецца спыніць сеанс, вярнуць грошы і перайсці да наступнага кліента: 

— Я вымушаны сказаць, што на дадзены момант хачу скончыць сеанс. Вы ясна далі зразумець свой скептыцызм, і хоць гэта вашая права, я шчыра лічу, што ён перашкаджае эфектыўнай кансультацыі. Экстрасэнсорная адчувальнасць вельмі тонка балансуецца і патрабуе гадоў, каб яе развіць. Вам не падабаецца гэты працэс, і я адчуваю, што вы блакуеце каналы, якія важныя для маёй працы, праз якія я спрабую вам дапамагчы. Сеанс скончаны.

Падсумаванне 

Па сутнасці, чытанне — гэта імправізацыя. Перад пачаткам чытання экстрасэнс можа толькі ўяўляць, што збіраецца сказаць. Імправізацыя можа здавацца рызыкоўным і ненадзейным заняткам, але пры ўмове дастатковага багажу ведаў і практычнага досведу яна працуе выдатна. 

Зрэшты, на практыцы вельмі мала чытанняў цалкам імправізаваныя. Кожны экстрасэнс рана ці позна пачынае выкарыстоўваць толькі некалькі ўлюбёных прыёмаў. Звычайна кліенты не заўважаюць, што экстрасэнс паўтараецца (але калі назіраць за ягонай працай працяглы час, гэта становіцца відавочным).

На пачатку сеансу я выкарыстоўваў у асноўным дзве схемы: 

Першая — гэта сумеснае стварэнне пазітыўнага разумення таго, што адбываецца. Я лічу, што лепш за ўсё гэтага можна дасягнуць праз «экстрасэнсорную веру».

Другая — калі кліент скептык або нешта падазрае, я рашуча адмаўляюся ад выкарыстання «веры» падчас сеансу і пераходжу да больш прыземленых рэчаў. Напрыклад, я магу сказаць, што экстрасэнсорнае чытанне падобнае да вывучэння псіхалагічных тыпаў і архетыпаў, або што яно ўяўляе сабой інтуітыўную арыентацыю і кансультаванне, дзе выбраны метад (карты Таро, хірамантыя, астралогія ці нешта іншае) — гэта толькі інструмент для дасягнення мэты. Увогуле, кажу што заўгодна, абы заслужыць давер.

У сваіх чытаннях я абапіраюся ў асноўным на прыём «вясёлкавай пасткі» і прынцып «трава зелянейшая». Таксама я стараюся адгадаць якія-небудзь асабістыя рэчы: імёны, лічбы і іншыя дэталі, каб уразіць кліента.

Калі чытанне ідзе поўным ходам, экстрасэнс атрымлівае вельмі шмат зваротнай сувязі ад кліента і гэта, безумоўна, дапамагае карэгэваць накірунак ягоных разважанняў.

Чалавечы розум выдатна дае рады незлічоным задачам, але бяссілы ў дакладным апісанні мінулага досведу. Сама па сабе памылковасць не праблема, праблемай з'яўляецца адсутнасць усведамлення магчымай памылковасці. Гэтым актыўна карыстаюцца экстрасэнсы, кажучы пра мінулае. 

Будучыня тым больш невядомая рэч, якая ў немалой ступені залежыць ад таго, што мы пра яе думаем. І гэта таксама на руку экстрасэнсам. 

Экстрасэнсы праводзяць свае чытанні пастаянна, але рэдка робяць больш за два для аднаго кліента. Такім чынам, на кожным сеансе ўвесь досвед на баку прадаўца містычных паслуг. 

 

© пераклад t.me/sceptic_club

 

Падобныя матэрыялы

Відэа

More Videos
Watch the video

Трэба ведаць

More Articles

Хома Сапіенс

More Articles

Медыя-карантын

More Articles

Крытычнае мысленне гэта інструмент — скальпіль, якім можна прэпараваць інфармацыю любога характару. Разабраць яе на складовыя, каб дакладна...

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі...

Большасць людзей хоча: мець простыя адказы на складаныя пытанні – падзяліць усё на дабро і зло; пачуць пацвярджэнне сваім стэрэатыпам; адчуваць прыналежнасць да вялікай...